Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прымусовая адоранасьць, або чаму беларусам ня трэба нармальныя дзеці


Юлія Шарова, музычны кіраўнік ў адным зь дзіцячых садкоў Менску.
Юлія Шарова, музычны кіраўнік ў адным зь дзіцячых садкоў Менску.

Нармальных малых прымушаюць быць адоранымі, а вундэркіндаў — апускацца на панурай нормы.

Мая маці была жанчынай, не пазбаўленай здаровага іранічнага стаўленьня да навакольнай савецкай рэчаіснасьці, але ж мела свае пункцікі. Адным з такіх пункцікаў была адукацыя. Ніколі не забуду, як мяне, трохгадовую, спрабавалі навучыць чытаць, каб падрыхтаваць да савецкай школы.

Вучэньне не ішло. Я не разумела, як асобныя літары ўтвараюць склады і мая някемлівасьць даводзіла маму да адчаю. У чатыры гады нічога не зьмянілася. У пяць таксама. Хіба толькі маці ўсё болей драматызавала мае няўдачы і лямантавала, што я буду ганьбіць яе, сярэбраную мэдалістку. Марна. Хатнія ўрокі заканчваліся маёй гістэрыкай і саматужныя спробы раньняга разьвіцьця спыняліся да наступнага разу.

У шэсьць з паловай гадоў мяне, недарэку, аддалі ў гэтак званую «нулёўку» — я была яшчэ з таго пакаленьня, якое пачынала вучыцца па дзесяцігадовай школьнай праграме, і на маіх аднагодках тэставалі аналяг цяперашняга першага кляса. Дык вось, на другім занятку па разьвіцьці маўленьня я раптам зачытала па складах без цудадзейных мэтодык і прымусу. У далейшым я можа і ганьбіла маці па некаторых дысцыплінах, але па мовах увесь час была сярод найлепшых вучняў.

Пераважная большасьць дзяцей з нармальным інтэлектам высьпявае да чытаньня не раней за пяць гадоў, а ў шэсьць-сем гадоў авалодвае гэтым навыкам лёгка і нязмушана.

Калі я стала дарослай, пачала вывучаць псыхалёгію ва ўнівэрсытэце і працаваць з дашкольнікамі, дык даведалася пра ўзроставыя нормы маўленчага разьвіцьця. Аказалася, што пераважная большасьць дзяцей з нармальным інтэлектам высьпявае да чытаньня не раней за пяць гадоў, а ў шэсьць-сем гадоў авалодвае гэтым навыкам лёгка і нязмушана. Гэта вядомая ісьціна, і таму, напрыклад, у большасьці эўрапейскіх краінаў няма патрабаваньня, каб вучань паступаў у школу з навыкам чытаньня.

Але тое Эўропа, дзе сыстэма сярэдняй адукацыі ўлічвае ўзроставыя і індывідуальныя асаблівасьці разьвіцьця вучняў і не спрабуе паскорыць тое, што само ў свой час сасьпее. А мы — усё той самы Савецкі Саюз, і праблема наша ня ў строгіх «вучылках», а ў непрыманьні самой ідэі спакойнага, натуральнага разьвіцьця і карэкцыі таго, што ўсё ж не ўпісалася ў норму. Нам не патрэбная норма ні ў якім выглядзе.

У савецкай адукацыі жывую, сапраўдную норму не любілі.

У савецкай адукацыі жывую, сапраўдную норму не любілі, таму дзяцей ці ня зь ясельнай групы садка прывучалі быць ціхімі, маўклівымі і маларухавымі, не задаваць лішніх пытаньняў і цярпець самадурства дарослых. Яшчэ болей там не любілі ўсё, што сапраўды выходзіла па-за межы нормы.

Зрэшты, дзецям з адставаньнем і адхіленьнямі адносна шанцавала — савецкая дэфэкталёгія была зусім някепскай. Іншая рэч — стаўленьне да людзей з разумовай недастатковасьцю. А вось тым, хто перавышаў норму і мог, напрыклад, у два-тры гады пачаць чытаць, у савецкай адукацыі жылося нявесела. Фэномэн адоранасьці, як вядома, у СССР не вывучалі — усе савецкія дзеці мусілі быць роўнымі ў сваёй пасрэднасьці і зручнасьці для кіраваньня.

Якраз у канцы 1980-х гадоў, калі я пачынала вучыцца, нарэшце зьявіліся ідэі, што адораныя дзеці маюць права на існаваньне і ім трэба дапамагаць. Але савецкія людзі ўключылі іншую лёгіку: нашы дзеці ўсе павінны быць адоранымі. Адсюль і хатнія ўрокі чытаньня з крыкамі і гістэрыкамі. Дык мне яшчэ пашанцавала — па мне, прынамсі, дзяга не гуляла.

«Мяне прымушалі, дык я вось хачу, каб яна загадзя прывыкла», — такое я чула на ўласныя вушы.

Дзяўчынкі і хлопчыкі, па якіх дзяга прагулялася, цяпер самі сталі мамамі і татамі, але навязьлівая ідэя «дагнаць і перагнаць норму» выяўляецца і ў іх таксама. Не, яны не лупцуюць сваіх дзяцей, якія ня хочуць чытаць і ня могуць зрабіць нешта прыгожае з плястыліну — лупцаваць шкодна, гэта ўсё савецкая школа, мавэтон і парушэньне правоў дзіцяці. Затое яны гатовыя выкладваць грошы на цэнтры раньняга разьвіцьця і шматлікіх спэцыялістаў, пакліканых зрабіць геніяў зь іх нашчадкаў. Яны пытаюцца ў пэдагогаў у дзіцячым садку, чаму двухгадовыя дзеці не дэклямуюць вершы ў пяць слупкоў на навагоднім ранішніку і ці ня варта набыць ім фартэпіяна. «Мяне прымушалі, дык я вось хачу, каб яна загадзя прывыкла», — такое я чула на ўласныя вушы.

У прыстойную гімназію (а што такое прыстойная гімназія ў цяперашняй Беларусі?) не бяруць дзяцей, калі яны ня ўмеюць чытаць, або маюць лягапэдычны дыягназ, прычым гаворка нават не пра цяжкія выпадкі парушэньня маўленьня. Лягапэд у нас не памрэ галоднай сьмерцю — ужо ў тры гады дзіця палохае бацькоў няправільнай артыкуляцыяй і яны абзвоньваюць спэцыялістаў па абвестках.

Пэўная рацыя ў гэтым ёсьць: добрае маўленьне — прыкмета высокага вэрбальнага інтэлекту, які лічыцца асновай для пасьпяховага навучаньня, а праграма гімназіяў не разьлічаная на дзяцей зь сярэднімі здольнасьцямі. Але спытаем сябе — колькі гімназістаў-першакляснікаў сапраўды адораныя, а не вымуштраваныя? І што чакае неардынарных дзяцей з ад прыроды высокім інтэлектам, апроч прапановы скокнуць празь некалькі клясаў?

Нармальных малых прымушаюць быць адоранымі, а вундэркіндаў — апускацца на панурай нормы.

Нармальных малых прымушаюць быць адоранымі, а вундэркіндаў — апускацца на панурай нормы. Дарэчы, дзеці з аўтызмам могуць вельмі рана навучыцца чытаць і пісаць, бо камунікацыя праз маўленьне для іх непрымальная. Дзеці з парушэньнямі маўленьня бываюць здольнымі да матэматыкі і маляваньня. Дзеці з выключнымі талентамі ў мастацтвах могуць мець інтэлект ніжэйшы за норму.

Зь іншага боку, сярод дзяцей стала болей сапраўдных паталёгіяў, якія бацькі таксама ігнаруюць. "Я так баюся задушыць у ім вось гэтае!«— кажа маці, малы сын якой гістэрыкамі і бойкамі тэрарызуе ўсю групу ў садку. Распарадак? Межы? Апэляцыі да сумленьня і развіцьцё эмпатыі? Распарадкам нас душылі ў савецкай школе, а мы цяпер гадуем свабодную асобу.

Чалавечы інтэлект так уладкаваны — ён разьвіваецца і расьце толькі на тых задачах, якія выклікаюць у яго невялікія складанасьці і дазваляюць прасоўвацца далей крок за крокам. Калі пераскочыць празь некалькі этапаў і даць занадта цяжкую задачу, гэта выкліча стрэс і прывядзе да дэградацыі.

Беларускія дзеці ўжо ўмеюць чытаць да школы, а ў садку іх прымушаюць рабіць фанэтычны разбор словаў, але пры гэтым узровень ведаў у сярэдніх і старэйшых клясах падае з году ў год. Падазраю, што праблема ня толькі ў кепскіх настаўніках, але ва ўсеагульных савецкіх устаноўках пра «дагнаць і перагнаць».

Сапраўдная адоранасьць, як ні банальна, выяўляецца сама сабой, і каб гэта адбылося, дастаткова проста назіраць за дзіцем, яго упадабаньнямі і схільнасьцямі. Варта рабіць спробы разварушыць дзіцячы розум, але не выціскаць сокі з нясьпелага плода. Урэшце, для таго, каб стаць добрым праграмістам, не абавязкова быць геніем матэматыкі, а для дызайнэра ня трэба таленту жывапісца. Калі мы прызнаем правы «нормы», геніям таксама будзе лягчэй жыць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG