Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook мадыфікуе сваю стужку навінаў


Раней мэдыягігант падпаў пад крытыку за «прыглушэньне» пастоў з выказваньнем кансэрватыўных поглядаў.

Facebook уносіць зьмены ў сваю стужку навінаў — з тым, каб карыстальнікі маглі бачыць больш пастоў, апублікаваных іх блізкімі і сябрамі, паведаміла кампанія ў сераду 29 чэрвеня.

«Facebook быў пабудаваны на ідэі ўсталяваньня сувязі карыстальнікаў зь іх сябрамі і сем’ямі, і гэта застаецца галоўным прынцыпам нашай стужкі навінаў і сёньня», — напісаў на сваёй старонцы Адам Мосэры, які ўзначальвае каманду, што адказвае за стужку навінаў. «Наш галоўны прыярытэт — падтрымліваць вашы сувязі адзін з адным, зь месцамі і рэчамі, зь якімі вы хочаце быць зьвязанымі, — пачынаючы зь людзей, якія ў вас у сябрах ў Facebook», — дадаў ён.

Стужка навінаў Facebook — ці News Feed — была запушчана 10 гадоў таму, аднак, як адзначае Мосэры, у яе цяперашняй форме яна ўтрымлівае «занадта шмат інфармацыі для аднаго чалавека».

Акрамя таго, Facebook афіцыйна сфармуляваў «каштоўнасьці News Feed»: першая — «злучаць людзей зь іх сябрамі і блізкімі», другая — даваць інфармацыю, у прыватнасьці, навіны; трэцяя — забаўляць карыстальніка сьмешнымі фота і відэа.

Будучыя зьмены ў Facebook могуць аказаць уплыў на працу навінавых арганізацыяў і іншыя крыніцы кантэнту, якія ўжо сёньня абапіраюцца на гэтую сацыяльную сетку як на магутны інструмэнт распаўсюджваньня свайго прадукту.

Мосэры заявіў каналу CNN, што «гэтыя арганізацыі могуць сутыкнуцца зь невялікімі, але прыкметнымі зьменамі спасылкавага трафіку».

Шэраг аналітыкаў мяркуе, што новаўвядзеньні Facebook могуць быць зьвязаныя з тым, што мэдыягігант сутыкнуўся з крытыкай — пасьля таго, як стала вядома, што ён мадэруе сваю стужку навінаў, байкатуючы кансэрватыўныя палітычныя погляды. Новая стужка Facebook заяўленая як «плятформа для ўсіх ідэй». Мосэры дадаў, што яго кампанія «не аддае перавагу якім-небудзь крыніцам інфармацыі або ідэям».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG