Усе асноўныя зоркі й сузор’і маюць спрадвечныя беларускія імёны. Сіта, Вялікі Воз, Воўчая Зорка і нават Тры Каралі — на жнівеньскім небе.
Парá высока ўзьняць галаву. Прынамсі да зорнага неба. Паглядзім на яго зь беларускага моўнага гледзішча. Вось суседзі-літоўцы поруч зь міжнароднай астранімічнай намэнклятурай грэцка-рымскага паходжаньня ўжываюць свае народныя назвы. Групу зорак зь міжнароднаю назваю Пляяды па-літоўску завуць Sietynas (я б пераклаў як Сітаўё, а менавіта Сіта — беларуская народная назва тае групы).
Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам
Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам
Рубрыка на Радыё Свабода прысьвечаная беларускай мове і культуры. Думайце па-беларуску! Слухаць на Soundcloud
Нацыянальныя астронімы (імёны нябесных целаў) у Літве любяць. Sietynas — гэта і падпольная арганізацыя 19 ст., і часопісы — як адраджэнцкія пачатку дзяржаўнасьці, гэтак і адраджэнцкія канца 1980-х, і каапэратывы, і спартовыя клюбы, і фірма сьвяцільнікаў. І нам беларускі нябесны іменаслоў — дзякуючы магнэтызму астранамічных зьяваў — служыў бы невычэрпнаю крыніцаю найменьняў.
Пакуль што ў нас у аналягічнай намінацыі ў лідэрах Вэнэра — дзякуючы многім беларускім найменьням, якія яна мае. Скажам, Мілавіца.
Мала якія беларускія назвы сёньня параўнаюцца зь ёю ў міжнароднай вядомасьці. Натуральна, я пра “Мілавіцу” — вытворцу жаночае бялізны.
(Праўда, пішуць беларускае слова не нармальнай беларускай лацінкай, а міліцэйскім трансьлітам. Але ўсё роўна гэтая рэкляма ў расейскім Белгарадзе ўжо забароненая як непрыстойная.)
Хіба што трактар “Беларус” больш чуваць у сьвеце.
Любяць слова Мілавіца і паэты, і сьпевакі.
Водар закiнутага саду,
Ў небе зорка Мiлавiца…
Таямнiцы паркавых прысадаў
Пэўна, неаднойчы на чужыне
Будуць мроiцца i сьнiцца.
Верш напісаў Сяржук Сокалаў-Воюш для Палянэзу ля-мінор Міхала Кляофаса Агінскага ў альбом ”Я нарадзіўся тут”.
Пры ўсё паэтычнасьці назвы, у яе народнасьці сумняваецца дасьледнік Цімох Авілін, які нядаўна выдаў грунтоўную кнігу "Этнаастраномія" (выдавецтва "Тэхналёгія", 2015).
Строгі навуковы падыход фізыка Авіліна дэканструяваў некаторыя моўныя прапановы нашых вялікіх адраджэнцаў. Так, ён даказвае, што імя Мілавіца для Вэнэры ўвёў ва ўжытак у 1926 годзе ковенскі часапіс “Крывіч”, дакладней, артыкул Андрэя Красьневіча “Крывічанскія назовы гвёзд”, напісаны на падставе пачутага аўтарам у Вопсе на Браслаўшчыне. Што ж, магчыма, рэдактар — рамантык і моватворца Вацлаў Ластоўскі — сёе-тое прыпісаў, у тым ліку паэтычнае імя Вэнэры. Але нават калі і так, імя Мілавіца бясспрэчна пацэліла.
Палявыя ж дасьледаваньні сьцьвярджаюць: вечаровую і ранішнюю Вэнэру нашыя продкі звалі адпаведна (і ня менш паэтычна ☺ ) Вечарніца (Вячорка) ды Зараніца (Заранка).
Вобраз пад рознымі імёнамі не адпускаў Багдановіча.
Песьняры, 1991 год, саліст Валер Дайнека.
Двухрадкоўі перастаўленыя, у Багдановіча было:
Ты ня згасьнеш, ясная зараначка,
Ты яшчэ асьвеціш родны край.
Беларусь мая! Краіна-браначка!
Ўстань, свабодны шлях сабе шукай!
Тая ж улюбёная Багдановічава зорка, але ня ранішняя-адраджэнцкая, а рамантычна-вечаровая, пад сваім лацінскім імем у вершы "Зорка Вэнэра". Музыка Сымона Рака-Міхайлоўскага, пра што часта забываюць, бо яго рэпрэсавалі бальшавікі ды забаранілі ўпамінаць. Выконвае менскі гурт "Дойліды" з Палітэхнічнага інстытуту, эпоха дагістарычная, запіс 1970 году:
Карацей, маем выбар сынонімаў. (У старабеларускай акадэмічнай традыцыі Вэнэру — плянэту і Вэнэру — жарснае каханьне звалі Вэнус, бо ведалі лацінскую граматыку.) А сярод народных назваў яшчэ Сьвітальная зорка — пра ранішнюю Вэнэру, Месяцова памочніца а нават Воўчая зорка — пра вечаровую.
Думаю, многія з вас, як і я, былі некалі ўражаныя пачаткам Караткевічавага раману "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Нябёсныя знакі не сулілі нічога добрага ў тым годзе:
...З самага пачатку году і кожны вечар заранкі былі чырвоныя, як кроў, а ветру наступнага дня не было… …Казалі: коньнік на "маці мора" скача як шалёны і дзідай сваёй паказвае авама і сема, туды і сюды, на захад і на поўдзень і на ўсход, абы толькі не на Зорны Кол, як то належыць.
Паразьбівалася ў той год караблёў — Божа ты мой!
Фільм, які праляжаў 22 гады ў шуфлядзе савецкіх цэнзараў
"Маці мора" — компас. Ён не хацеў паказваць на Зорны Кол — Палярную Зорку. Народныя мэтафарычныя назвы падкрэсьліваюць яе нерухомасьць і тое, што як бы вакол яе абяртаецца астатняе неба. Зьбіральнікі зафіксавалі Зорны Гвозд, што ж да Зорнага Кала — то думалі, ці не стварыў ці скалькаваў гэтую назву зь цюрскіх моваў сам Караткевіч (а ён мог!). Але Цімох Авілін сьведчыць, што 10 гадоў таму так казалі людзі, прыкладам, на Барысаўшчыне.
Дарога ў вырай
Нашую Галяктыку мы бачым як паласу мірыядаў зорак.
Γαλαξίας (galaxias) па-грэцку і азначае “малочны”, ёсьць і адпаведны міт пра разьлітае грудное малако Геры, Дзэўсавай жонкі. Але афіцыйная назва "Млечны шлях", хоць яна і ад грэцкай, аднак не кладзецца ў гукавы лад беларускае мовы. Беларускія словы маюць поўнагалосьсе, а паўднёваславянскія, у тым ліку так званыя царкоўнаславянскія, — адпаведна няпоўнагалосныя карані (якія пазычала адтуль расейская мова). Малочны — млечный, палон — плен, халодны — хладный, вароты — врата, горад — град, нораў — нрав, варона — врана, сарочка... Зрэшты, прыкладаў шмат.
Няма патрэбы называць сьціжму зорак ня грэцкім і не сваім словам, а русізмам. Пагатоў маем выбар народных назваў: Дарога Птушкам або Дарога ў Вырай, Божая Дарога, Зорны Шлях, Дарога ў Рым ці Ерусалім ці Кіеў. Сустракаецца, як ва Ўкраіне, і Чумацкі шлях — зоры паказвалі дарогу чумакам, што хадзілі ў Крым па соль.
Слова Дарога для апісаньня гэтай велічнай нябеснай праявы ў палявых запісах народнае мовы часьцейшае, чым Шлях або Гасьцінец. Але, здаецца, менавіта спалучэньне Птушыны Шлях як асноўнае замацоўваецца ў новай беларускай культуры і адпаведна ў літаратурнай мове. Анатоль Сыс:
А хто ня верыць, ведайце: Багрым
пачаў з кажана, скончыў жаўрукамі.
