Стасункі з Расеяй сталі адным з прыкметных пытаньняў дэбатаў кандыдатаў у віцэ-прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяў. Абодва кандыдаты заявілі пра неабходнасьць больш рашучага адказу з боку Злучаных Штатаў на дзеяньні Расеі, якія нясуць пагрозу міжнароднай бясьпецы.
І кандыдат Дэмакратычнай партыі сэнатар Цім Кейн, і кандыдат Рэспубліканскай партыі Майк Пэнс паспрабавалі выставіць дачыненьні ЗША з Расеяй як слабое месца апанэнтаў. Рэспубліканец Майк Пэнс пайшоў далей за дэмакрата Ціма Кейна ў крытыцы Ўладзіміра Пуціна, тлумачачы, што многія выказваньні Дональда Трампа пра Ўладзіміра Пуціна ўспрымаюцца няправільна. Ён заявіў, што менавіта пасьля палітыкі «перазагрузкі», адным з аўтараў якой была Гілары Клінтан, Уладзімір Пуцін пайшоў на анэксію Крыму, ўварваньне ва Ўкраіну і ўмяшаньне ў сырыйскі канфлікт на баку Асада. Агрэсіўны расейскі мядзьведзь, як выказаўся Кейн, ніколі не паміраў, ён толькі ўпадаў у сьпячку. Пэнс раскрытыкаваў адміністрацыю Барака Абамы і Гілары Клінтан за тое, што яны далі свабоду дзеяньняў Уладзіміру Пуціну. Ён так патлумачыў заяву Трампа пра тое, што Пуцін — моцны лідэр: «Калі мы бачым, як маленькі кіраўнік Расеі, які запалохвае сьвет, выглядае больш моцным на сусьветнай арэне, чым лідэр Амэрыкі, — гэта канстатацыя непрыемнага факту, а не ўхваленьне Ўладзіміра Пуціна Дональдам Трампам».
Кандыдат Рэспубліканскай партыі заявіў, што дзеля абароны мірнага насельніцтва ў Сырыі Злучаныя Штаты гатовыя заняць рашучую пазыцыю ажно да нанясеньня удараў па сырыйскіх урадавых войсках. На пытаньне пра тое, якім чынам Дональд Трамп даможацца павагі Крамля, Майк Пэнс адказаў адным словам: «Сіла».
Кандыдат Дэмакратычнай партыі Цім Кейн прадставіў Гілары Клінтан як разважлівага цьвёрдага лідэра, здольнага як супрацоўнічаць з Расеяй, у тым ліку ў перамовах аб скарачэньні ядзерных узбраеньняў, палітыцы «перазагрузкі», так і быць жорсткай, калі гэтага патрабуюць абставіны. Прывёўшы ў прыклад цесныя сувязі людзей з акружэньня Трампа з Расеяй і Ўкраінай, заявіўшы пра тое, што ў самога Трампа можа быць вялікі дзелавы інтарэс да Расеі, кандыдат у віцэ-прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі абвясьціў, што «амэрыканцы павінны адчуваць трывогу з нагоды таго, чые інтарэсы будзе абараняць Трамп — інтарэсы Амэрыкі ці свае ўласныя». У адказ на пытаньне пра тое, чаму не спрацавала палітыка «перазагрузкі», Цім Кейн адказаў коратка: «Уладзімір Пуцін. Уладзімір Пуцін — дыктатар. Ён ня лідэр. Тыя, хто думае па-іншаму, не знаёмыя з гісторыяй Расеі».