Прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі — руху «За Свабоду», Абʼяднанай грамадзянскай партыі і аргкамітэта па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» — правялі ў Менску акцыю ў падтрымку эўрапейскага выбару Беларусі.
Акцыя пачалася каля ЦУМа. У ёй бралі ўдзел першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, кандыдаткі ў дэпутаты Вольга Кавалькова, Марына Хоміч і іншыя.
Да пікетоўцаў прыйшоў старшыня Эўрапейскай народнай партыі Жазэф Доль, які знаходзіцца зь візытам у Беларусі па запрашэньні Правацэнтрысцкай кааліцыі. Жазэф Доль каля дзесяці хвілінаў размаўляў з пікетоўцамі.
Пазьней ўдзельнікі пікету пад бел-чырвона-белымі сьцягамі накіраваліся па праспэкце Незалежнасьці да будынку Белтэлерадыёкампаніі. Там Юрась Губарэвіч, Анатоль Лябедзька і Юры Рымашэўскі падпісалі пэтыцыю, у якой выказалі патрабаваньне да ўладаў стварыць грамадзкі агульнадзяржаўны тэлеканал. Пэтыцыю палітыкі перадалі прадстаўніку Белтэлерадыёкампаніі, паведамляе БелаПАН.
За акцыяй назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, вялі відэазапіс.