Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіна пад белымі крыламі «аіцаў» або Беларуская мова, якую бачаць нашы дзеці


Плачам Яраслаўны па мове нікога ня зьдзівіш. У наш час — вышыванак, вышывамаек, інтэрнаўтаў ды іншых сучасных прыемнасьцяў, мне часьцяком кажуць, што наадварот мовы паболела і ўсё паступова ідзе да лепшага. Мяккая беларусізацыя нібыта ў модзе. Але я троху паплачуся, фактамі і гісторыямі з майго жыцьця, пра набалелае...

«Наступны прыпынак наш? Наступны прыпынак наш?» — кожныя дзьве хвіліны гучна на ўвесь аўтобус дапытвае мяне трохгадовая дачка па дарозе ў паліклініку, а побач хлопец гадоў дзесяці запытвае маму: «Што такое прыпынак?»

Прыпынак — простае ж слова. Слова, якое, мне падаецца, штодзень гучыць у грамадзкім транспарце. Аказалася, што прыпынак — адкрыцьцё, навіна, для школьнага веку хлапчука.

Чаму ж яго вучылі ў школе? Тут можна тэатральна ўскінуць рукі і закаціць вочы ўгару. Але я цудоўна ўяўляю сабе ўзровень сучаснай школы.

Год таму мне давялося прымераць на сабе скуру настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Восьмая кляса:.

«А як будзе «аист» па-беларуску?» — запытваюся на пэдагагічнай практыцы сваіх вучняў. Цудоўных прыгожых дзетак, якія шчыра стараюцца выцягнуць з закуткоў сваёй памяці хоць нешта беларускае:

«Аіц! Точна, аіц!!!!»

Шок. Сьмех. Вусьціш. Простае ж слова — эле-мэн-тар-нае.

Канешне, я і сама не такая ўжо ўзорная настаўніца, і я люблю лупцануць трасяначкай часам. Але «аіц»? Гэта ж па-за межамі дабра і зла. На сэкунду ўявіла выраз твару Караткевіча, які пісаў пра краіну пад белымі крыламі «аіцаў».

Узгадваю суворы твар маёй настаўніцы беларускай мовы, якая яшчэ ў далёкім 2002-м прасіла:

«Насьця, паабяцай мне, што ня будзеш зьвязваць свой лёс з моваю, ты ж нават ня ведаеш, што такое атрамант і паходня, ну як з табою Караткевіча чытаць?»

Калі б я ёй у той час выдала «аіц», яе сэрца ня вытрымала б, а я стопудова засталася б на другі год. Калі толькі ў Крымінальным кодэксе не існуе артыкулу за наўмыснае давядзеньне настаўнікаў да сардэчнага прыступу. І гэта тады яна думала, што стан беларускай мовы ў небясьпецы.

Заходжу я сёньня ў краму. У наш час, нібыта адлігі, вышыванак, мноства беларускіх выданьняў, кнігарняў і іншых прыемнасьцяў. Разглядаю сшыткі і натыкаюся вось на такі прыўкрасны верш пра родную беларускую мову:



І так мне шкада мне стала і настаўнікаў і вучняў у нашых школах. Ну як настаўніца будзе расказваць дзеткам пра дабрыню і шчырасьць, калі ў іх на сшытку чорным па чырвоным напісана на нібыта беларускай мове «дабрата» і «прамата». І адкуль яны будуць ведаць іншыя мовы, калі ў іх напісана «знаць» паміж моваў «другіх».

«Мова продкаў маіх і нашчадкаў маіх, беларуская родная мова», — піша А. Ставер у сваім вершы. Можа ён насамрэч быў і не благім паэтам. І пасыл яго верша добры і шчыры. Але няўжо нельга было падабраць для дзяцей верш з прыгожаю чыстаю нашаю моваю. Каб хоць бы ў школе ў іх быў прыгожы прыклад перад вачыма. Мовы, да якой трэба імкнуцца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG