Чаму большасьць кандыдатаў амаль не кранае пытаньні геапалітычнага выбару Беларусі? Ці ўдаецца апазыцыйным кандыдатам удала выкарыстаць эканамічны крызіс у сваёй выбарчай агітацыі? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітычныя аглядальнікі Арцём Шрайбман і Паўлюк Быкоўскі.
Цыганкоў: Ці ёсьць нейкая скразная тэма ў гэтай выбарчай кампаніі? Ці можна сказаць, што прысутнічае нейкі пералік тэмаў, якія абмяркоўвае большасьць кандыдатаў у дэпутаты ў сваіх выступах, улётках? На чым зараз сканцэнтравана найбольшая ўвага грамадзтва і палітыкаў?
Шрайбман: Я ня бачу нейкай магістральнай тэмы ў выступах і ўлётках кандыдатаў. Усе выступаюць з розным мэсіджам. Праўладныя кандыдаты акцэнтуюць увагу на тым, што «мы захавалі ў бурлівым сьвеце нейкую стабільнасьць», што цяперашні крызісны час ня вечны. Яны спрабуюць, як гэта рабілі агітатары на прэзыдэнцкіх выбарах, трошкі раcьцягнуць пэрспэктыву. Маўляў, глядзіце ня на тое, што адбываецца апошнія пару гадоў, а на ўсе 20 гадоў, памятайце, зь якога развалу ўлада вывела краіну.
ёсьць успрыняцьце ў народзе, і ў частцы апазыцыі, што парлямэнтарый — гэта ня той чалавек, які вызначае палітыку ўлады, а хутчэй вырашае праблемы сваёй акругі
Апазыцыйныя ж кандыдаты падзяліліся — на тых, хто кажа пра нейкія традыцыйныя рэчы, якія заўсёды хвалявалі апазыцыю (беларуская мова, геапалітычны выбар, дэмакратыя) і умоўна новых апазыцыянэраў, якія спрабуюць пераняць ва ўлады папулярную сацыяльна-эканамічную рыторыку, у першую чаргу «Гавары праўду». Вельмі папулярная тэма — супраць падвышэньня пэнсійнага ўзросту. Што цікава, тут крытыкуюць уладу і левыя і правыя, прычым правыя яшчэ больш зацята.
Тым ня менш, ёсьць успрыняцьце ў народзе, і ў частцы апазыцыі, што парлямэнтарый — гэта ня той чалавек, які вызначае палітыку ўлады, а хутчэй вырашае праблемы сваёй акругі. Таму нават у тэлезваротах апазыцыйных кандыдатаў я ўсё больш чую апэляцыі да лякальных праблемаў.
Цыганкоў: Ці ёсьць уражаньне, што сацыяльныя і эканамічныя тэмы на гэтых выбарах пераважаюць над тэмай, напрыклад, геапалітычнага выбару Беларусі?
Быкоўскі: Я б сказаў, што хутчэй, такія тэмы, як геапалітычны выбар, зьяўляюцца хутчэй «фігурамі змаўчаньня» ў большасьці кандыдатаў, яна не зьнята з парадку дня. Кандыдаты гавораць пра захаваньне міру, пра нэўтральны статус Беларусі, каб Беларусь ня ўдзельнічала ў канфліктах — я кажу, напрыклад, пра ўдзельнікаў правацэнтрысцкай кааліцыі. Гэта ня значыць, што пытаньне цалкам зьнятае з парадку дня — проста яно фармулюецца па-іншаму — у вялікай ступені аглядкай на тое, што адбываецца ва Ўкраіне.
Ёсьць кандыдаты, якія даволі востра падымаюць геапалітычнае пытаньне, той самы Падгол і Талстыка, якія праводзілі ў Менску пікеты пад бел-чырвона-белым, амэрыканскім і эўразьвязаўскім сьцягамі — гэта выбіваецца з агульнага шэрагу.
Цыганкоў: Можна адзначыць, што яны абодва — кандыдаты ад БНФ, які не ўваходзіць у ніякія кааліцыі, і больш за іншых вылучае геапалітычныя праблемы.
Быкоўскі: Так, менавіта яны праблемы нацыянальнай бясьпекі і геапалітычны выбар ставяць у першы парадак пытаньняў. Астатнія кандыдаты фактычна ўсе кажуць пра працу і заробкі, фактычна ўсе прызнаюцца, што складана было зьбіраць подпісы і размаўляць з людзьмі, бо людзі вельмі незадаволеныя жыцьцём. З праблемай, як дастукацца да выбарца, сутыкнуліся усе кандыдаты.
Цыганкоў: Ужо другая запар выбарчая кампанія праходзіць на фоне зьбядненьня народу, зьніжэньня даходаў насельніцтва, росту беспрацоўя. Ці ўдаецца тым жа апазыцыйным кандыдатам удала выкарыстаць эканамічны крызіс у сваёй выбарчай агітацыі?
Шрайбман: Віталь, а што ёсьць крытэрам, мэрылам пасьпяховасьці выкарыстаньня апазыцыяй гэтых праблемаў?
