Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Анісім і Ганна Канапацкая.
Алена Анісім і Ганна Канапацкая.

Па выніках выбараў дэпутатамі сталі Канапацкая з АГП і Анісім з ТБМ

Упершыню з 2004 года ў беларускім парлямэнце будуць апазыцыйныя дэпутаты: Ганна Канапацкая з АГП і Алена Анісім з ТБМ. Гэта стала вядома па выніках выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 11 верасьня. Усяго абрана 110 дэпутатаў, абсалютная большасьць ляяльныя да ўлады.

За выбарамі назіралі 827 міжнародных назіральнікаў — ад СНД, БДІПЧ АБСЭ, Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, дыпляматычнага корпусу, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

20:54 11.9.2016
Як лічаць галасы на ўчастку 347
Як лічаць галасы на ўчастку 347

21:12 11.9.2016

Давераную асобу Цярэшчанкі выгналі з участку

Удзельнік прэзыдэнцкай кампаніі Віктар Цярэшчанка сёлета балятуецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Старавіленскай выбарчай акрузе ў Менску.

Ён паведаміў Свабодзе, што сёньня ягоную давераную асобу выгналі з выбарчага ўчастку:

«Гэта здарылася зь Яўгенам Жумаджыкавым. Ён падышоў да старшыні ўчастковай камісіі ў Весьнянцы і папрасіў удакладніць агульную колькасьць выбарнікаў на ўчастку. Ніякай таямніцы ў гэтым няма. Наадварот, паводле заканадаўства, гэтую лічбу наагул павінны вывешваць на ўчастку. Старшыня яму нічога не адказаў, спаслаўшыся на занятасьць.

Праз 15 хвілін Яўген пабачыў, што старшыня ўчастковай камісіі нічым не займаецца, і зноў зьвярнуўся да яго з тым жа пытаньнем. У адказ пачуў, што ён перашкаджае працы камісіі. Яўгена выдалілі з участку. Такое самае адбылося сёньня яшчэ з адным маім актывістам».

21:21 11.9.2016

Назіральнікі назіраюць, што могуць. Некаторыя паведамляюць, што бюлетэні пасьля падліку цяпер раскладаюць не па асобных стосах у адпаведнасьці з тым, за каго там голас, а ў адзін стос «падлічаных».

21:31 11.9.2016

Замежным назіральнікам паказваюць тое ж, што і беларускім:

21:37 11.9.2016

Цяпер усё зразумела

«Яшчэ ня вечар. Я ня ведаю, што будзе потым. Я думаю, што я сілкуюся вашай энэргіяй, як вампір», — адказала Лідзія Ярмошына на пытаньне журналіста аб тым, адкуль бярэ столькі сілаў.

Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

21:38 11.9.2016

У Гомелі на выбары заваблівалі кашамі і бясплатным замерам ціску крыві

21:40 11.9.2016

Трусаў: «У Менску страшэнная праблема зь яўкай»

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня, цяпер балятуецца ў Палату прадстаўнікоў шостага скліканьня.

Ён сказаў Свабодзе, што пакуль ня мае нават неафіцыйных дадзеных пра вынікі галасаваньня ў ягонай акрузе:

«Усё ж у нашай акрузе сем кандыдатаў. Гэта ня тры-чатыры, як у бальшыні іншых. Таму мяркую, што ў нас бюлетэні будуць лічыць даўжэй.

Я сёньня абышоў шмат участкаў. Пагутарыў са старшынямі і сябрамі камісіяў, выбарнікамі. Канечне, праблема яўкі ў Менску катастрафічная. Я і раней казаў, і сёньня пераканаўся ў гэтым — у маёй акрузе, калі б не датэрміновае галасаваньне, 50% яўкі не было б. Гэта выразна бачна.

А ў іншых менскіх акругах яшчэ горш. Я ўсё ж вялікую працу зрабіў. Людзі ішлі за мяне галасаваць. Я зь імі размаўляў, і яны мне казалі пра гэта».

21:49 11.9.2016

Яўку па Беларусі старшыня ЦВК Ярмошына абазначыла як 67,7 працэнтаў і сказала, што спадзяецца ў 24:00 паведаміць пра вынікі выбараў па большасьці з 110 акругаў.

22:09 11.9.2016

Назіральнік кампаніі «Права выбару» Сяргей Казлоўскі заяўляе, што 11 верасьня з 11 да 13 гадзіны на Свіслацкай выбарчай акрузе № 94 назіралася небывалая актыўнасьць «карусэльшчыкаў».

Жанчыны, пераважна настаўніцы, курсіравалі групамі па 6–8 чалавек паміж школай № 129 (участкі № 106 і № 107), гімназіяй № 28 (участкі №№ 108–110), школай № 123 (участкі №№ 111–113). Каля школ жанчыны дзяліліся на групы па двое і ішлі галасаваць. Бюлетэні атрымлівалі ў сябраў камісіяў з таго боку стала, што далей ад назіральнікаў.

Крыху пазьней назіральнікі «Права выбару-2016» зафіксавалі тых жа жанчын на другім баку Серабранкі — каля сярэдняй школы № 134, дзе ўчасткі №№ 124–126.

«Да 11 гадзіны на ўчастках галасавала па 30–40 чалавек, а з 11 раніцы да 13 гадзіны, калі запусьцілі карусэль, на ўчастках дадалося недзе па сотні галасоў. А ў 15:00 на ўчастках, нягледзячы на тое, што тут гучаць песьні, наліваюць сьпіртное, выязны гандаль — людзей амаль няма», — цытуе Сяргея Казлоўскага прэс-служба кампаніі «Права выбару».

22:16 11.9.2016

Ярмошына: «Лічыцца, што кандыдатам у дэпутаты можа стаць любы дурань»

22:33 11.9.2016

Падлік галасоў на 347-м участку

22:33 11.9.2016

Будзе дэпутат ад АГП?

Па зьвестках назіральніка Ягора Бурбо, на адным з участкаў 97-й акругі перамагае кандыдатка ад АГП Ганна Канапацкая. Сьледам за ёй начальнік станцыі «Менск-Пасажырскі» Аляксандар Дрожжа, якога незалежныя СМІ называлі верагодным пераможцам. А на трэцім месцы — кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах-2015 Тацяна Караткевіч («Гавары Праўду»).

Заўважым, што гэта толькі адзін участак з акругі — гэта яшчэ ня значыць перамогу.

22:45 11.9.2016

Выбары адбыліся, яўка склала 74,32% — ЦВК

Паводле зьвестак ЦВК на 22:30, яўка на выбарах у Палату прадстаўнікоў склала 74,32%. Найбольшая яўка паводле ЦВК назіралася ў Магілёўскай вобласьці (80,9%), найменшая — у Менску (61,11%), а за межамі Беларусі прагаласавала 66,12%.

Лічбы яўкі практычна не зьмяніліся з мінулых выбараў: у 2012 годзе яўка складала 74,3% (59,2% у Менску). Блізкія лічбы былі і ў 2008 годзе, калі яўка склала 76,7%.

22:52 11.9.2016

Лябедзьку выдалілі з выбарчага ўчастку

Старшыню АГП Анатоля Лябедзькі, які зьяўляецца даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Вольгі Маёрава па Ўсходняй выбарчай акрузе № 107, выдалілі з выбарчага ўчастку № 598. «Ён ня вытрымаў нахабства камісіі, якая адмаўлялася паказваць тоўсьценькую пачку «супраць усіх», кажучы, што там тры бюлетэні. «А дайце я сам пагляджу, — адсунуў стол лідэр АГП і накіраваўся да камісіі. — Стаяць, анямелі, рукі дрыжаць, іх трасе...», — цытуе Лябедзьку прэс-служба АГП.

23:05 11.9.2016

Навасяд зьдзіўлены: дыплямат Варанецкі стаў дэпутатам пры 35%-й яўцы?

Неафіцыйнай інфармацыяй са Свабодай падзяліўся кандыдат па Сьвіслацкай акрузе ў Менску Ўладзімер Навасяд:

«У мяне ёсьць неафіцыйныя дадзеныя. Гэта тое, што сабралі мае назіральнікі на розных участках. Атрымліваецца, што ў акрузе перамог амбасадар Беларусі ў Аўстрыі спадар Варанецкі. На другім месцы — першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч. У мяне — трэцяе месца.

Мы зараз рыхтуем скаргі. Дзіўная сытуацыя. Назіральнікі адсочвалі на адным участку і датэрміновае, і асноўнае галасаваньне. І нібыта ўсё больш-менш супадала з афіцыйнымі дадзенымі. А цяпер невядома адкуль зьявіліся 500 бюлетэняў. І амаль усе прагаласавалі за Варанецкага.

Але нават ня ў гэтым справа. Мы ўважліва адсочвалі колькасьць выбарнікаў, якія прыйшлі на ўчасткі. Налічылі толькі 35%. А каб выбары адбыліся, патрэбна яўка паловы выбарнікаў плюс яшчэ аднаго. Так што, мы лічым, у нашай акрузе выбары не адбыліся. Значыць, і дэпутата няма».

Паводле афіцыйных зьвестак яўка ў гэтай акрузе склала 60 працэнтаў.

23:19 11.9.2016

Яшчэ на адным участку перамагае кандыдатка АГП

Пры чым на гэты раз нешта ня так з датэрміновым галасаваньнем: яшчэ зранку пісалася, што датэрмінова прагаласавала 169 чалавек, цяпер раптам 501.

На першым месцы Ганна Канапацкая (АГП), на другім Тацяна Караткевіч («Гавары Праўду»), на трэцім — Аляксандар Дрожжа (якога незалежныя СМІ называлі верагодным пераможцам).

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG