Дракахруст: Да 11 ліпеня — сусьветнага дня народанасельніцтва — Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў агляд пра галоўныя дэмаграфічныя парамэтры беларускага грамадзтва.
Прывяду найбольш цікавыя лічбы.
Тры апошнія гады насельніцтва краіны пакрысе расьце. Цяпер яно складае амаль 9.5 мільёнаў чалавек. Гэта на паўмільёна менш, чым было ў 1990 годзе, гэта столькі ж, колькі было 6 гадоў таму, але трохгадовая тэндэнцыя станоўчая.
За 20 гадоў на 5 гадоў (ненашмат, але заўважальна) вырасла працягласьць жыцьця — з 69 да 74 гадоў. Пра гэтым толькі за апошнія 5 гадоў яна вырасла на 3.5 гады.
Добра, што беларусы і беларускі даўжэй жывуць, але гэта ў спалучэньні з адносна нізкай нараджальнасьцю мяняе дэмаграфічную структуру грамадзтва.
Даволі дзіўна, што Мінстат у якасьці аднаго з галоўных вынікаў адзначае падвышэньне сярэдняга веку беларусаў, за чвэрць стагодзьдзя ён павялічыўся з 35 да 40 гадоў.
За чвэрць стагодзьдзя сярэдні век беларусаў павялічыўся з 35 да 40 гадоў.
Ну дык гэта даволі сумны вынік. Беларусь старэе. Праўда, не адна яна, уся Эўропа старэе. Але гэта і ўжо і ў пэрспэктыве азначае праблему: усё меншая доля працаздольнага насельніцтва вымушаная карміць усё большую долю старых.
Нарэшце, да звыклай тэзы пра вясковасьць Беларусі. Параўнаньне краіны зь іншымі краінамі рэгіёну паказвае, што Беларусь, у якой 77% гарадзкога насельніцтва — самая ўрбанізаваная краіна рэгіёну: Украіна, Польшча, краіны Балтыі, Расеі, Чэхія, Славаччына — ва ўсіх гэтых краінах доля гараджанаў меншая, чым у Беларусі. Беларусь — самая «гарадзкая» краіна Ўсходняй Эўропы.
Цікавыя дадзеныя Мінстату па міграцыі. Для краінаў Эўразьвязу гэта бадай што праблема нумар 1. У Беларусь іміграцыя за апошнія гады таксама вырасла — зь недзе 15 тысячаў да 28 тысячаў летась. Але і выезд з краіны — парадку 10 тысячаў чалавек, так што балянс у прыкладна 20 тысячаў — гэта ня тая лічба, якая можа выклікаць перасьцярогі.
Падводзячы вынікі, можна сказаць, што індыкатары народанасельніцтва рэагуюць на зьмену сацыяльна-эканамічнай сытуацыі з лагам, са спазьненьнем. 90-я сапраўды былі цяжкімі гадамі для краіны, паказьнік чаго — скарачэньне насельніцтва. Цяперашні яго рост, які прыпаў на час эканамічнага крызісу — доўгае рэха адносна сытай другой паловы нулявых гадоў.
З аналізу дынамікі за 25 гадоў вынікае, што шок 90-х Беларусь усё ж пераадолела. З даволі нізкага ўзроўню народанасельніцтва пакрысе расьце. Варта адзначыць таксама кантынэнтальныя, а можа і сусьветныя тэндэнцыі, ў рэчышчы якіх разьвіваецца Беларусь — краіна старэе і краіна робіцца ўсё больш гарадзкой.
Карбалевіч: Гэтая статыстыка сьведчыць пра тое, што па дэмаграфічных паказьніках Беларусь — звычайная эўрапейская нацыя. Тут адбываюцца тыя самыя працэсы, што і ў Эўропе, толькі можа нават больш яскрава. Бо ў краінах Заходняй Эўропы на дэмаграфічныя працэсы ўжо аказвае ўплыў чыньнік мігрантаў, сярод іх высокая нараджальнасьць. У Беларусі мігрантаў вельмі мала, таму тут эўрапейскія дэмаграфічныя тэндэнцыі адбываюцца ў чыстым выглядзе.
Асноўная тэндэнцыя — гэта скарачэньне насельніцтва з-за нізкай нараджальнасьці. Апошнія гады гэта тэндэнцыя спынілася, у тым ліку і з-за павялічэньня колькасьці мігрантаў, у асноўным з Украіны.
Чвэрць беларускага насельніцтва жыве ў вёсцы. Па эўрапейскіх стандартах гэта шмат.
Другая тэндэнцыя, рост долі людзей сталага веку, зьмяншэньне долі моладзі. Акрамя скарачэньня нараджальнасьці на гэта ўплывае такі чыньнік, як ад’езд моладзі за мяжу ў пошуках лепшай долі.
Рост працягласьці жыцьця адбываецца за кошт падвышэньня якасьці жыцьця, якасьці харчаваньня, мэдычнага дагляду.
Паколькі мужчыны паміраюць раней, то колькасьць жанчын у сталым узросьце значна большая. Увогуле, у Беларусі параўнальна зь іншымі краінамі суадносіны працягласьці жыцьця паміж мужчынамі і жанчынамі на карысьць жанчын даволі вялікая.
Юры кажа, што па тэмпах урбанізацыі Беларусь апярэджвае краіны Ўсходняй Эўропы. Так, але Беларусь адстае у гэтым пляне ад Заходняй Эўропы. Дзесьці чвэрць беларускага насельніцтва жыве ў вёсцы. Па эўрапейскіх стандартах гэта шмат.
Цыганкоў: Вельмі важны чыньнік ня быў агучаны, а менавіта гісторыя беларускай дэмаграфіі, дэмаграфічныя «яміны». Калі ўявіць сабе гэта ў выглядзе малюнку, то гэта будзе ялінка з праваламі і выступамі, а не піраміда.
Правалы — гэта вынікі Другой сусьветнай вайны, яны ўсё менш уплываюць, але да апошніх пакаленьняў былі вельмі выразнымі. Былі такія «яміны» нараджальнасьці — дзеці вайны, дзеці дзяцей вайны. У пачатку 80-х быў дэмаграфічны рост, але напачатку 90-х Беларусі было наканаванае дэмаграфічнае падзеньне.
Паводле прагнозаў у наступныя 5-7 гадоў Беларусь чакае зноў зьніжэньне нараджальнасьці.
На гэта наслаіліся і пэўныя эканамічныя прычыны, але сярод спэцыялістаў ідуць вялікія дыскусіі, наколькі дзяржава мае магчымасьць уплываць на гэтыя тэндэнцыі, ці то таталітарнымі мэтадамі, як у Кітаі, дзе проста забаранялі нараджаць другое дзіця, ці эканамічнымі — спрыяць дапамогай за нараджэньне другога, трэцяга дзіцяці.
Большасьць экспэртаў мае меркаваньне, што ўсе гэтыя крокі дзяржавы малаэфэктыўныя. Яны могуць зьмяніць нейкі працэнт, але ня могуць зьмяніць тэндэнцыю кардынальна. У тых самых эўрапейскіх краінах, якія б ні былі вялікія сацыяльныя дапамогі, усё роўна нараджальнасьць сярод карэнных жыхароў зьніжаецца.
Такім чынам на беларускую дэмаграфію ўплывае ня толькі эканоміка, але і вось такія натуральныя прычыны. Дэмографы кажуць, што кожная наступная «яміна» ад вайны меншая, чым папярэдняя. Але паводле прагнозаў у наступныя 5-7 гадоў Беларусь чакае зноў зьніжэньне нараджальнасьці.