Дакладней, дзяцей не пусьцілі бацькі. Гэтак яны выказалі нязгоду з тым, што Жлобінскі райвыканкам з падачы ўпраўленьня адукацыі закрыў Дабрагошчанскую базавую школу.
Прычына — у раёне няма сродкаў, каб аднавіць два пралёты крокваў на даху і замяніць шыфэр.
«Будзем стаяць да апошняга, — кажа шматдзетная маці Сьвятлана Чарнянок. — Мы даўно трубілі, што патрэбны рамонт. І грошы Міжнародны банк выдзеліў, але ўлады пусьцілі іх на рамонт дзьвюх іншых навучальных установаў, у тым ліку Луцкай школы. А нашу школу вырашылі зачыніць.
Мы знайшлі новага фундатара, былога навучэнца нашай Дабрагошчанскай школы Міхаіла Емяльяненку. Ён гатовы з брыгадай прыехаць і адрамантаваць гэты няшчасны дах, але няма дазволу.
У мяне двое школьнікаў: сын — дзевяціклясьнік, і дачка павінна ісьці ў першую клясу. Але абое сёньня застаюцца дома».
Муж Сьвятланы Анатоль дапаўняе:
«Мы гэтым выказваем сваю пазыцыю — пратэстуем супраць закрыцьця Дабрагошчанскай школы. Зачыняць школу — жыцьцё ў вёсцы будзе сыходзіць, затухаць, і паселішча тым больш стане непэрспэктыўным».
Да прыпынку паблізу сельскага савету пад’ехалі два невялікія аўтобусы, каб везьці дзяцей амаль за паўтара дзясятка кілямэтраў у Папаратнянскую сярэднюю школу. У адзін аўтобус села 16 школьнікаў, у другі — 18. Усяго ж у Дабрагошчы, Забродзьдзі і Сельным 49 школьнікаў.
«Напярэдадні старшыня сельскага савету Леанід Паграбецкі нас запалохваў: калі ня выпраўлю дзяцей у школу, то прызнаюць, што дзеці знаходзяцца ў сям’і ў сацыяльна небясьпечным стане. Чым гэта абернецца, ня трэба тлумачыць. Але дзеці сёньня засталіся дома. Я супраць таго, каб яны езьдзілі невядома куды. Гэта невыносна», — кажа маці чацьвярых школьнікаў Валянціна Пудан.