Цыганкоў: Электаральны выйгрыш на кожнай канкрэтнай акрузе, які, вядома, ніхто не дакажа, і які хіба могуць замерыць незалежныя сацыёлягі...
Шрайбман: Вы ускосна далі адказ на сваё пытаньне. Мы ня ведаем, ці зрэзануюць у народзе тыя тэмы, які ўздымае апазыцыя. Мы разумеем, што яны папулярныя, але ў нас няма аб’ектыўнай сацыялёгіі (асабліва з сыходам НІСЭПД), каб меркаваць, ці павялічылася падтрымка апазыцыі.
у народзе няма ніякай веры ў магчымасьці зьмены цяперашняй сытуацыі, і ў магчымасьцях апазыцыі (нават калі б яны прыйшла ў парлямэнт), і ў магчымасьцях самога парлямэнту
Але самае галоўнае — у народзе няма ніякай веры ў магчымасьці зьмены цяперашняй сытуацыі, і ў магчымасьцях апазыцыі (нават калі б яны прыйшла ў парлямэнт), і ў магчымасьцях самога парлямэнту. Гэта масавая апатыя бязвер’е ў палітычны працэс, які можа вырашыць праблемы, вызначае стаўленьне народу да выбараў. Яны лічаць, што праблемы ёсьць, але не палітыка ёсьць адказам на гэтыя праблемы. Таму як казаць пра магчымы посьпех апазыцыі? Так, напэўна, апазыцыі стала лягчэй зьбіраць подпісы, напэўна, стала менш агрэсіі да крытыкі ўладаў, магчыма, калі б лічылі галасы, апазыцыйныя кандыдаты перамаглі б на пэўнай колькасьці акругаў. Але мы гэта не даведаемся.
Цыганкоў: Некаторыя апазыцыйныя кандыдаты кажуць, што на сёньня галоўнае — добра працаваць у сваёй акрузе, бо калісьці прыйдуць свабодныя выбары і тады выбаршчыкі ўжо будуць ведаць гэтага кандыдата.
Быкоўскі: У кожнай акрузе свой парадак дня, хаця, сапраўды, у большасьці пытаньні крызісу і заробкаў займае самае важнае месца. Прадстаўнікам апазыцыі даволі проста сабраць людзей пад гэтай тэматыкай. Я размаўляў з адным з кандыдатаў, які сабраў 200 людзей у зале, але потым заявіў, што відаць, будзе здымаць сваю кандыдатуру — бо ня бачыць магчымасьці вырашыць пастаўленыя пытаньні.
Разам з тым шмат хто выкарыстоўваў гэтую кампанію не як апошні і адзіны бой, але як частку вялікай вайны, у якой гэта кампанія толькі адзін з эпізодаў. Яны зьбіраюцца працаваць у гэтых акругах і далей. І тут я б задаў пытаньне тым кандыдатам, якія раптам са сваіх старых акругах паехалі ў Воршу ці Дзяржынск. І мне не зусім зразумела, ці гэта стратэгія на будучыню, ці проста крок у бок, каб атрымаць адказ, чаму я перамог ці прайграў на гэтых выбарах.
Цыганкоў: Традыцыйнае пытаньне — на вашу думку, ці прапусьцяць улады каго-небудзь з апазыцыі ў Палату прадстаўнікоў?
Шрайбман: Мне здаецца, някепскія шанцы мае Алена Анісім, мяккая апазыцыянэрка, якая да таго ж зьвязаная з дзяржаўнай структурай, я маю на ўвазе Акадэмію Навук. У парлямэнце яна будзе хутчэй за ўсё крытыкаваць уладу у асноўным па пытаньнях, якія ёсьць прынцыповыя для яе — культуры і мовы — а ў астатніх пытаньнях можа стаць дастаткова зручным дэпутатам.
Гэта значыць, што няма шэрага кардыналу, якія б аднаасобна вызначаў, хто пройдзе
Зь іншага боку, шанцы Тацяны Караткевіч я ацэньваю яшчэ больш пэсымістычна, чым раней. Калі раней я даваў працэнтаў 30 на яе трапляньне ў парлямэнт, то сёньня не засталося і 10. Мне падаецца, што ўлада неяк перагледзела сваё стаўленьне да «Гавары праўду», узмацніла жорсткасьць. У іх больш за ўсё адмоваў у рэгістрацыі кандыдатаў, іх увогуле практычна не дапусьцілі ў склад выбарчых камісіяў. Мне здаецца, улады ў сваім успрыняцьці вырашылі вярнуць ГП у апазыцыйнае поле.
Быкоўскі: Я згодны, што малаверагодны праход нейкай прыкметнай колкасьці апазыцыйных фігураў. Мне было б больш цікава бачыць адказ на пытаньне, ці ёсьць сёньня адзіны сьпіс праўладных кандыдатаў. Бо выглядае, што сярод іх ёсьць пэўная канкурэнцыя. І гэта вельмі цікава момант, бо гэта сьведчыць пра пэўныя мэтамарфозы рэжыму. Гэта значыць, што няма шэрага кардыналу, якія б аднаасобна вызначаў, хто пройдзе.