Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талер: знакі будучыні, якія мы абіраем


Талер. Эскіз Лявона Бартлава, 1990
Талер. Эскіз Лявона Бартлава, 1990

Дэнамінацыя нечаканым чынам ажывіла дыскусію пра талер – як назву нацыянальнай валюты.

Знаёмец махаў томам «Нумізматыкі Беларусі», і пералічваў назвы грошай часоў ВКЛ: пенязі, дукаты, соліды, дынары, грошы.

– А што вашы талеры, прыйшлі з Эўропы, хадзілі па ўсёй Эўропе, на тэрыторыі сучаснай Беларусі амаль не вырабляліся.

Сапраўды, а чаму – талеры?

19 верасьня споўніцца чвэрць стагодзьдзя, як у беларускую рэальнасьць на дзяржаўным узроўні былі вернутыя нацыянальныя герб і сьцяг. Тут усё зразумела: «Пагоня» як герб ВКЛ – протабеларускай дзяржавы. Б-Ч-Б – сьцяг БНР. Гімн... Гімн прамарнавалі, бо не было згоды сярод зацікаўленых. Кожны хацеў замацаваць сябе ў гісторыі як аўтар варыянта ці новага гімна. А чацьверты, неафіцыйны, сымбаль краіны – грошы – быў прапанаваны пад назвай «талеры».

Я зразумеў для сябе абсалютна рацыянальны сэнс слова «адраджэнец». Гэта немалая група энтузіястаў, якія раскопвалі ў архівах і ў простым сэнсе пад зямлёй веды пра мінуўшчыну Беларусі, і перадавалі іх у простым і ўскосным сэнсе наверх, да шырокіх колаў.

Гэтай групай талер быў прапанаваны як адзін з сымбаляў ідэалёгіі беларускай незалежнай дзяржавы. Талер – як пазнака эўрапейскасьці. Той самай усіхнай эўрапейскасьці, якой абураўся мой знаёмец.

Герб і сьцяг узялі, талер – не. Посткамуністычныя кіраўнікі постБССР былі абыякавыя да якой-кольвек сымболікі. Таму так проста замянілі серп і молат на «Пагоню». А вось грошы для іх – «сьвятое», – так паўжартам думаў я пра фэномэн псыхалягічнай прывязкі да назвы «рубель». Рубель (рубль): Масква – цэнтар – улада – посьпех. Такая, відаць, асацыяцыя ў тых, хто адмовіўся ад талера.

Тлумачу знаёмцу, што акурат у гэтым і фішка – у назьве нацыянальнай валюты зафіксаваць эўрапейскі кантэкст большай часткі гісторыі Беларусі. Больш за тое, цяперашняя неафіцыйная валюта беларусаў даляр – гэта мадыфікаванае слова «талер».

Справа не ў нумізматыцы і нават гісторыі як такой.

Грошы – сымбаль, сымбаль – ідэя, ідэя – ідэалёгія.

Колькі ні нагадвай, што на тэрыторыі Беларусі таксама рубілі грыўні, а значыць, былі і грыўні, і рублі, усе разумеюць, што рубель (рубль) – сёньня выключна расейскі, маскоўскі сымбаль.

Прапануй грамадзтву дыскусію, свае аргумэнты, – кажу свайму знаёмаму, – і, магчыма, перавага будзе за дукатам, напрыклад.

Ключавое слова – «прапануй».

Які сэнс адраджаць веды пра мінулае, калі яны не дапамагаюць табе сфармуляваць візію будучыні?

Знак талера – эўрапейскасьць. Я за гэтым словам бачу вяршэнства асобы над дзяржаўнай сыстэмай. А ты?

За рублём я бачу апрычніну, казёншчыну і прыгон.

А што ты бачыш за дукатам ці солідам? Калі табе ня проста больш падабаюцца словы, калі ты захопіш сваёй супольнай для будучыні краіны ідэяй, я – на тваім баку.

Ці будзе ў беларусаў калі талер? Не выключаю, што ад рубля мы пяройдзем адразу да эўра. У такім выпадку сярод спэцыяльных эмісій там мусіць быць манэтка з выявай талера на рэвэрсе. Як сымбаль імкненьня вярнуць сваё беларускае – эўрапейскае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG