Прыехаўшы на радзіму ў Беларусь, журналістка Радыё Свабода Ганна Соўсь пажыла шаснаццаць дзён на беларускіх харчах. Пры паўторнай праверцы ў інстытуце «Белрад» на наяўнасьць радыеактыўнага цэзію-137 у арганізьме было зафіксавала перавышэньне над першапачатковым замерам на 4,5 бэкерэля. Было — 10, стала — 14,5 бэкерэля на кіляграм.
З Ганнай мы знаёмыя даўно, і яна прапанавала: «Паслухай, ты ж, здаецца, ліквідатар. Напішы, колькі носіш у сабе гэтых бэкерэляў. Ці правяраюць ліквідатараў і наагул насельніцтва на наяўнасьць радыецэзію ў арганізьме?»
У кожнага свой «скарб»
Гамельчукі, вядома ж, бліжэй да Чарнобылю, і маюць свае «скарбы» радыенуклідаў — меншыя ці большыя. І нават вельмі высокія...
Усур’ёз у рэгіёне задумаліся пра «бэры», «бэкерэлі», «зывэрты» хіба толькі на чацьвёрты год пасьля чарнобыльскай катастрофы, калі ў дзяцей і дарослых «палезьлі» захворваньні шчытападобнай залозы ды іншыя балячкі. Насельніцтва адчула сябе безабаронным перад наступам «мірнага атаму», і ўлетку 1989 году ў Нароўлі адбыліся першыя «чарнобыльскія хваляваньні».
Гомель па-сапраўднаму адрэагаваў на чарнобыльскую катастрофу 26 красавіка 1990 году. У чацьвёртую гадавіну на цэнтральную плошчу абласнога цэнтру выйшлі каля 10 тысяч гараджанаў — патрабавалі чыстых прадуктаў харчаваньня, інфармацыі пра радыяцыйную сытуацыю ў рэгіёне, гарантыяў аздараўленьня і бясьпечнага пражываньня.
У першых шэрагах пратэстоўцаў былі стачачныя камітэты «Гомсельмашу», станкабудаўнічага заводу імя Кірава, радыёзаводу «Прамень», а таксама дэмакратычныя абраньнікі Гомельскага гарадзкога савету.
У адным з тагачасных зваротаў на адрас вышэйшага кіраўніцтва былога Саюзу адзначалася, што для харчаваньня насельніцтва ў рэгіёне выкарыстоўваецца малако і мяса, у якіх радыецэзій «у сто разоў перавышае дааварыйны ўзровень, бульба — у 10 разоў, караняплоды — у 8, хлеб — у 5–7 разоў».
6 ліпеня таго ж 1990 году з гомельскай плошчы Паўстаньня ў Маскву рушыла калёна аўтобусаў зь лёзунгам: «Чарнобыль — наш боль!»
Высілкі дэмакратычных дэпутатаў, страйкамаў прадпрыемстваў, грамадзянская актыўнасьць насельніцтва спрычыніліся да таго, што ў 1991 годзе беларусы займелі адразу два законы — «Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» і «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падпалі пад радыяцыйнае забруджваньне ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС».
Акурат з таго часу мэдычныя ўстановы пачалі найбольш поўна аснашчацца неабходнай апаратурай для дасьледаваньняў, а людзі, што працавалі ў 30-кілямэтровай зоне адразу пасьля чарнобыльскай катастрофы, атрымалі статус удзельнікаў ліквідацыі аварыі на ЧАЭС, папросту — «ліквідатараў».
«Агонь» па журналісту
Першыя дасьледаваньні як ліквідатар я праходзіў у Гомелі ў Беларуска-галяндзкім цэнтры пры абласной паліклініцы па вуліцы Братоў Лізюковых. Быў такі сумесны праект у Гомелі. База зьвестак гэтай паліклінікі, мяркую, «перавандравала» пазьней у пабудаваны Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека, дзе функцыянуе Дзяржаўны дазымэтрычны рэгістар — у межах Адзінай дзяржаўнай сыстэмы кантролю і ўліку індывідуальных дозаў апраменьваньня насельніцтва.
Радыяцыйны цэнтар будаваўся цяжка. Былы савецкі ўрад адшкадаваў Гомельскай вобласьці 320 тысяч тон нафты, каб на Мазырскім нафтаперагонным заводзе зь яе вырабілі паліва і прадалі Захаду. Ну, а за выручаную валюту будавалі цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны. Валюту, вядома, атрымалі, але значную яе частку пусьцілі на розныя гаспадарчыя патрэбы — куплялі какава-бабы для кандытарскай фабрыкі «Спартак», імпартныя машыны для ДАІ, дапамагалі мясцоваму выдавецтву ды некаторым іншым арганізацыям.
У той час я працаваў уласным карэспандэнтам парлямэнцкай «Народнай газеты» і, вядома, напісаў пра такую «гаспадарлівасьць» кіраўнікоў аблвыканкаму. Як і водзіцца, «агонь» з усіх калібраў адкрылі па журналісту. А будоўлю цэнтру давялося надоўга замарозіць, ажно пакуль за яго ня ўзяўся на чацьвёрты год свайго кіраваньня першы беларускі прэзыдэнт.
Калі цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны агоралі, то сталі там дасьледаваць і ліквідатараў на наяўнасьць радыенуклідаў у арганізьме. Правяралі на лічыльніку выпраменьваньняў чалавека (СІЧ) найперш наяўнасьць цэзію-137 у страўнікава-кішачнай сыстэме. Прыстаўлялі датчык да жывата і мералі. Колькі там было тых бэкерэляў, цяпер і ня ўспомніць. Тады панавала так званая «35-бэрная канцэпцыя» бясьпечнага пражываньня. Прывезьлі яе і «ўклалі ў вушы» беларускаму кіраўніцтву навукоўцы з Масквы Ільін ды Кніжнікаў.
Сутнасьць канцэпцыі такая: калі за семдзесят гадоў жыцьця ўнутраная доза апраменьваньня чалавека ўкладваецца ў 35 бэр, то бок у 35 рэнтген альбо 350 мілізывэртаў, то гэта і ёсьць бясьпечнае пражываньне на заражанай тэрыторыі.
Натуральна, што гамельчукі лёгка «ўкладваліся» ў такія парамэтры, хоць веры гэтай канцэпцыі ніхто асабліва й не даваў, называючы яе «жорсткай» і «бесчалавечнай».
Але мэдычны агляд праходзіць даводзілася.Тады ліквідатары карысталіся льготамі, у прыватнасьці, бязвыплатнымі санаторнымі пуцёўкамі, дадатковым двухтыднёвым адпачынкам. Ня пойдзеш на агляд — не атрымаеш заключэньне лекара на дармовую пуцёўку.
Пачынаючы зь верасьня 1995 году, ільготы ліквідатарам пачалі курчыцца як шчыгрынавая скура. І цяпер, калі ты не інвалід, то паводле абноўленага ў 2009 годзе чарнобыльскага закону маеш хіба толькі першачарговае права ўступіць у гаражны каапэратыў ды атрымаць дадатковы 14-дзённы адпачынак у зручны час. Зразумела, за свой кошт.
Так што цікавасьць да вымярэньняў аб’ектыўна зьнізілася і ў саміх ліквідатараў. Дый не ліквідатары мы пасьля чарговай перарэгістрацыі, а проста «пацярпелыя». Ліквідатараў цяперашнія ўлады зьліквідавалі.
І лекары ўжо не прапануюць гомельскім «пацярпелым-ліквідатарам» праходзіць дасьледаваньне на СІЧы, нават калі праводзяць плянавыя мэдычныя агляды.
«Запаведны напеў» — на СІЧы
Летась, калі Гомельская філія Беларускай асацыяцыі журналістаў ладзіла прэс-тур у Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік, мы дайшлі і да пытаньня кантролю за станам здароўя пэрсаналу. Мышы, птушкі, дзікі, ласі, глеба і нават дрэвы — гэта добра, што іх дасьледуюць. А як людзі рэагуюць на радыяцыю? Тыя, хто ахоўвае заражаныя лясы й балоты, змагаецца з пажарамі ў радыяцыйнай зоне, калі яны надараюцца, здабывае матэрыял для навуковых дасьледаваньняў?
Дырэктар запаведніка Пётар Кудан гасьцінна запрасіў нас на станцыю дэзактывацыі, дзе супрацоўнікі пераапранаюцца, прымаюць душ, праходзяць дазымэтрычны кантроль.
Замерацца прапанавалі і журналістам. Мне гэтая працэдура была знаёмая, і я сеў у крэсла СІЧа першым. Называю вагу, рост, і супрацоўнік службы радыяцыйнага кантролю пачынае замеры. Гэта займае літаральна хвіліну.
Кампутар выдае: 235 бэкерэляў, альбо 2,5 бэкерэля на кіляграм. Чаканая гадавая эфэктыўная доза ўнутранага апраменьваньня — 0,007 мілізывэрта.
Каляжанка з Салігорску замяраецца наступнай. Яе паказьнік на адну тысячную вышэйшы — 0,008 мілізывэрта, 269 бэкерэляў.
Мяне мае замеры зьдзіўляюць. Даўно не спажываю мясцовай малочнай прадукцыі, мяса таксама імкнуся купляць у прыватнікаў, дзе тэрыторыі чысьцейшыя. Не зьбіраю ў лясах ані ягад, ані грыбоў. Рыба — пераважна марская. Застаюцца хлеб, бульба, гародніна.
Яшчэ больш мяне зьдзіўляюць замеры каляжанкі, якая жыве ў адносна чыстым раёне.
Тым часам дазымэтрыст нас супакойвае: «У нас тут некаторыя супрацоўнікі набіраюць і паўтара, і два, і тры мілізывэрты. Раней і больш бывала».
А што такое 3 мілізывэрты? Гэта 1200 бэкерэляў. Але ж гэта людзі, якія працуюць у асаблівым месцы, з адпаведным каэфіцыентам надбаўкі да заробку, дадатковым адпачынкам і магчымасьцю раней выйсьці на пэнсію, бо год працы ў запаведніку залічваецца як паўтара года на чыстых тэрыторыях.
Паход у цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны
У адзін з жнівеньскіх дзён выправіўся ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека —той самы, празь які вялі «агонь» і па мне асабіста. Сярод платных паслуг цэнтру значацца і радыемэтрычныя замеры на СІЧы. Кошт — 1 рубель 92 капейкі. Падобныя апараты ў рэгіёне ёсьць і ў шпіталях у пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС раёнах — Хойніцкім, Брагінскім, Чачэрскім.
Спэцыялістка кабінэту 1-65, якая прымае пацыентаў на СІЧ, пытаецца — чаму вырашыў зрабіць замеры?
«Вырашаю для сябе, — адказваю, — спажываць гомельскія грыбы ці не».
Лясных грыбоў, асабліва лісічак і баравікоў, цяпер багата на гомельскіх рынках. Іх прадаюць уздоўж бойкіх аўтамабільных магістраляў, у які б бок ні кіраваўся з Гомеля — на Берасьце, Менск, Магілёў.
Рэспубліканскія гігіенічныя ўзроўні ўтрыманьня радыенуклідаў дапускаюць спажываньне сьвежых грыбоў, калі ў іх утрымліваецца радыецэзію да 370 бэкерэляў на кіляграм. Але людзі не заўсёды правяраюць так званыя лясныя дары. І СІЧ выяўляе грыбных гурманаў: у мужчыны з Нараўлянскага раёну пасьля спажываньня грыбоў зафіксавалі ў арганізьме каля 2 тысяч бэкерэляў радыецэзію.
Зрэшты, перавышэньні гігіенічных нарматываў утрыманьня радыенуклідаў абласная санстанцыя выявіла за мінулы тыдзень у 38 адсотках пробаў лясных ягадаў і ў 42 адсотках — грыбоў. Цэзій-137 «вылазіць» у самых нечаканых месцах: у чарніцах, сабраных у лесе блізу вёсак Карпаўка Лоеўскага раёну і Кісьцяні Рагачоўскага раёну; у лясных грыбах, здабытых каля вёскі Каратоп Нараўлянскага раёну і вёскі Цупер, што пад Жлобінам.
Невялікі экскурс у экалягічную сытуацыю рэгіёну перапыняе супрацоўніца радыяцыйнага цэнтру: гатовыя мае асабістыя замеры.
«У вас у арганізьме, — чытае супрацоўніца з манітора, — зафіксавана 243 бэкерэлі. Разьліковая доза ўнутранага апраменьваньня — 0,007 мілізывэрта ў год».
Пытаюся ў супрацоўніцы пра рэкамэндацыі: «243 бэкерэлі — зь імі што рабіць?»
«Ды нічога. Праз 90 дзён палова зь іх выведзецца з арганізму. Галоўнае — другая лічба: 0,007 мілізывэрта. А гадавая дапушчальная доза — 1 мілізывэрт».
Пакуль супрацоўніца выпісвае пасьведчаньне аб правядзеньні радыемэтрычных замераў, прыгадваю, дзе мог набраць столькі радыецэзію. Былі сёлета прэс-туры на Чарнобыльскую АЭС, у выселеныя зоны ў Брагінскім і Буда-Кашалёўскім раёнах. Але ж, добра ведаючы радыяцыйную сытуацыю ў рэгіёне, ня кваплюся ні на грыбы, ні на ягады. Чарніцы сёлета купляў толькі адзін раз, у якіх, паводле даведкі, утрымлівалася менш як 10 бэкерэляў на кіляграм. Значыць, застаецца адна сьцежка-дарожка для радыенуклідаў у арганізм, пазначаная вышэй — гародніна, бульба, хлеб, у нейкай ступені, магчыма, «чырвонае» мяса, якое часам даводзіцца купляць на рынку.
Каб параўноўваць мае асабістыя замеры з замерамі Ганны Соўсь, бракуе аднаго паказьніку — агульнай колькасьць бэкерэляў у арганізьме журналісткі. У выдадзеным інстытутам «Белрад» квітку гэта не пазначана. І неяк не выпадае думаць, што ў маім арганізьме радыенуклідаў менш, чым у каляжанкі з Прагі, ажно ў 5 разоў. Дапускаю, што і ў маіх замерах ёсьць нейкая мэтадалягічная недакладнасьць.
Няма патрэбы дадаткова тлумачыць, якую шкоду, трапіўшы ў арганізм, нясуць радыенукліды чалавеку. Скажу толькі, што ў дзевяностыя гады цяпер ужо мінулага стагодзьдзя высілкамі прафэсараў Васіля Несьцярэнкі і Юрыя Бандажэўскага (Бандажэўскі на той час — рэктар Гомельскага мэдычнага інстытуту) на некаторых гомельскіх прадпрыемствах наладжваўся выпуск пробных партыяў пратэктараў — прэпаратаў, здольных паскараць вывад радыенуклідаў з арганізму. Ініцыятыва належнай падтрымкі не атрымала, і цяпер гамельчукі, я ў тым ліку, носяць свой радыецэзій з сабою. Зразумела, да той пары, пакуль ён ня выкіне які-небудзь фортэль — у выглядзе піеланэфрыту, інфаркту міякарда ці нядобрай пухліны.
Анатоль Гатоўчыц
Ад рэдакцыі: Вас чакае працяг расьследаваньня Свабоды пра Цэзій-137 у іншых рэгіёнах Беларусі, а таксама пра тое, што лічыцца нормай ў Беларусі і што насамрэч зьяўляецца бясьпечнай дозай, а таксама пра ўзьдзеяньне малых дозаў радыяцыі на здароўе чалавека.
Журналіст з Магілёва ўпершыню праверыў узровень радыяцыі ў сваім арганізьме