Тэлеканал АНТ у сваім сюжэце «Татуіроўкі за граньню маралі і закону: якая сымболіка падпадзе пад забарону?» закрануў тэму дзейнасьці расейскіх нацыстаў у Беларусі.
Як адзначаецца ў сюжэце, за час незалежнасьці было шмат спробаў зрабіць нэанацысцкі рух масавым. У якасьці ілюстрацыі журналісты тэлеканалу прадэманстравалі кадры, дзе байцы беларускага аддзяленьня РНЕ зігуюць пад вокліч «Слава Расеі».
«Мабыць, самы наглядны прыклад — РНЕ, „Рускае нацыянальнае адзінства“. Яго актывісты заклікаюць беларусаў адмовіцца ад сваёй дзяржаўнасьці і выкарыстоўваюць тыя ж жэсты, што і нямецкія фашысты. Вядомыя факты, калі актывісты РНЕ праз сацыяльныя сеткі спрабуюць вэрбаваць беларусаў для ўдзелу ў баявых дзеяньнях на Данбасе. Каб узмацніць узьдзеяньне на розумы, нэанацызм зьмешваюць з праваслаўнай сымболікай. Рэлігійную карту актыўна спрабуюць выкарыстоўваць і іншыя падобныя да Рускага адзінства рухі, арганізоўваюць паездкі ў падлеткавыя ваенна-патрыятычныя лягеры на тэрыторыі Расеі. А там вучаць ваяваць».
Далей у сюжэце распавядаецца пра расейскага нэанацыста Аляксея Мільчакова, які працуе інструктарам у ваенна-патрыятычных лягерах для падлеткаў, куды ў тым ліку вазілі беларускіх дзяцей.
«Гэта інструктар — Аляксей Мільчакоў. Са свастыкай ён пазіраваў зь юных гадоў. А яшчэ любіў адразаць галовы сабакам і выкладваць фатаграфіі ў інтэрнэт. Пазьней хобі спатрэбілася яму ў Данецкай вобласьці, дзе нэанацыст пазіраваў на фоне трупаў. Няцяжка здагадацца, чаму можа навучыць такі пэдагог».
Таксама АНТ узгадвае гісторыю 17-гадовай даўнасьці, калі выхаванцы дзіцяча-юнацкай ваенна-спартыўнай школы выжываньня «Беркут» з гораду Сургут захапілі беларускую вёску:
«Патрыятычныя лягеры з праваслаўным ухілам пад сьцягам расейскай імпэрыі фіксуюць у розных частках Беларусі, а чым заканчваюцца такія гульні ў „Зарніцу“, выдатна памятаюць жыхары вёскі Мікалаеўка Гомельскай вобласьці. 17 гадоў таму гэты населены пункт захапілі падлеткі адной з расейскіх ваенна-патрыятычных арганізацыяў. Людзей зьбілі і ўзялі ў закладнікі. І хоць гэтыя „вучэньні“ скончыліся для іх арганізатара, грамадзяніна Расеі, трыма гадамі турмы, падобныя пэдагогі не перавяліся».
Тэма ваенна-патрыятычных лягераў для падлеткаў, дзе інструктарамі выступаюць расейскія нацысты, атрымала вялікі рэзананс вясной гэтага году.
У траўні газэта «Наша Ніва» паведаміла, што беларускіх дзяцей зь Віцебску, Друцку і Талачына сёлета вазілі ў Расею на ваенныя зборы, якія праводзілі баевікі брыгады «Русіч» і асабіста яе камандзір Аляксей Мільчакоў. Гаворка ішла пра тое, што дзяцей на зборы адпраўлялі празь мясцовыя ваенна-патрыятычныя клюбы, у тым ліку пры праваслаўных прыходах.
Пазьней Мільчакоў і «E.N.O.T. Corp» пацьвердзілі Свабодзе сваю датычнасьць да арганізацыі і правядзеньня ваенных збораў з удзелам беларускіх дзяцей.
У праваахоўных органах Беларусі заяўлялі, што інфармацыя пра ўдзел беларускіх падлеткаў у ваенна-патрыятычных зборах, арганізаваных нэанацыстамі, правяраецца і вывучаецца.