Цс-с-с-с!
На ўчастку №584 ва Ўсходняй выбарчай акрузе №107 назіральніцу пазбавілі акрэдытацыі, матываваўшы гэта тым, што ў яе занадта шмат скаргаў і імі яна адцягвае старшыню ад працы, паведамляе Electby. На ўчастку не засталося ніводнага назіральніка.
На двух участках у Менску перамагла кандыдатка ад АГП, а Караткевіч прайграла
На двух участках 97-й акругі, дзе балятуецца кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах-2015 Тацяна Караткевіч («Гавары праўду»), перамагла кандыдатка ад АГП Ганна Канапацкая.
На гэтых участках ёй таксама прайграе начальнік станцыі «Менск-Пасажырскі» Аляксандар Дрожжа, якога незалежныя СМІ называлі кандыдатам ад улады і імаверным пераможцам.
Адным здымкам падзяліўся назіральнік Ягор Бурбо. На ягоным участку № 221 сьледам за Канапацкай ідзе Дрожжа, а Караткевіч толькі на трэцім месцы.
Зьвесткі па іншым участку публікуе ў Twitter назіральніца з «Моладзі БНФ» Наста Байко. На яе ўчастку № 205 першае месца мае Канапацкая, другое — Караткевіч, трэцяе — Дрожжа. Прычым тут нешта ня так з датэрміновым галасаваньнем: яшчэ зранку пісалася, што датэрмінова прагаласавалі 169 чалавек, цяпер раптам 501.
Канапацкая пакуль адмаўляецца камэнтаваць гэтую інфармацыю і прапануе пачакаць афіцыйных вынікаў.
Кастусёў: «У Шклоўскай выбарчай камісіі галасуюць за выбарцаў»
Намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які балятуецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе, заяўляе, што выбары ў гэтай акрузе не адбыліся.
Калякін прайграў выбары ў Воршы
Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, які балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў шостага скліканьня па выбарчай акрузе № 25 у Воршы, прайграў старшыні камісіі па фінансах і бюджэту дзейнага складу Палаты Людміле Дабрынінай.
Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня выбарчага штабу «Справядлівага сьвету» Валер Ухналёў:
«Яна перамагла зь вялікім адрывам. Другім быў прадстаўнік Камуністычнай партыі Сяргей Жудро. Сяргей Іванавіч — трэці з чатырох удзельнікаў».
Валер Ухналёў таксама сказаў, што партыйныя назіральнікі адзначаюць беспрэцэдэнтна завышаную яўку выбарнікаў. Розьніца паміж іхнымі дадзенымі і лічбамі выбарчых камісіяў даходзіць да некалькіх дзясяткаў працэнтаў".
ГЛ
У выбарчым прэс-цэнтры ў Палацы рэспублікі журналісты чакаюць старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну з вынікамі выбараў. Брыфінг плянаваўся а 12-й начы, але пакуль затрымка.
У выбарчым прэс-цэнтры ў Палацы рэспублікі праз 10 хвілін чакаецца брыфінг старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай з вынікамі галасаваньня.
Выбары адбыліся ва ўсіх акругах — Ярмошына #выбары #electby #выбары2016
— Радыё Свабода (@svaboda) 11.9.2016
Выбары адбыліся ва ўсіх акругах, паведаміла Лідзія Ярмошына. Сьпісы перамоцаў яна не абвясьціла.
І папярэднія вынікі выбараў Ярмошына не абвясьціла #выбары #electby #выбары2016
— Радыё Свабода (@svaboda) 11.9.2016
На акрузе 96 перамагла Канапацкая (АГП), агучыла Ярмошына. Пераможца пакуль адмовілася ад камэнтароў Свабодзе #выбары #electby #выбары2016
— Радыё Свабода (@svaboda) 11.9.2016
Прынамсі адзін дэпутат ад апазыцыі — Канапацкая (АГП)
Паводле папярэдніх вынікаў, якія агучыла Лідзія Ярмошына, на акрузе №97 перамагла кандыдатка ад АГП Ганна Канапацкая. Пераможца адмовілася ад камэнтароў Свабодзе да падвядзеньня канчатковых вынікаў.
На той жа акрузе балятавалася Тацяна Караткевіч («Гавары Праўду»), а таксама начальнік станцыі «Менск-Пасажырскі» Аляксандар Дрожжа, якога незалежныя СМІ называлі кандыдатам ад улады і імаверным пераможцам.
Ярмошына: Перамагла Канапацкая на Кастрычніцкай акрузе, пра іншых вынікаў не маю, глядзіце ў інтэрнэце.#выбары https://t.co/AY3xrmKfYl
— Радыё Свабода (@svaboda) 11.9.2016
Па Гарадзенскай і Берасьцейскай безь сюрпрызаў
Паводле папярэдніх вынікаў ЦВК, на акругах Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцей не прайшоў ніводны апазыцыянэр. Усе пераможцы супадаюць з прагнозамі незалежных СМІ.
Па Віцебскай вобласьці таксама безь сюрпрызаў, ніводнага апазыцыянэра, 100%-супадзеньне з прагнозамі незалежных СМІ
Ганна Канапацкая з АГП стала дэпутатам
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла, што ў 97-й акрузе, дзе балятуецца кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах-2015 Тацяна Караткевіч («Гавары праўду»), перамагла кандыдатка ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая. Ці трапіў у Палату прадстаўнікоў яшчэ хто-небудзь з апазыцыі, старшыня ЦВК не сказала.
«Я пакуль ня буду нічога камэнтаваць, гэта ж яшчэ не канчатковыя вынікі. Пачакаем канчатковых», — заявіла Канапацкая ў размове з журналістам Свабоды.
Прозьвішча Канапацкай ужо зьявілася ў сьпісе пераможцаў па Менску на сайце ЦВК.
Ганна Канапацкая нарадзілася 29 кастрычніка 1976 году. Мае вышэйшую юрыдычную адукацыю. Дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Грынрэй», прадпрымальніца.
Паводле Ярмошынай, выбары адбыліся ва ўсіх 110 акругах, яўка склала 74,3%. На дадзены момант вядомыя пераможцы ў трох рэгіёнах, у тым ліку ў Менску.
Папярэднія вынікі выбараў Палату прадстаўнікоў у Менску
Няхайчык Аксана Ўладзімераўна
Курсевіч Валеры Віктаравіч
Барадзеня Валеры Анатолевіч
Варанецкі Валеры Ёсіфавіч
Сайганава Тацяна Iванаўна
Клімовіч Натальля Анатолеўна
Канапацкая Ганна Анатолеўна
Камароўскі Ігар Сяргеевіч
Макарына-Кібак Людміла Эдуардаўна
Гайдук Аксана Вячаславаўна
Старавойтава Ганна Валянцінаўна
Кубракова Людміла Пятроўна
Місявец Віталь Рыгоравіч
Мілаванаў Міхаіл Вячаслававіч
Дарафеева Ірына Аркадзеўна
Шаўцоў Дзьмітры Яўгенавіч
Сокал Аляксей Мікалаевіч
Місько Максім Уладзімеравіч
Бобрыкаў Сяргей Валянцінавіч
Мычко Вольга Віктараўна
Запіс перадвыбарчага выступу Ганны Канапацкай
Алена Анісім з ТБМ стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў
Намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы перамагла ў Стаўпецкай акрузе.
Але сама яна пакуль не ведае пра гэта.
«Я пакуль нічога ня ведаю. Літаральна 10 хвілін таму тэлефанавала ў акруговую камісію. Мне адказалі, што толькі-толькі прывезьлі дадзеныя зь Нясьвіжа (наша акруга ахоплівае два раёны — Стаўпецкі і Нясьвіскі). Я спыталася: ну, а як за мяне галасавалі ў Стоўпцах? У адказ пачула: пачакайце, скажам пасьля. Я ім кажу: а што ж вы Лідзіі Міхайлаўне (Ярмошынай) будзеце перадаваць? Адказалі: нешта ж перададзім. А вы даведаецеся ўсё заўтра, а 12-й гадзіне».
«Стратэгія ўдзелу ў выбарах перамагае» — Тацяна Караткевіч, якая прайграла кандыдатцы АГП
Паводле папярэдніх вынікаў выбараў у Палату прадстаўнікоў, апублікаваных ЦВК, на 97-й акрузе насуперак усім прагнозам СМІ перамагла кандыдатка ад АГП Ганна Канапацкая.
Сярод яе канкурэнтаў былі начальнік станцыі «Менск-Пасажырскі» Аляксандар Дрожжа, якога незалежныя СМІ называлі кандыдатам ад улады і імаверным пераможцам, а таксама кандыдатка на прэзыдэнта на выбарах-2015 Тацяна Караткевіч («Гавары праўду»). «Гэта азначае толькі адно: што стратэгія ўдзелу ў выбарах перамагае», — заявіла Свабодзе Тацяна Караткевіч і прывітала наяўнасьць у Палаце прынамсі аднаго прадстаўніка апазыцыі.
Караткевіч ня стала казаць, ці верыць у тое, што Канапацкая магла яе перамагчы на выбарах:
«Гэта іншае пытаньне, — сказала яна. — Паводле зьвестак назіральнікаў, былі шматлікія парушэньні, як пры падліку яўкі, так і пры падліку галасоў».
На гэтыя парушэньні Караткевіч зьбіраецца падаваць афіцыйныя скаргі.