Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх турмах дагэтуль жывуць па сталінскіх правілах


У турме Жодзіна, не дачакаўшыся прысуду, памёр падазраваны ў зьбіцьці міліцыянтаў Ігар Барбашынскі. У Менску працягваецца судовы працэс па справе сьмерці на «Валадарцы» ў 2013 годзе менчука Ігара Пцічкіна.

Ці ўдасца беларускім уладам спыніць хвалю трагічных сьмерцяў у беларускіх турмах?

Алег Грузьдзіловіч: Учора прайшла навіна пра тое, што ў Жодзінскай турме здарылася чарговая загадкавая сьмерць — там памёр вязень Ігар Барбашынскі.

Ён быў затрыманы разам з братам з прычыны п’янкі, потым яго зьбілі міліцыянты ў выцьвярэзьніку, нават там яму зламалі рэбры — гэта са словаў сваякоў і зь ягонай інфармацыі. Але калі пачаў скардзіцца, дык супраць яго ж завялі справу нібыта за зьбіцьцё міліцыянтаў — даволі тыповы для Беларусі паварот. Некалькі месяцаў ішлі суды, і вось учора стала вядома, што ў Жодзінскай турме гэты вязень памёр.

Гэтая навіна да мяне трапіла, каля я сядзеў на судзе па справе аб сьмерці Ігара Пцічкіна. Нагадаю, тры гады таму ў Менскім сьледчым ізалятары № 1 на вуліцы Валадарскага гэтак жа нечакана, бо напярэдадні чалавек быў цалкам здаровы, памёр вязень, малады мянчук Ігар Пцічкін. Гэтымі днямі ў Маскоўскім судзе ідзе працэс — судзяць фэльчара «Валадаркі», які, паводле сьледзтва, не аказаў патрэбнай дапамогі Пцічкіну, калі таму стала блага. Хоць суд не асабліва разьбіраецца ў тым, а чаму стала блага, ці ня зьбілі Пцічкіна — гэта не ўваходзіць у прадмет разбору — але сам факт, што такая справа была заведзеная і дайшла да суду, быў для мяне ўсё ж паказальны.

І раптам, паўтаруся, прыйшлі зьвесткі пра яшчэ адну падобную загадкавую сьмерць у СІЗА, а Жодзінская турма — гэта фактычна і СІЗА.

Тады я згадваю, што на пачатку году ў тым жа Жодзінскім СІЗА скончыў жыцьцё самагубствам — гэтак пастанавіла афіцыйная праверка — малады хлопец з Салігорску Ягор Пратасеня. Яго асудзілі за распаўсюд наркотыкаў, але ён гэта адмаўляў, казаў, што справу сфабрыкавалі, што яго катавалі сьледчыя, а потым у турме зь яго зьдзекаваліся ахоўнікі, і вынікала, што давялі да самагубства. Але справу так і не завялі, хлопец памёр, і кропка.

Можна згадаць таксама і пра ранейшы выпадак у той жа Жодзінскай турме — загадкавая сьмерць там вязьня Багданава нібыта ад сардэчнай недастатковасьці. А сваякі таксама кажуць пра катаваньні.

Амаль за год — тры сьмерці ў адной установе.

То бок амаль за год — тры сьмерці ў адной установе, і ўсе загадкавыя. І пра што гэта кажа? Якая сытуацыя ва ўсёй краіне ў турмах і ці зьбіраюцца ўлады яе выпраўляць, ці здольныя яны ўвогуле нешта зрабіць, каб спыніць гэтую трагічную хвалю?

Адразу агаваруся, што гэта мая асабістая ацэнка, бо нават праваабаронцы ўстрымліваюцца ад абагульненьняў, спасылаючыся на адсутнасьць афіцыйнай статыстыкі сьмерцяў у беларускай пэнітэнцыярнай сыстэме.

Адмыслова цікавіўся меркаваньнем на гэты конт праваабаронцы зь «Вясны», былога адваката Паўла Сапелкі. Дык ён сказаў, што статыстыкі, на якую магчыма пэўна абапірацца, няма, яе закрылі, не паказваюць. І таму немагчыма ацэньваць сытуацыю і казаць пра трэнды — сытуацыя пагаршаецца ці выпраўляецца. Але праваабаронцы ў адзін голас кажуць пра закрытасьць сыстэмы і пра тое, што гэта прыкмета хутчэй дрэннага становішча.

Павал Сапелка яшчэ распавёў такую гісторыю: паводле дадзеных «Вясны», нядаўна ў калёніі ў Навасадах, гэта пад Барысавам, было адразу 4 сьмяротныя выпадкі суіцыду, але праваабаронцам Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў адмовіў у зьвестках, так гэта ці не. Напісалі, што гэтая інфармацыя цалкам абмежаваная. Таму праваабаронцы ўстрымліваюцца ад абагульненьняў і высноваў.

Нават калі будзе вядомая дакладная лічба, гэта мала скажа пра рэальныя праблемы.

Але, як мне бачыцца, сытуацыя пагаршаецца, калі глядзець паводле фактаў у той жа Жодзінскай турме — тры выпадкі за год. Магчыма, па краіне такіх выпадкаў нават дзясяткі. Хоць, вядома, можна пагадзіцца і зь меркаваньнем, што нават калі будзе вядомая дакладная лічба, гэта мала скажа пра рэальныя праблемы, бо немагчыма проста мэханічна параўнаць сьмяротнасьць у турме са сьмяротнасьцю на волі. Сапраўды, там іншыя ўмовы, там іншыя людзі. З гэтым можна пагадзіцца.

І ўсё ж, як чалавек, які ўжо шмат гадоў цікавіцца сытуацыяй у беларускіх турмах, вывучае яе, аналізуе, сустракаецца зь людзьмі, якія там пабывалі, скажу пра тое, што, на маю думку, найперш уплывае на гэтую сьмяротнасьць, і пра тое, ці зьмяняецца сытуацыя. Па-першае, гэта недасканалая сыстэма мэдычнай дапамогі. А шмат дзе ў турмах фактычна няма дастатковых умоваў для дыспансэрызацыі, дрэннае лячэньне ВІЧ-інфіцыраваных, хворых на сухоты, хворых на сэрца, амаль паўсюль не хапае сучаснага абсталяваньня і лекаў. Калі гэтыя недахопы накласьці на асаблівасьці кантынгенту — а там людзі часта хворыя, з наступствамі нездаровага ладу жыцьця — дык высокія паказчыкі сьмяротнасьці ўжо ня дзіва.

Ёсьць і другі фактар — гэта парадкі ў турмах, даволі высокая колькасьць інцыдэнтаў, боек, канфліктаў.

І нарэшце — а на маю думку, гэта асноўны фактар, які істотна ўплывае на ўзровень сьмяротнасьці, — абыходжаньне зь вязьнямі: вельмі жорсткае, мала ў чым зьмененае са сталінскіх часоў.

Ці мяняецца што ў лепшы бок за апошні час, ці робіць нешта ўлада, каб зьмяніць дрэнную сытуацыю?

Першы фактар — мэдычнае абслугоўваньне — зьмяніць хутка немагчыма, бо тут шмат што залежыць ад наяўнасьці памяшканьняў, фінансавых сродкаў, абсталяваньня, падрыхтаваных кадраў. Але нешта было ўсё ж зроблена ў параўнаньні з савецкім часам. Вось нядаўна праваабарончая арганізацыя «Рэгіён-119», былая «Плятформа інавэйшн» — адзіная, якая атрымала дазвол рэгулярна наведваць месцы зьняволеньня — праводзіла абсьледаваньні калёніяў і паведамляла пра нядрэнныя ўмовы ў шэрагу ўстаноў, казала пра паляпшэньні.

Дастаткова згадаць расповеды былога палітвязьня Мікалая Аўтуховіча, які некалькі гадоў у зьняволеньні ня мог зубы вылечыць, ня тое што пралячыцца ад цяжкіх хранічных захворваньняў.

Магчыма. Хоць калі паслухаць людзей, якія не наведвалі турму, а ў ёй сядзелі, дык уражаньні будуць зусім іншыя. Дастаткова згадаць расповеды былога палітвязьня Мікалая Аўтуховіча, які некалькі гадоў у зьняволеньні ня мог зубы вылечыць, ня тое што пралячыцца ад цяжкіх хранічных захворваньняў. Але, магчыма, і сапраўды стала больш месцаў у лякарнях, больш лекаў, больш карыснага абсталяваньня. Але нават гэта не змагло палепшыць статыстыку сьмяротнасьці. Бо, паводле дадзеных «Рэгіёну-119», які кажа, што скарыстаў закрытыя дадзеныя МУС, у 2015 годзе ў месцах пазбаўленьня волі памерла 8 чалавек, а годам раней было 7. Праўда, у 2013-м было 9 сьмерцяў, а яшчэ раней 7. То бок насамрэч стан рэчаў не пагаршаецца, але і не паляпшаецца. Прычым спраўдзіць гэтыя зьвесткі празь іншыя крыніцы немагчыма, бо ў вольным доступе іх няма, і гэта праблема таксама.

Другі фактар — унутраныя турэмныя парадкі, адносіны паміж вязьнямі, часта канфліктныя. Але гэтыя парадкі таксама марудна мяняюцца, тым больш што ў гэтым адміністрацыя ня надта і зацікаўленая. Ахоўнікаў задавальняе, што ў камэры, у атрадзе сядзяць «аўтарытэты», якія дыктуюць свае правілы, свае паводзіны, і ламаць гэта нікому ня трэба.

А вось на трэці фактар — стаўленьне да вязьняў з боку ахоўнікаў, адміністрацыі, прэсінг ці звышпрэсінг — на гэта звонку можна паўплываць, і, як мне падаецца, улады апошнім часам спрабуюць нешта тут зьмяніць да лепшага.

Але робяць гэта вельмі нясьмела. Кажу гэтак менавіта на прыкладзе працэсу па справе Ігара Пцічкіна. Бо амаль 2 гады ўлады рашуча спынялі ўсякія спробы «раскруціць» гэтую гісторыю. Мы памятаем, як нават давалі адміністрацыйныя арышты актывістам і праваабаронцам, якія выходзілі да муроў «Валадаркі» на акцыі памяці. Памятаем і тое, як шмат разоў адмаўлялі ў завядзеньні справы. І раптам пасьля шэрагу новых гучных скандалаў, з тым жа самагубствам хлопца ў Жодзінскай турме, нечакана перадумалі і адправілі справу па Пцічкіну ў суд.

Прысуд будзе паказчыкам сур’ёзнасьці намераў уладаў стрымаць свавольства праваахоўнікаў.

Таму паглядзім, які будзе прысуд фэльчару Крылову. Прызнаюць яго вінаватым ці не, дадуць умоўны тэрмін ці рэальны? А фактычна яму пагражае 5 гадоў калёніі. Для мяне ўсё ж прысуд будзе паказчыкам сур’ёзнасьці намераў уладаў стрымаць свавольства праваахоўнікаў — ці таго, што гэтыя намеры — імітацыя.

Але нават пры самым жорсткім прысудзе Крылову адзначу, што сям’я Пцічкіных пакуль так і не дамаглася галоўнага — суду над ахоўнікамі, якія, паводле Пцічкіных, маглі зьбіць да сьмерці Ігара Пцічкіна. Тут у завядзеньні справы ім упарта адмаўляюць. На гэтым рубяжы беларуская дзяржава пакуль стаіць непахісна і яшчэ ніводнага з праваахоўнікаў, які незаконна падняў руку на вязьня, не здала.

Дзьмітры Гурневіч: Ня ўдасца беларускім уладам спыніць хвалю трагічных сьмерцяў у турмах. Бо гэта ня толькі беларуская праблема. Самагубствы ў турмах адбываюцца па ўсім сьвеце. Паводле Сусьветнай арганізацыі здароўя, штохвіліну ў сьвеце адзін чалавек зьдзяйсьняе суіцыд. Кожны шосты зь іх — у турме. За некаторыя прычыны суіцыду адказвае не ўлада. Гэта часта рэакцыя замены свабоды на несвабоду. Калі б у беларускіх турмах было шмат псыхолягаў, якія б працавалі з вязьнямі, то сытуацыя, магчыма, была б іншай. Ад людзей, якія былі ў турмах, я ведаю, што ані разу за некалькі гадоў яны не мелі дачыненьня з такім спэцыялістам. А як інакш можна вылечыць дэпрэсію ці стрэс?

Вельмі часта гэтыя выпадкі сьведчаць пра датычнасьць да сьмерці людзей, якія павінны ахоўваць правапарадак.

Іншая справа — сьмерць Пцічкіна альбо Барбашынскага. Гартаючы старыя газэты альбо інтэрнэт, можна сустрэць процьму такіх выпадкаў. Тое самае зь дзіўнымі сьмерцямі ў міліцэйскіх пастарунках, калі чалавек, умоўна, спачатку страляў сабе ў галаву, а потым вешаўся. Вельмі часта гэтыя выпадкі сьведчаць пра датычнасьць да сьмерці людзей, якія павінны ахоўваць правапарадак. Я аднойчы меў дачыненьне з арыштам і зьняволеньнем на Акрэсьціна і скажу, што шмат людзей, якія працуюць у такіх месцах — маюць садысцкія схільнасьці. Аднаго маладога чалавека, пасьля зьбіцьця ў аўтобусе, выкінулі на вуліцу. А з гэтым чалавекам, што заўгодна там магло б стацца — сэрца спыніцца ці яшчэ нешта. Узгадайце выпадак доктара Сірэнкі, які здаў напаўжывога Някляева КДБ.

Калі б у турмах да людзей быў іншы падыход, то і эфэкт быў бы іншы. Але наша дзяржава хоча пастаянна палохаць. Яна забівае злачынцаў, каб паказваць грамадзтву, што забіваць нельга. Я маю на ўвазе сьмяротнае пакараньне. Там перакананыя, што запалохваньне і насільле перавыхае. Але чаканага выніку на жаль няма.

Віталь Цыганкоў: Цыганкоў: Варта разьмежаваць агульны падыход дзяржавы, саму філязофію беларускай сыстэмы пакараньня і інтарэсы асобных структураў і чыноўнікаў. З пункту гледжаньня гэтых інтарэсаў сьмерць вязьня рэч непатрэбная, неардынарная і дастаткова рэдкія. Яна псуе статыстыку. Гэта праблема, скандал, надзвычайная зьява, якую адміністрацыя відавочна баіцца і імкнецца пазьбягаць. Дзяржава відавочна імкнецца паменшыць гэтую лічбу, бо статыстыка — гэта самае важнае для ацэнак дзейнасьці чыноўнікаў.

Уся сыстэма накіравана на тое, каб прынізіць, стварыць нялюдзкія ўмовы для існаваньня.

Але гэта не павінна засланяць самую галоўную праблему — ганебная і антыправавая бяспраўнасьць зьняволеных і бесчалавечныя ўмовы знаходжаньня ў турмах. А таксама стаўленьне да зьняволеных з боку супрацоўнікаў гэтых структураў, якое дагэтуль застаецца негуманным. Перш за ўсё трэба казаць пра неабходнасьць даўно сасьпелай радыкальнай рэформы усёй пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі.
Дагэтуль стаўленьне да зьняволеных працуе не на выпраўленьне, а выключна на пакараньне людзей. Уся сыстэма накіравана на тое, каб прынізіць, стварыць нялюдзкія ўмовы для існаваньня. У выніку нават людзі, якія трапляюць за краты за нейкае дробнае злачынства, пасьля знаходжаньня ў турме не выпраўляюцца, а наадварот, становяцца зацятымі крымінальнікамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG