Украінскі журналіст Андрэй Кулікоў, які за дзень да забойства сустракаўся і запісваў з Паўлам інтэрвію для «Грамадзкага радыё», паведаміў, што ў часе гэтай размовы не заўважыў ніякай занепакоенасьці ўласнаю бясьпекаю з боку Шарамета.
Учора позна ўвечары ўкраінскае выданьне «Дзеркало тижня» са спасылкай на свае крыніцы ў праваахоўных органах паведаміла папярэднія вынікі агляду цела і аўтамабіля Паўла Шарамета. Паводле іх, выбух быў накіраваны на кіроўцу і шанцаў выжыць у журналіста не было. «Калі б у машыне знаходзіліся пасажыры, яны, хутчэй за ўсё, выжылі б», — адзначылі ў паліцыі.
Апроч таго, сьледзтва схіляецца да вэрсіі, што мэтай злачынцаў быў менавіта Павал. «Разьлік быў дакладны і правільны. Выбухоўкі было закладзена роўна столькі, каб хапіла толькі для кіроўцы і каб ня ўразіць нікога побач. Гэта было паляваньне выключна на ахвяру забойства», — сказаў суразмоўца.
Цырымонія разьвітаньня пачалася, у залю, дзе стаіць труна, ужо пачалі пускаць людзей.
На пляцоўцы каля Ўкраінскага дому сабралася каля 300 чалавек. Сярод іх ёсьць і беларусы, якія адмыслова прыехалі на цырымонію.
«Мы адпачывалі ў Адэсе, калі даведаліся пра гэтую трагедыю, і сёньня ўначы селі на цягнік і прыехалі ў Кіеў. Гэта забойства нас проста шакавала», — сказала адна зь беларусак. Яна прынесла чырвоныя ружы, перавязаныя бел-чырвона-белай стужкай.
Усе жадаючыя пакідаюць у Кнізе памяці запісы.
Выступае галоўны рэдактар «Украінскай праўды» Сеўгіль Мусаева.
Ля труны сядзяць маці, Алена Прытула, калегі.
Разьвітацца з Шараметам прыехалі яго калегі з Масквы.
Разьвітацца з Паўлам прыходзяць звычайныя грамадзяне, журналісты, палітолягі, дэпутаты.
Сяргей Бунтман, намесьнік галоўнага рэдактара ’’Эхо Москвы’’ сказаў:
«Як бы неадназначна ні ставіліся да Паўла, мне здаецца, асноўнымі адметнымі рысамі Паўла былі выразнасьць, яснасьць, удумлівасьць, такая ўнутраная экспэртыза. Ён працаваў як прафэсіянал, ён аналізаваў. Уявіце сабе такую велізарную лябараторыю, якая знаходзіцца ў адным чалавеку, ён мог ня мець рацыі, як і ўсе мы, у высновах, але яны былі заснаваныя на яго рэальных назіраньнях, ведах і галоўнае — жаданьні высьветліць тое, што ёсьць на самай справе, а ня тое, што здаецца ці камусьці спадабалася б. Сьветлая яму памяць. Ён быў чалавек-крытэр у прафэсіі».