Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Касьцёлу пра расейскамоўную імшу ў Магілёве: «Няма ніякай русыфікацыі»


Юры Санько
Юры Санько

Расейскамоўная імша ў магілёўскім касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Станіслава выклікала неадназначную рэакцыю і розгалас у некаторых СМІ і сацыяльных сетках — маўляў, адбываецца русыфікацыя касьцёлу. Каталіцкі касьцёл у Беларусі абвяргае абвінавачваньні ў русыфікацыі.

2 кастрычніка ў Магілёве ўпершыню адбылася каталіцкая імша на расейскай мове. У катэдральны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Станіслава прыйшлі на яе 34 чалавекі.

Цягам некалькіх дзён у канцы беларускамоўных службаў сьвятары абвяшчалі, што ад нядзелі 2 кастрычніка пачнуцца службы па-расейску, і тлумачылі, што быў зварот ад вернікаў, якія папрасілі праводзіць такія службы, бо не разумеюць беларускай і польскай моваў.

Ксёндз па сувязях з грамадзкасьцю Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Юры Санько абвяргае такія абвінавачваньні. Ён паведаміў Радыё Свабода, што гэта адбылося выключна па просьбах мясцовых каталікоў:

«Біскуп ужо пракамэнтаваў гэту сытуацыю. У касьцёл зьвярнулася група вернікаў з просьбай праводзіць службы па-расейску, таму выканалі іх просьбу. Так што пайшлі насустрач вернікам.

Нічога дзіўнага тут няма. У Беларусі ж вядуцца службы і на іншых мовах, акрамя беларускай. У Менску вядуцца імшы на літоўскай мове, і ў Горадні таксама. Вядуцца імшы і па-ангельску, таксама ў Менску і Горадні. На мове жэстаў вядзецца сьвятая імша для глуханямых. Гэта нармальная справа, і трэба толькі радавацца, што парафіі разьвіваюцца, і прыслухоўваюцца да пажаданьняў вернікаў. Гэта нармальная справа. Зьвернемся да прыкладаў нашых бліжэйшых суседзяў. У Маскве ў касьцёле імшы вядуцца на васьмі мовах. Нават ва Ўкраіне ў касьцёлах ёсьць імшы на расейскай мове. У Літве дзейнічае беларуская парафія, і ніхто не перашкаджае маліцца на беларускай мове — у Вільні ёсьць касьцёл беларускі.

Я перакананы, што ні адна са шматлікіх канфэсіяў, якія ёсьць у Беларусі, так шмат не зрабіла для беларускай мовы, як касьцёл. Няма ніякай русыфікацыі, гэта надуманыя і беспадстаўныя перажываньні. Мне вельмі шкада, што ў СМІ і сацыяльных сетках пайшоў такі розгалас і камэнтары, што касьцёл русыфікуецца».

На наўпроставае пытаньне Радыё Свабода, ці няма пагрозы, што ў касьцёле стане менш службаў на беларускай мове, ксёндз Юры Санько адказаў так:

«Скажыце, калі ласка, а ў Магілёве адмянілася хоць адна беларуская сьвятая імша і замест яе стала расейскамоўная? Не! Нічога не зьмянілася. Колькасьць службаў на беларускай мове засталася ранейшай. Дадалася яшчэ адна — па-расейску. Ёсьць традыцыя, што колькасьць не памяншаецца, а наадварот, павялічваецца — службаў звычайна дадаецца. Так было і з імшамі на ангельскай, літоўскай мовах, мове жэстаў. Яны не зьмяняюць жыцьцё парафіі, а наадварот, узбагачаюць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG