Пра гэта Свабодзе паведаміў сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік:
«Згодна з плянам правядзеньня парлямэнцкай выбарчай кампаніі мясцовыя выканаўчыя органы атрымалі тры дні на тое, каб сфармаваць участковыя камісіі. Хтосьці пачне гэтую працу сёньня. Але, думаю, бальшыню кандыдатаў зацьвердзяць у аўторак і сераду.
Пакуль я не магу дакладана сказаць, колькі існуе прэтэндэнтаў на тое, каб лічыць бюлетэні. Яшчэ ідуць падлікі, бо фармальна падаваць адпаведныя дакумэнты можна было і ўчора. Мы зараз працуем зь лічбамі. Бо накіроўваць у камісіі маюць права і партыі, і працоўныя калектывы, і грамадзяне праз збор подпісаў. Дзесьці дадзеныя дублююцца. Таму нам патрэбны пэўны час, каб інфармацыя не была «сырой».
Галоўная функцыя ўчастковых камісіяў — лічыць галасы выбарцаў, якія аддалі іх таму ці іншаму прэтэндэнту на дэпутацкі мандат. Апазыцыйныя партыі на папрокі, што яны вылучаюць мала кандыдатаў у акруговыя камісіі заўжды адказваюць, што для іх галоўнае ўчастковыя камісіі, бо маўляў, там крыніца фальсыфікацыяў.
Сёлета Аб’яднаная грамадзянскай партыя вылучыла кандыдатаў ва ўсе, бяз выключэньня, участковыя камісіі ў дзьвюх акругах. У Менску 40 актывістаў ахопяць 105-ую выбарчую акругу, дзе вылучаецца новы намесьнік старшыні партыі Мікалай Казлоў. А ў Гомельскай-сельмашаўскай акрузе пад увагай актывістаў будуць усе 34 участкі, дзе балятуецца Ўладзімер Кацора. Усяго аж ад АГП вылучаны 221 прэтэндэнт у сябры ўчастковых камісіяў. Пра гэта Свабодзе распавёў намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў.
Адказны за каардынацыю працы партыі левых «Справядлівы сьвет Валеры Ўхналёў паведаміў, што найбольшая колькасьць вылучэнцаў ва ўчастковыя камісіі ў Віцебскай і Гомельскай абласьцях. Лідэр партыі Сяргей Калякін сёлета балятуецца ў Оршы. Гэтае рашэньне Ўхналёў тлумачыць так:
«У Менску была нашая „любімая“ 106-я акруга. Там балятаваліся раней і Калякін, і я. Аднак гэтым разам гэтую акругу перадалі нашаму маладому актывісту Вікторыі Лыньковай. Яна далучылася да партыі летась падчас удзелу Сяргея Калякіна ў прэзыдэнцкай кампаніі. Што тычыцца мяне, то я ў выбарах цяпер ня ўдзельнічаю. Трэба было выбіраць — альбо балятавацца, альбо займацца арганізацыйнай працай. А ўсяго мы вылучылі для працы ва ўчастковых камісіях — 197 чалавек».
Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 11 верасьня.