Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данбас будзе мёртвай зонай, — лідэр прафсаюзу шахцёраў


Мікола Валынка
Мікола Валынка

Інтэрвію Свабоды зь Міколам Валынкам (Микола Волинко) — ужо больш за 20 гадоў лідэрам Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Данбасу. Ён быў арганізатарам шахцёрскіх пратэстаў яшчэ за часамі Савецкага Саюзу, у 1989-1990 гг. Падчас акупацыі Данбасу вымушаны быў пераехаць з Данецку ў Кіеў, але працягвае грамадзкую дзейнасьць.

— Напярэдадні вайны — як выглядала гарняцкае асяродзьдзе Данбасу, якія былі настроі? Бо ёсьць некаторыя стэрэатыпы...

— Настроі былі неадназначныя. Шмат гарнякоў езьдзілі на Майдан — як ад нашага прафсаюзу, так і ад НПГУ, і, што ня дзіўна, ад дзяржаўнага прафсаюзу. Ёсьць такія. Але яны езьдзілі інкогніта, бо супраць іх былі б вялікія рэпрэсіі, калі б даведаліся, што яны езьдзілі на Майдан. Некаторыя езьдзілі вахтавым мэтадам: гэта значыць зарабляў на выходныя — і ехаў на Майдан. У нас у Данецку зьбіралася каля 70-100 чалавек на Эўрамайдан кожны дзень. Прышлі, пастаялі. Якраз тады вялікія маразы былі.

Украінскія шахцёры, ілюстрацыйнае фота
Украінскія шахцёры, ілюстрацыйнае фота

Калі зьбілі моладзь на Майдане — наш прафсаюз выступіў з заявай, што гатовыя заклікаць людзей выходзіць на забастоўкі. Бо нельга так. Уладзе нельга так сябе паводзіць. На мяне быў ціск, але потым папусьціла.

Перад вайной ішла вельмі масіраваная агітацыя. Контрапрапаганды тых, хто прыйшоў да ўлады пасьля перамогі Майдану, практычна не было. Калі браць глыбока — 1994 год. Я выступаю ў Вярхоўнай Радзе на пасяджэньні фракцыі Народнага Руху. Я там падняў пытаньне, што трэба зьвярнуць увагу на Данбас і трэба весьці добрую прапаганду. Ну, усё паківалі галавой — і так яно і засталося. У 1998 годзе я таксама сустракаўся з нашымі лідэрамі, якія тады былі ў апазыцыі, а цяпер ва ўладзе — таксама казаў. А калі ў 2005 годзе пасьля перамогі Памаранчавае рэвалюцыі я сустрэўся таксама зь лідэрамі — задаў ім пытаньне: а што ж гэта атрымліваецца, што на Данбасе дэмакратычныя сілы на кожных выбарах набіраюць усяго 3-5%, максымум 7%. Хоць я ведаў, што нашмат больш людзей галасавала. Тое, што фальсыфікацыя — гэта вядома. Але тое, што нашы кіраўнікі далі на водкуп Данбас Партыі Рэгіёнаў, сацыялістам, камуністам — гэта я сваім розумам дайшоў. Украіна ўжо тады была падзеленая — Усход, Паўднёвы Ўсход, Крым — рэгіяналы, сацыялісты, камуністы, прагрэсіўныя сацыялісты, Цэнтар і Захад — гэта нашы патрыёты.

Што цяпер робіцца на Данбасе — вывозяцца заводы, выразаецца мэталь, затапляюцца шахты — Данбас будзе мёртвай зонай. Больш мёртвай за Прыднястроўе, як Абхазія.

І вось прыйшоў 2014 год. У 2012 годзе, калі былі выбары, я ішоў па мажарытарцы ў Данецку. У 12 гадзін ночы я быў на першым месцы, а ў 10 раніцы я стаў трэці. Была страшная фальсыфікацыя, мы фіксавалі парушэньні — але ў нас не было падтрымкі з цэнтру. Калі ў сакавіку-красавіку пайшло — прыяжджалі з Растоўскай вобласьці, з Курскай, Варонескай гэтыя «турысты» — зьбіралі там усякую басоту, пустадомкаў і прывозілі. Мясцовыя праваахоўныя органы — СБУ, МУС, пракуратура, мясцовыя ўлады — спакойненька закрываюць на гэта вочы. І вось большасьць гарнякоў — дзякуючы вось гэтай агітацыі і кіраўнікоў, і тэлебачаньня, і прэсы — паддаліся на гэта. Наш прафсаюз у красавіку надрукаваў 4 наклады па 100 000 асобнікаў нашае газэты «По горняцки», дзе мы прааналізавалі сытуацыю з заробкам украінскага гарняка і растоўскага, расейскага гарняка. Мы завезьлі ў кожны гарняцкі горад гэтыя газэты. І мы тлумачылі, што ў Растоўскай вобласьці ўсе шахты зачыненыя. Што гарады прыйшлі ў заняпад — дарма што там правялі газ, бо працы няма ніякай. Але, на вялікі жаль, нашы людзі на чужых памылках ня вучацца, а калі свае здарацца — яны ўсіх вінавацяць, толькі не сябе. Я на пачатку сакавіка выступаў на пасяджэньні на шахце «Трудаўская». Казаў: апамятайцеся, нельга гэтага рабіць, нельга клікаць вайну ў свой дом. Там былі такія, якія «мы будзем страляць». Я кажу, што ўлічыце: пачаў ты страляць — пачнуць і ў цябе страляць. І вось калі пачаліся баявыя дзеяньні, яны тэлефанавалі з «Трудаўской» і задавалі адно простае пытаньне: «А ты адкуль ведаў, што будзе вайна?» Я кажу: хлопцы, трэба сябраваць з галавою, а не з дурніцаю. Да мяне толькі цяпер дайшла расейская прымаўка — «добра там, дзе нас няма». Там, дзе ёсьць — там разруха, гэта расейцы. Што цяпер робіцца на Данбасе — вывозяцца заводы, выразаецца мэталь, затапляюцца шахты — Данбас будзе мёртвай зонай. Больш мёртвай за Прыднястроўе, як Абхазія. Яны хоць і казалі, што турысты будуць да іх валам валіць — няма нікога.

Узброены міліцыянт на кантрольна-прапускным пункце на ўезьдзе ў Горлаўка, 14 сьнежня 2014 году
Узброены міліцыянт на кантрольна-прапускным пункце на ўезьдзе ў Горлаўка, 14 сьнежня 2014 году

Мы 400 000 асобнікаў газэты — 4 разы па 100 000 выпусьцілі: тлумачылі, тлумачылі — на вялікі жаль, большасьць гарнякоў панадзіліся на абяцанкі «рускага міру». Калі я ў сакавіку сабраў сваіх — старшыняў, актывістаў — я адно задаў пытаньне: верыце, што будзе добра там? Ідзіце. Хто за Ўкраіну — заставайцеся. Мы пачыналі з нуля: цэнтральная ўлада нам не дапамагала, хоць я сустракаўся з кіраўнікамі, якія там цяпер усё наверсе. Я адно прасіў: людзі ёсьць — дайце нам зброю. Нам зброі не далі. Нам прапаноўвалі нібыта прапусьціць нашых людзей усіх праз базу дадзеных МУС. Я адно пытаньне задаваў: а вы гарантуеце бясьпеку гэтых людзей? Якія гарантыі, што інфармацыя пра іх не апынецца ў расейцаў? І дзякуй Богу, што мы не панадзіліся. На ўсё свая пара!

Прыйдзе пара — я назаву прозьвішчы. Калі б была зброя — мы б не далі магчымасьці расейцам зайсьці на Данбас. Вось цяпер улады кажуць, што там недзе 8-10 тысяч расейскіх салдат, а 30-40 — «апалчэнцы». Няма! Як раз наадварот.

— Там жа цяпер праводзяць мабілізацыю...

Яны ўжо сытыя «рускім мірам», і іх цяпер задавальняе такая сытуацыя: ну што, гуманітарку прывозяць — ад Украіны, ад Чырвонага Крыжа, ад РФ сёе-тое перадаюць; пэнсію плоцяць — і расейскімі рублямі, і Ўкраіна.

— Я вось сёньня раніцай меў размову з Луганскай вобласьцю, акупаванай. Усе гэтыя прайдзісьветы кідаюць зброю і сыходзяць. Уся гэтая прымусовая мабілізацыя — яны ўцякаюць. Яны ўжо сытыя «рускім мірам», і іх цяпер задавальняе такая сытуацыя: ну што, гуманітарку прывозяць — ад Украіны, ад Чырвонага Крыжа, ад РФ сёе-тое перадаюць; пэнсію плоцяць — і расейскімі рублямі, і Ўкраіна. А на Данбасе вялікі працэнт інвалідаў, пэнсіянэраў, вэтэранаў, чарнобыльцаў.

Калі пачаліся баявыя дзеяньні — мы выступілі з заявай, што ўлада павінна стварыць фільтрацыйныя лягеры, павінна весьці жорсткі ўлік і праверку — бо ў нас зьявілася інфармацыя, што тыя, хто ваюе супраць Украіны — спакойненька праяжджаюць блёкпосты. Рэгіструюцца перасяленцамі, атрымліваюць пэнсіі і запамогі — і адначасова ваююць супраць Украіны. А яшчэ многія — ваююць супраць Украіны, а свае сем’і не ў Расею адправілі, а ва Украіну. Яны жывуць ва Ўкраіне, карыстаюцца ўсімі выгодамі — і люта ненавідзяць Украіну.

— Для мяне гэта не сюрпрыз...

— І для мяне гэта не сюрпрыз! А вось пытаньне на засыпку: дзе нашы сілавыя структуры? Дзе дзяржаўныя органы, якія павінны гэтым займацца? Калі б не добраахвотнікі — то Кіеў ужо быў бы акупаваны. Добраахвотнікі сваімі целамі спынілі навалу расейскую. Не «апалчэнцаў». «Апалчэнцы» былі ўжо практычна дабіты ў жніўні месяцы 2014 году! Калі б Расея не ўварвалася — мы б ужо забыліся на гэтую вайну.

Калі б не добраахвотнікі — то Кіеў ужо быў бы акупаваны. Добраахвотнікі сваімі целамі спынілі навалу расейскую.

— А што вы можаце сказаць пра тую тэрыторыі Данбасу, якая цяпер пад кантролем Украіны?

— Зноў жа ж, калі мы зрабілі гэтую заяву — мы зрабілі яшчэ адну: што ўкраінскія ўлады павінны весьці контрапрапаганду, то бок тлумачальную працу на вызваленай тэрыторыі прынамсі. Прынамсі! Гэтага не рабілі. У лістападзе, калі стварылі Міністэрства інфармацыі, я сустракаўся зь міністрам Стэцем. Я яму прынёс газэту, паказаў: вось, практычна капейкі трэба — але газэта разыходзіцца ад Шчасьця да Шырокіна, і на акупаванай тэрыторыі. Яна там ёсьць. Як яна там — гэта ўжо наша праблема.

Настроі: да гэтага часу многія лічаць, што ў ДНР і ў Расеі добра — хоць жывуць ва Ўкраіне. Вось просты прыклад. Ёсьць горад Навагродаўка, і там шахта «Навагродаўская 1/3». Вось гэты раён — «Сэлідаўвугаль», «Краснаармейсквугаль», «Дабрапольвугаль» — там шмат расейцаў, якія ў 1970-я прыехалі на новабудоўлі. Я сам там працаваў, ведаю шмат. І вось на «Навагродаўскай 1/3» дзесяць чалавек, расейцаў, яны адчулі «ой, будзе вайна» — яны прадалі свае кватэры, разьлічыліся і зьехалі жыць у Расею. Калі ты хочаш жыць у Расеі — чаму ты клічаш вайну ў свой дом? Прадавай кватэру — едзь у Расею! Не, у нас жа ж марылі: будзе «доўгая» расейская зарплата, але вось тут — ва Ўкраіне. А гэтага ж нельга рабіць.

— Тым больш, ведаючы пра тыя катастрофы на шахтах Кузбасу, дзе гарнякі дзеля выкананьня нормы замотвалі ручніком лічыльнікі мэтану...

Мяне дабівае самае большае: «Мне ўсё роўна які сьцяг над галавой — абы не стралялі». Калі чалавек так кажа — ён зноў пакліча вайну ў свой дом.

— Ды я ж быў там. І ў Міжрэчанску, і ў Новакузьнецку, і на Варкуце, і на Паўночным Урале. Я быў там, бачыў усё гэта — нічога там добрага няма. Асабліва мяне дабіваюць калі «Крым — гэта добра, яны там і вялікія пэнсіі пачалі атрымліваць...» — я кажу: ты зразумей, якая б Расея ні была добрая, якая б яна не была багатая — але 4 мільёны дадаткова пэнсіянэраў Расея ня выцягне. Не, ня верылі. Цяпер выюць. «Абы не стралялі». Мяне дабівае самае большае: «Мне ўсё роўна які сьцяг над галавой — абы не стралялі». Калі чалавек так кажа — ён зноў пакліча вайну ў свой дом. У яго няма такога паняцьця — пачуцьцё малое Радзімы, пачуцьцё вялікае Радзімы. Разумееце?

— Вы казалі аб супрацоўніцтве з шахцёрамі Беларусі. Якія ў вас уражаньні ад зносін зь імі?

— На вялікі жаль, я зь імі сустракаўся ў канцы 90-х гадоў, калі прыяжджаў. І вось толькі на мінулым тыдні сустрэўся з кіраўніком прафсаюзу беларускіх шахцёраў (гэта Мікалай Зімін), і мы так добра пагутарылі, успаміналі сяброў. Перадаю ім прывітаньне, яны зразумеюць!

— А як вы ставіцеся да таго, што частка беларусаў падтрымлівае Расею? Ці гутарылі вы пра гэта?

— Самае страшнае — адсутнасьць інфармацыі. Вось ёсьць такі жарт — калі летам 2014 году крымчанка тэлефануе ў Адэсу і кажа: ой, а праўда што ў вас там украінскія фашысты ўсіх жанчын гвалтуюць? А адэсытка адказвае: ага, табе чаргу заняць? Вось і ў Беларусі: на жаль, нашы калегі проста ня маюць доступу да інфармацыі аб тым, што папраўдзе адбываецца ва Ўкраіне і на Данбасе.

Мы пастанавілі, зьвярнуліся да ўсіх патрыятычных сілаў Украіны — аб’яднацца і не дапусьціць правядзеньня гэтых так званых выбараў. Мы гатовыя змагацца — аж да сілавога супраціву.

Вось цяпер: з нагоды так званых мясцовых выбараў на акупаванай тэрыторыі мы пастанавілі, зьвярнуліся да ўсіх патрыятычных сілаў Украіны — аб’яднацца і не дапусьціць правядзеньня гэтых так званых выбараў. Мы гатовыя змагацца — аж да сілавога супраціву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG