Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сустрэчу з Папам паедзе амаль 6 тысячаў беларусаў


Папа Рымскі Францішак
Папа Рымскі Францішак

Больш як 5,5 тыс. беларусаў возьмуць удзел у каталіцкіх Сусьветных днях моладзі, якія пачынаюцца 26 ліпеня ў польскім Кракаве.

Каля 500 маладых беларусаў ужо выехалі з чыгуначнага вакзалу ў Горадні. Нягледзячы на тое, што чыгуначны рух паміж Кузьніцай Беластоцкай і Горадняй летась быў ліквідаваны, цяпер пусьцілі для пілігрымаў адмысловы цягнік. Дабірацца да Кракава палёмнікі будуць і аўтобусамі. Перад Кракавам у пілігрымаў заплянаваны гэтак званы Місійны тыдзень: на гэты час удзельнікі сустрэчы разьедуцца па дыяцэзіях Польшчы.

— Цяперашні ўдзел беларускіх каталікоў у Сусьветных днях моладзі юбілейны — дваццаць пяты. Упершыню мы бралі ўдзел у 1991 годзе ў Чэнстахове. Тады беларускія каталікі і каталікі Ўкраіны і Расеі ўпершыню прынялі ўдзел у гэтым сусьветным форуме. То гэтым разам едуць, можна сказаць, дзеці першых удзельнікаў — новае пакаленьне моладзі. А за гэтыя гады беларускія каталіцкія вернікі пабывалі на такіх сустрэчах у Рыё-дэ-Жанэйра, у Мадрыдзе, у Кёльне і іншых гарадах, — расказаў Свабодзе адказны за арганізацыю выезду, ксёндз Антоні Грэмза.

Усяго ў Польшчы чакаюць каля 2 млн. маладых каталікоў са 185 краін сьвету. Падчас фэстывалю зь вернікамі сустрэнецца Папа Рымскі Францішак.

Як распавёў кіраўнік Службы друку Сьвятога прастола айцец Фэдэрыка Ламбардзі, Папа Францішак падчас сваёй паездкі ў Кракаў на Сусьветныя дні каталіцкай моладзі будзе перасоўвацца па горадзе на трамваі, а таксама карыстацца і іншымі транспартнымі сродкамі: апрача традыцыйнага адкрытага папамабіля, прадугледжаны верталёт і невялікія машыны на электрычным маторы.

Усясьветныя дні моладзі ў Кракаве будуць праходзіць з 26 па 31 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG