Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жазэф Доль: «Пасьля выбараў альбо мы працягваем дыялёг, альбо абмяркоўваем пытаньне санкцыяў»


Жазэф Доль
Жазэф Доль

Ужо сёньня відавочна, што парлямэнцкія выбары ня будуць празрыстымі, дэмакратычнымі, ня будуць гарантаваць роўнасьць шанцаў для прадстаўнікоў улады і апазыцыі. Пра гэта заявіў лідэр Эўрапейскай народнай партыі Жазэф Доль, які два дні сустракаўся ў Беларусі з прадстаўнікамі МЗС і Адміністрацыі прэзыдэнта, зь лідэрамі і актывістамі правацэнтрысцкай кааліцыі, праваабаронцамі, моладзьдзю, і нават прысутнічаў на перадвыбарчым пікеце.

Як самая буйная эўрапейская палітычная партыя і кіроўная фракцыя ў Эўрапарлямэнце — Эўрапейская народная партыя — уважліва сочыць за ўсімі працэсамі, якія зьвязаныя з палітычнай лібэралізацыяй у Беларусі, падкрэсьліў Жазэф Доль:

«Эўрапейскі Зьвяз зрабіў шэраг крокаў дзеля таго, каб аднавіць больш шчыльнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Тым ня менш застаецца шэраг пытаньняў, якія выклікаюць нашу моцную заклапочанасьць. Парлямэнцкія выбары павінны быць справядлівымі, свабоднымі, празрыстымі, мірнымі, гарантаваць роўнасьць шанцаў для апазыцыі. На вялікі жаль, мне даводзіцца канстатаваць, што цяпер яны не такія».

Прэс-сакратар АГП Ганна Красуліна, прэзыдэнт Эўрапейскай народнай партыі Жазэф Доль, намесьнік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец
Прэс-сакратар АГП Ганна Красуліна, прэзыдэнт Эўрапейскай народнай партыі Жазэф Доль, намесьнік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец

Лідэр ЭНП паведаміў журналістам, што мае інфармацыю адносна праблемаў, зь якімі сутыкаюцца дэмакратычныя кандыдаты ў розных кутках Беларусі. Спадар Доль яшчэ раз падкрэсьліў важнасьць і пільнасьць прыняцьця і рэалізацыі на практыцы рэкамэндацыяў БДІПЧ АБСЭ, якія былі сфармуляваныя пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году і якія, на яго думку, не былі прынятыя:

«Пералічу самыя важныя рэкамэндацыі, якія былі. Дазволіць дзейнасьць незалежных сродкаў масавай інфармацыі і гарантаваць усім кандыдатам доступ да СМІ. Супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасьцю — сёньня зранку, сустракаючыся з моладзьдзю, я пачуў, што такога няма. Пазьбегнуць злоўжываньняў падчас датэрміновага галасаваньня, і таксама зьвярнуць увагу на тыя праблемы, якія тычацца складу выбарчых камісіяў, ЦВК, і, у прыватнасьці, тых камісіяў, якія ажыцьцяўляюць падлік галасоў».

Тыя нязначныя зьмены, якія адбыліся, не адпавядаюць фундамэнтальным рэкамэндацыям АБСЭ, і гэта адзначана ў прамежкавай справаздачы БДІПЧ АБСЭ, якая была апублікаваная 31 жніўня, перакананы Жазэф Доль. У Беларусі ён яшчэ раз нагадаў пра сваё крэда, якое заўсёды паўтарае ў балканскіх краінах і краінах, якія ўваходзяць ва «Ўсходняе партнэрства»:

«Маё крэда: прававая дзяржава, незалежная судовая ўлада і змаганьне з карупцыяй. Бяз гэтых трох элемэнтаў сюды ня прыйдуць інвэстары і немагчыма будзе забясьпечыць лепшую будучыню моладзі, якая зьедзе шукаць свае шанцы ў іншыя краіны сьвету».

Новыя арышты, якія адбыліся ў траўні, былі заўважаныя эўрапейскімі структурамі, якія асабліва заклапочаныя лёсам Уладзімера Кондруся. Вельмі хвалюе іх і рэгістрацыя палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў. Толькі свабодная і актыўная грамадзянская супольнасьць — фундамэнт для разьвіцьця дэмакратыі, гэтаксама як і свабода прэсы.

Спадар Доль таксама падтрымаў стварэньне правацэнтрысцкай кааліцыі паміж АГП, рухам «За свабоду» і БХД, падкрэсьліўшы, што толькі праз салідарную і эфэктыўную апазыцыю ёсьць магчымасьць стварыць для грамадзянаў альтэрнатыву, альтэрнатыўны выбар.

Ён запэўніў, што Беларусь застаецца прыярытэтам у эўрапейскім парадку дня:

«Мы ўважліва будзем вывучаць вынікі парлямэнцкіх выбараў 11 верасьня. Мы гатовыя дапамагаць уладам, але не гатовыя граць у іхнім спэктаклі...

Мы папрасілі палітычныя партыі, няўрадавыя арганізацыі адразу ж нам накіраваць усю інфармацыю, як яны прайшлі».

Журналісты запыталі: Эўрапейская народная партыя хоць і прадстаўленая ва ўсіх палітычных інстытутах Эўразьвязу, але не рыхтуе справаздачы, як АБСЭ, не ўпаўнаважаная прымаць рашэньні аб санкцыях, як Рада Эўразьвязу — то як яна можа выкарыстаць інфармацыю пра тое, што выбары былі непразрыстымі, недэмакратычнымі? Жазэф Доль адказаў так:

«Мы будзем выкарыстоўваць усю гэтую інфармацыю ў Эўрапейскім парлямэнце, АБСЭ, Радзе Эўропы, дзе мы можам уплываць на рашэньні і дзе будуць таксама прадстаўнікі ўлады Беларусі, якім давядзецца адказваць на гэтую крытыку.

Па-другое, тут пытаньне больш шырокае: якім чынам мы падтрымліваем тую палітыку, якая будзе праводзіцца ў дачыненьні да Беларусі пасьля выбараў? Альбо мы працягваем дыялёг, альбо абмяркоўваем пытаньне санкцыяў. Але санкцыі найперш закранаюць інтарэсы грамадзянаў. Я лічу, што варта весьці перамовы і варта далей прасоўваць дэмакратыю», — сказаў лідэр Эўрапейскай народнай партыі Жазэф Доль.

Эўрапейская народная партыя — правацэнтрысцкая агульнаэўрапейская палітычная партыя, заснаваная ў 1976 годзе. У яе ўваходзяць хрысьціянска-дэмакратычныя і кансэрватыўныя партыі краін Эўропы. ЭНП — адна з найбуйнейшых партыяў Эўропы, яна прадстаўленая ва ўсіх палітычных інстытутах Эўразьвязу і ў Радзе Эўропы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG