На мінулым тыдні Свабода пісала, што блогера Антона Матольку выклікалі ў Магілёўскае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю ў якасьці сьведкі. Раней Матолька неаднаразова зьвяртаўся да праваахоўнікаў з мэтай высьветліць, чаму летась тыя спачатку затрымалі, а пасьля адпусьцілі беларуса-баевіка ЛНР Івана Яравога.
Упершыню пра 27-гадовага нараджэнца Магілёўшчыны, які паехаў ваяваць на Данбас на баку сэпаратыстаў пад пазыўным «Пушкін», паведаміла дзяржаўная газэта «СБ Беларусь сегодня» у нумары ад 11 лютага 2016 году. Аўтар артыкулу «Гастарбайтэры вайны» падкрэсьлівае: зьвесткі дакладныя, бо былі атрыманыя з міліцэйскіх даведак.
Яравы распавёў у інтэрвію Свабодзе, як ў Магілёўскім СІЗА сьледчы ставіўся да яго «па-чалавечы»: прыносіў ежу, дазваляў гуляцца ў кампутарныя гульні. Праз тыдзень Івана выпусьцілі пад расьпіску, што ён ведае пра крымінальную адказнасьць за наёмніцтва.
Нагадаем, у чэрвені Магілёўскі УБАЗ адрэагаваў на запыт Антона Матолькі наконт баевіка. Паводле міліцыянтаў, Іван Яравы не ўтрымліваўся ў Магілёўскім СІЗА ў пэрыяд з 01.01.2014 па 26.02.2016, і на яго не была заведзеная адпаведная крымінальная справа.
Пасьля публікацыі Свабоды «Пушкін» сам па тэлефоне выйшаў на сувязь з нашым карэспандэнтам.
«Канечне, я быў у СІЗА! А як вы думаеце, адкуль тады ў «СБ» пра мае існаваньне даведаліся? — кажа Іван, — «І калі мяне адтуль выпусьцілі, ніякага асаблівага дакумэнту не далі. Проста паставіў подпіс...»
Цяпер «Пушкін» вярнуўся ў Луганскую вобласьць пасьля лячэньня ў расейскім шпіталі і працягвае ваяваць, аднак не ўдакладняе назву ўзброенага фармаваньня.
На пытаньне, ці зьбіраецца ён у будучыні вяртацца на радзіму, «Пушкін» адказвае:
«Вярнуся, калі ў Беларусі пачнецца майдан, буду разганяць. Я супраць усіх вось гэтых... хто па-беларуску размаўляе. Нічога добрага зь імі ня будзе. А пакуль у 300 мэтрах ад нас — пазыцыі ўкраінцаў. Я іх бачу».