Можна прыдумаць штосьці людзкае, настальгічнае. Напрыклад, наняць скрыпача, няхай выконвае «Разьвітаньне з радзімай».
Перш аэрапорту патрэбная назва. Грунтоўная, важкая. Дакладней, імя дзеяча нацыянальнага маштабу. Традыцыя адносна новая. Даволі нядаўна сталі даваць «паветраным варотам» чалавечае імя. Але гэта традыцыя міжнародная, эўрапейская перадусім. Мадрыдзкі аэрапорт, напрыклад, мае імя Адольфа Суарэса, першага прэм’ер-міністра Гішпаніі, што вярнулася да дэмакратыі пасьля сьмерці дыктатара Франка. Суарэс памёр 23 сакавіка 2014 году, з наступнага дня аэрапорт атрымаў ягонае імя. У Празе далі аэрапорту імя Вацлава Гаўла, а ў Гданьску – былога прэзыдэнта Валэнсы, які яшчэ жывы.
У Ліёне іншы выпадак: міжнародны аэрапорт імя пісьменьніка Сэнт-Экзюпэры, які сам быў знакамітым лётчыкам.
Днямі я апынуўся ў варшаўскім аэрапорце імя Фрэдэрыка Шапэна. І вельмі мілую прыдумалі палякі рэч, вельмі турыстычную, між іншым. Паставілі раяль і шыльду: запрашаем выконваць музыку Шапэна.
Тысячы людзей за дзень у той залі бываюць. Ясна, піяністаў па пальцах пералічыць можна. Але я сам бачыў, як адзін спадар, уладкаваўшыся за раялем, стаў выконваць Шапэна. Было чатыры раніцы. Чароўны момант.
У Рызе ў аэрапорце запомніліся скрынкі зь зямлёю, кожны можа ўзяць жменьку ў дарогу. Што за зямля? З краёў Латвіі — Відзэме, Курзэме, Зэмгале і Латгаліі. Вельмі крэатыўна.
Менскі аэрапорт мне згадваецца балалайкамі з саломы. Праўда, прысутнічала і гітара. Што яшчэ прыдумаць, каб аэрапорт запамінаўся? Паставіць статую Леніна ўнутры? Павесіць партрэт Лукашэнкі, пафарбаваны пад золата герб?
Я паставіў бы друкарскі варштат. Накшталт таго, што ў полацкім музэі кнігадруку. Вядома, з эпохі Скарыны. І каб вісела ў паветры вялікая лічба «500». І каб кожны ахвотны мог адбіць сам альбо атрымаць сьвежую адбітку з партрэтам Скарыны ці зь першай старонкай славутай Бібліі.
Рэкляма для краіны, зразумела. І для аэрапорта таксама. Бо тады ён набудзе аблічча. Адметнае. Тады яго ня зблытаеш больш ні зь якім іншым.
І з гэтай нагоды нядаўняя ініцыятыва – назваць аэрапорт прозьвішчам першадрукара – мне здаецца выдатнай і своечасовай. Зварот падпісалі акадэмікі, дактары навук, вядомыя ў акадэмічным, інтэлектуальным, культурным асяродзьдзі людзі. Канечне, ініцыятары вывучылі заканадаўства. Але ўсё ж аб галоўным (наконт аэрапорту) вырашылі прасіць Кабякова, а Лукашэнку толькі — зрабіць днём друку 6 жніўня – мне здаецца пралікам.
У краіне ўсё вырашае адзін чалавек. Хоць вядома: ягоныя адносіны са Скарынам складаныя. Мякка кажучы. Выкінуць імя першадрукара з галоўнага праспэкту краіны — трэба мець прычыну. І доўга не было адмашкі на помнік Скарыну ў сталіцы. Ён ня мог не ўсьведамляць, што Скарына — беларус нумар адзін. А чаму не Лукашэнка? Адсюль і суперніцтва.
Але ў дадзены момант Лукашэнку выгадна будзе выкарыстаць імя Скарыны. А назваць аэрапорт Скарынаўскім можа толькі ён сам. І ніхто больш. І сярод жывых сёньня беларус нумар адзін – ён.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.