1 ліпеня ў Беларусі ўпершыню з савецкіх часоў зьявіліся ўласныя манэты. Рыхтаваліся да новых грошай ня толькі ў банках і крамах. Хірургі былі гатовыя, што да іх будуць паступаць дзеці, што праглынаюць манэты. І хоць прыток дзяцей з манэтамі і ў страваводзе спаў, лекары прагназуюць новую хвалю з пачаткам вучэбнага году.
Усё, што зьвініць і блішчыць, трапляе ў рот дзіцяці
Да першага ліпеня у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай хірургіі ўжо закупілі дадатковыя інструмэнты для выдаленьня іншародных целаў. Тут прадбачылі, што як толькі ў краіне зьявіцца маса манэт, непрызвычаеныя да іх дзеці пачнуць спрабаваць іх на смак.
«У нас цэлае пакаленьне вырасла без манэт, — расказаў Свабодзе Аляксандар Свірскі, загадчык адзьдзела дзіцячай хірургіі РНПЦ. — І мы меркавалі, што колькасьць дзяцей з манэтамі ў нас значна павялічыцца».
Дрэнныя чаканьні хірургаў апраўдаліся. Самы вялікі наплыў у РНПЦ здарыўся ў першыя два тыдні ліпеня. У некаторыя дні сюды зьвярталіся да дзесяці разоў на дзень. Палове з гэтай колькасьці дзяцей пад наркозам рабілі эндаскапічнае выдаленьне манэт з стрававода і страўніка.
Часьцей за ўсё сюды прывозяць дзяцей ад 2 да 5 год. Пазнаючы сьвет, яны цягнуць у рот усе прадметы, якія да іх трапляюць.
«Мы ведаем, што дзіця ад 2 да 5 як губка ўбірае ў сябе інфармацыю, — кажа Сьвірскі. — Спазнае свет ня толькі вачыма, але абавязкова павінна пакаштаваць на язык. Дзіця будзе цягнуць усё ў рот. Асабліва тое, што блішчыць ды зьвініць».
Раней былі экзатычныя манэты, а зараз пайшлі нашыя
У кабінэце эндаскапіі сабраная самая сапраўдная нумізматычная калекцыя. Гэта манэты, якія выцягнулі з дзіцячых стаўнікаў і страваводаў. Зьбірае яе Алег Паталета, лекар-эндаскапіст.
«Раней была адна экзотыка. Вось украінскія, азэрбайджанскія, ААЭ, французскі франк, фенішкі ФРГ», — распавядае пра манэты Паталета.
Беларускія ён паказвае толькі на здымках з эндаскопа. Калі ён іх дастае, то аддае бацькам.
«Вось бачыце тут ажно дзьве манэткі 20 і 10 капеек. Хлопчык ляжаў у адзьдзяленьні траўматалёгіі і праглынуў грошы, якія яму пакінула мама».
Каб дастаць манэту ці іншы праглычаны прадмет, Паталета мае цэлы набор розных інструмэнтаў: шчыпцы, петлі, кошыкі. Разам з эндаскопам ён прасоўвае іх праз стрававод ўнутр дзіцяці і потым выцягвае.
«Ад ягонага прафэсыяналізму залежыць, ці будуць потым ускладненьні, — кажа Сьвірскі. — Як і пасьля любой мэдычнай манпіпуляцыі, ад іх ніхто не застрахаваны».
Праглынутая батарэйка можа прапаліць унутраныя органы
Пасьля розгаласу ў СМІ, наплыў дзяцей з манэтамі спаў. Але ўсё адно штодня ў РНПЦ прывозяць прынамсі 1-2 дзіцяці з праглычаным іншародным целам.
Сярод праглычаных прадметаў, па словах лекараў, самыя небясьпечныя — гэта пляскатыя батарэйкі, а не манэты. Калі батарэйка зараджаная, яна можа прапаліць стрававод страўнік, ці, што самае небясьпечнае, трахею.
«Калі бацькі не заўважылі, праз дзве-тры гадзіны батарэйка выклікае сур’ёзныя апёкі, — кажа Сьвірскі. — А пройдзе яшчэ большы час, то яна прапальвае сыстэму стрававода і суседнія органы».
У дзень рэпартажу ў РНПЦ ляжала маці, чыйму дзіцяці апэратыўна дасталі батарэйку са страўніка эндаскопам. І хоць яна хутка заўважыла зьніклую батарэйку, а хуткая адразу прыехала, у страўніку ўсё адно засталіся сьляды ад апёкаў.
«Але добра, што яна была ў страўніку, — кажа Аляксандра. — Батарэйкі могуць захрасаць і ў страваводзе, што нашмат страшней».
Пры самым горшым раскладзе дзіцё ўвогуле можа застацца інвалідам. Праз праглычаныя манэты, вострыя прадметы, магніты і асабліва ад выпітых хімікатаў сёлета каля 40 дзяцей назіраюцца ў РНПЦ.
На ўзроўні вачэй дзіцяці ўважліва аглядайце пакой
Пакуль хірургі вярнуліся да звычайнага рэжыму. Але ўжо праз пару тыдняў, калі дзеці пойдуць у школу, яны прадбачаць новы наплыў дзяцей з манэтамі.
«Бацькі аслабяць сваю ўвагу, а ў дзяцей зьявіцца дробязь. Звароты сярод малодшых школьнікаў ізноў ўзрастуць», — лічыць Сьвірскі.
Каб потым не зьвяртацца да лекараў, хірург заклікае бацькоў заўжды правяраць памяшканьне, у якое трапляюць дзеці.
«На ўзроўні вачэй дзіцяці трэба ўважліва аглядзець увесь пакой, ці не трапляюцца ў поле зроку небясьпечныя прадметы».
Таксама і цацкі, якімі гуляюцца малыя дзеці, варта праверыць на небясьпечныя дэталі. Аляксандра, якая патрапіла ў шпіталь са сваім сынам, раіць правяраць электронныя цацкі на дадатковы вінт, які не дазвавляе дастаць зь яе батарэйкі.
«Бацькі пакінулі дзіця без нагляду — і праз 30 сэкунд яно можа стаць інвалід, — кажа Сьвірскі. — Як толькі ваша дзіця прыціхла, ідзіце і глядзіце. Хутчэй за ўсё вы застанеце яго за пазнавальным працэсам. Патэнцыйна ён скончыцца інвалідызацыяй».