Украіна разьлічвае, што ў часе свайго візыту ў Расею дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы ўзгодніць графік спыненьня канфлікту на Данбасе.
«Мы абмяркоўвалі элемэнты такой „дарожнай мапы“ з Джонам Керы на мінулым тыдні. Такая лёгіка абмяркоўвалася і ў часе сустрэчы „вялікай пяцёркі“ з Украінай у Варшаве. Цяпер Джон Керы на гэтым тыдні наведае Маскву. Адбываюцца інтэнсіўныя кансультацыі ў нармандзкім фармаце, як зь нямецкімі і францускімі партнэрамі, гэтак і з амэрыканскімі, каб вызначыць асноўныя элемэнты, якім чынам атрымаць пасьлядоўнасьць крокаў і часавыя рамкі. Але найперш — выразныя гарантыі рэалізацыі такіх крокаў з боку Расеі», — сказаў міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве.
Паводле ягоных слоў, галоўнай праблемай у перамовах застаецца адсутнасьць з боку Расеі рэальных крокаў у сфэры бясьпекі:
«Лёгіка „дарожнай мапы“, якую мы ўсе хочам сумесна стварыць, палягае ў неабходнасьці дакладна вызначыць пасьлядоўнасьць крокаў, і ў першую чаргу — пасьлядоўнасьць крокаў у сфэры бясьпекі: спыненьне агню, вывядзеньне расейскіх войскаў, адвядзеньне цяжкой зброі і наймітаў, дазвол назіральнай місіі АБСЭ эфэктыўна кантраляваць тэрыторыю Данбасу, уключна з участкам расейска-ўкраінскай мяжы», — удакладніў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Ўкраіны.
Паўло Клімкін таксама адзначыў, што ўсе гэтыя аспэкты зьвязаныя з пытаньнем бясьпекі перад выбарамі, у часе правядзеньня выбараў і пасьля іх.
«Гэтыя чатыры пытаньні, якія, вядома, падзяляюцца на цэлы шэраг іншых пытаньняў, зьяўляюцца фундамэнтальнымі для стварэньня такой «дарожнай мапы», — падкрэсьліў міністар замежных спраў Украіны.
Візыт Джона Керы ў Расею заплянаваны на 14–15 ліпеня.