Глод: Пачну зь лічбаў, безь якіх нам проста не абысьціся і якія сёньня раніцай агучыла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына: «521 зарэгістраваны кандыдат у дэпутаты, 93 прэтэндэнтам адмоўлена, 16 чалавек самі адмовіліся ад удзелу ў выбарах».
Усяго кандыдатамі ў дэпутаты было вылучана 630 чалавек. Атрымліваецца, што камісіі адсеялі 17% патэнцыйных прэтэндэнтаў.
Цяпер параўнаем сытуацыю з той, якая была на папярэдніх выбарах, што праводзіліся чатыры гады таму. Тады ахвотных было 494, зь якіх зарэгістравалі 363. То бок тады камісіі адсеялі 25% патэнцыйных кандыдатаў.
Адразу ўзьнікае пытаньне: чаму сёлета камісіі ставіліся да патэнцыйных прэтэндэнтаў больш лібэральна? Калі зноў пачынаеш разглядаць лічбы, то атрымліваецца, што так званая лібэралізацыя вельмі і вельмі ўмоўная. І вось чаму. На чым звычайна праколваюцца кандыдаты пры рэгістрацыі? Першае — няякасныя подпісы выбарцаў у сваю падтрымку. Другое — няправільна запаўняюцца дэклярацыі аб прыбытку і падатках. Практыка паказвае, што дэклярацыі запаўняць лепей ня сталі. Дык, можа, прэтэндэнты пачалі больш уважліва зьбіраць подпісы? Таксама не. Зноў і зноў камісіі фіксуюць, напрыклад, такое распаўсюджанае парушэньне, як подпісы выбарцаў, якія жывуць за межамі выбарчай акругі адпаведнага кандыдата.
Чаму сёлета камісіі ставіліся да патэнцыйных прэтэндэнтаў больш лібэральна?
Тады ў чым жа прычына больш ляяльнай, на першы погляд, рэгістрацыі кандыдатаў? Адказ зноў хаваецца ў лічбах. Сёлета зарэгістраваныя беларускія палітычныя партыі (і праўладныя, і апазыцыйныя) супольна вылучылі на 136 прэтэндэнтаў болей, чым на папярэдніх выбарах. А партыйным кандыдатам не патрэбныя подпісы выбарцаў, для іх вылучэньня дастаткова рашэньня зьезду. Таму гэтыя кандыдаты (за невялікім выключэньнем тых, хто адначасова зьбіраў яшчэ і подпісы) і не перадавалі подпісы ў камісіі на праверку. А значыць, магчымасьцяў знайсьці памылкі ў камісіяў проста стала меней. Вось адкуль і так званае больш ляяльнае стаўленьне да прэтэндэнтаў, пра што ўжо пасьпяшалася заявіць Лідзія Ярмошына.
Магчыма, колькасьць удзельнікаў выбарчай кампаніі крышачку павялічыцца. Сёньня праходзяць паседжаньні абласных і менскай гарадзкой выбарчых камісіяў, якія разглядаюць скаргі незарэгістраваных кандыдатаў. Але практыка паказвае, што звычайна адмены не рэгістрацыі дамагаюцца ўсяго некалькі кандыдатаў. Так што прынцыпова нічога ня зьменіцца. І мы зыходзім з вамі, калегі, з таго, што маем цяпер.
Карбалевіч: Зьвярнуў бы ўвагу не на колькасьць, а на якасьць адмоваў. Каму адмаўлялі? Выглядае, што найперш дэмакратычным кандыдатам. Вось з 25 патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ад кампаніі «Гавары праўду» толькі 17 змаглі атрымаць рэгістрацыю. Напрыклад, па інфармацыі прадстаўнікоў кампаніі, у Берасьці і Воршы кандыдаты не паказалі аўтамабілі, якія былі прададзеныя па даверанасьці яшчэ ў 1990-х гадах.
падставы для не рэгістрацыі даволі штучныя
Прычым не зарэгістравалі моцных апазыцыйных кандыдатаў, якія вялі заўважаныя кампаніі. Можна згадаць, што ў Менску акружныя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі вядомым апазыцыйным дзеячам: намесьніку старшыні руху «За свабоду» Алесю Лагвінцу, намесьніку старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі, былому падпалкоўніку міліцыі Мікалаю Казлову.
Прычым падставы для не рэгістрацыі даволі штучныя. Вось Лагвінца не зарэгістравалі за тое, што ён раздаваў падчас сустрэч з выбаршчыкамі свае візытоўкі, а сябры ягонай ініцыятыўнай групы раздавалі людзям газэту «Народная Воля».
Загадзя ўлады заклалі ў заканадаўства такую міну, якая можа ўзарвацца ў любы момант. Маю на ўвазе дэклярацыю аб даходах. Камісіі самі вырашаюць, што ёсьць памылка ў дэклярацыі, наколькі яна значная.
Таксама ў Беларусі захавалася такая архаічная форма вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты, якой няма ў сьвеце, як сходы працоўных калектываў. Такую форму можа скарыстаць толькі праўладны кандыдат. Гэты савецкі рудымэнт сьведчыць пра тое, што працоўныя калектывы ў Беларусі маюць палітычную функцыю. І гэта, дарэчы, адна з прычынаў, чаму ўлады адмаўляюцца ад рынкавых рэформаў. Бо прыватнымі структурамі было б кіраваць цяжэй.
Цікава, што сайт «Беларускі партызан» надрукаваў сьпіс будучых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў практычна па ўсіх акругах, за невялікім выключэньнем. Гэта было б сьмешна, калі б не было так сумна. Гэта і ёсьць квінтэсэнцыя беларускіх выбараў.
Карней: Істотная ў параўнаньні зь мінулымі выбарчымі кампаніямі колькасьць кандыдатаў у дэпутаты зь ліку дэмакратычных актывістаў — а сярод іх нямала сапраўды вядомых асобаў — сьведчыць пра пэўныя тэндэнцыі як у лягеры ўладных структураў, так і ў шэрагах апазыцыі.
20 гадоў ужо прачакалі, але ў такім чаканьні можа мінуць і астатняе жыцьцё
Відавочна, што папулярная ідэя татальнага байкоту «імітацыі выбараў» на тле нібыта развароту Беларусі на Захад зазнала рэвізію — прынамсі, у пэўнай частцы апазыцыйных партыяў і рухаў. Зьявілася разуменьне: каб нечага дасягнуць, трэба спрабаваць нешта рабіць. Сядзець склаўшы рукі і чакаць, што табе на падносе прынясуць «шапку Манамаха» — як мінімум наіўна. 20 гадоў ужо прачакалі, але ў такім чаканьні можа мінуць і астатняе жыцьцё. Таму ёсьць спроба пачаць варушыць «палітычнае балота» хай сабе праз умоўную, але ўсё ж заканадаўчую ўладу. Некаторыя пры гэтым выказваюць меркаваньне, што гэтым разам усё, можа, і збудзецца. Так, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў пакідае вялікую імавернасьць, што пасьля працяглага перапынку яму зноў удасца папрацаваць у парлямэнце.
На месцы ў Палаце прадстаўнікоў сур’ёзна разьлічваюць кіраўнікі кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў. Яны ўсяляк паказваюць, што мы за мірныя перамены ў супрацоўніцтве з уладай, а гэта значыць, баяцца нас ня трэба, свае людзі, дамовімся.
Лібэралізацыя па-беларуску тым і адрозьніваецца, што ня мае выразнай лёгікі
Іншая справа, наколькі сур’ёзныя намеры ўладаў пабачыць у Авальнай залі людзей, з пазыцыяй якіх ішло змаганьне цягам апошніх двух дзясяткаў гадоў? Зразумела, што адміністрацыйны рэсурс з аднолькавай эфэктыўнасьцю можна падключыць на любым этапе выбарчай кампаніі. Калі Алеся Лагвінца з досыць дзіўнай фармулёўкай дыскваліфікавалі на этапе рэгістрацыі, то дзе гарантыя, што Юрася Губарэвіча ня здымуць з дыстанцыі за неадпаведную агітацыю?
Лібэралізацыя па-беларуску тым і адрозьніваецца, што ня мае выразнай лёгікі і лёгка прыстасоўваецца пад палітычныя патрэбы — як той дышаль. Калі зьвярнуцца да актуальнай сёньня алімпійскай тэмы, выхад шэрагу знакавых пэрсон у наступны раўнд яшчэ не азначае, што яны дойдуць да фінальнай стадыі, дзе і пазмагаюцца за дэпутацкія месцы. Рэгістрацыя, на жаль для многіх, — гэта яшчэ не аўтаматычны пропуск у лік абраных і ўзгодненых.