Мы нават і ў нябёсах не згарым,
Птушыны Шлях намацаем нагамі!
Зьбеларушчыў свой назоў гурт Alta Mente — цяпер ён "Птушыны Шлях" (лідэрка гурта Кацярына Ваданосава):
Задыяк клясычны й свой
Для некаторых задыякальных сузор’яў, імёны якіх антычнага радаводу, беларускія тэрмінолягі ў 20-я гады замацавалі больш беларускія назвы, без стылізацыі пад царкоўнаславяншчыну: Баран, Бык, Дзяўчына, Казларог, Вадаліў. Але, магчыма, нашыя продкі мелі і свой Задыяк, які не супадаў з грэцка-рымскім.
Літоўскі этнаастраном Ёнас Вайшкунас — мой стары добры знаёмец яшчэ з часоў супольнае барацьбы за нацыянальнае адраджэньне двух народаў сярэдзіны 80-х, калі нашая "Талака" ды аднайменны літоўскі клюб "Talka" падтрымлівалі адно аднаго. Дык вось ён здагадаўся, што дванаццаць выяваў XVI ст. на браціне (рытуальным каўшы) з Горадні, што захоўваецца ў Раўбіцкім музэі, і ёсьць тутэйшы Задыяк. Вайшкунас кажа, што коўш балцкі, а балцкі складнік — неад'емная частка этнагенэзу беларусаў.
Рыбы — Пярун (маланка), Баран — аўчына, Бык — коньнік (Пагоня), Блізьняты — два Ваяры за Сонца, Рак — пава (дакладней, відаць, Паўлін), Леў — Пава, Дзяўчына — Жораў, Шалі — два Сонцы (восеньскае раўнадзенства?), Скарпіён — Алень з аленяняткам, Стралец — Ваяр зь дзідай, Казларог — Казёл з Сонцам на сьпіне, Вадаліў — Конь.
Надзвычай цікава. Але Задыяк нашых продкаў — самастойная вялікая тэма, якая закранае міталёгію, народную касмалёгію, узыходзіць да індаэўрапейскіх гарызонтаў, і тут яе разьвіваць пакуль ня будзем.
Пярун сеў на калёсы
А найбольш вядомыя незадыякальныя сузор’і спрадвеку маюць народныя назвы і, натуральна, міталягічнае значэньне. Вялікі і Малы Воз — гэта адпаведныя грэцкія Мядзьведзіцы. Сапраўды, канфігурацыя найярчэйшых зорак нагадвае аглоблю і калёсы.
Ёсьць варыянт Ільлёў Воз. А народны Ільля ўвабраў у сябе многія рысы Перуна. Існуе і літоўская назва Perkūno Ratai. Таму можна рэканструяваць і беларускую форму Перуновыя Калёсы / Перуноў Воз.
А пра якое сузор’е сьпявае гурт «Ветах»? (Дарэчы, назва гурта таксама астранімічная, ветах — чацьвертая квадра месяца. Маладзік, поўня, сход, ветах/вятох.)
Тры сыны, усе Васілі. Этнакасмоляг Сяргей Санько тлумачыць: гэта сузор’е Тры Каралі, бо слова βασιλεύς (basileús) па-грэцку і азначае манарха. Песьня калядная, калі адпаведнае сузор’е — Пояс Арыёна паводле міжнароднай клясыфікацыі — асабліва прыкметнае. А складаюцца Тры Каралі з трох зорачак. Завуць у нас гэтае сузор’е таксама Касцы. Запомнім проці ночы:
Млечны Шлях — Птушыны Шлях, Дарога ў Вырай, Божая Дарога, Зорны Шлях
Палярная Зорка — Зорны Кол
Вэнэра — Зараніца, Заранка, Вечарніца, Вячорка, Воўчая Зорка, Мілавіца
Вялікая і Малая Мядзьведзіца — Вялікі і Малы Воз
Пляяды — Сіта
Пояс Арыёна — Тры Каралі, Касцы
Авен — Баран
Цялец — Бык
Дзева — Дзяўчына
Вадалей — Вадаліў