Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны-заснавальніцы ЭЗ заклікалі Вялікабрытанію хутчэй выходзіць з Эўразьвязу


Міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер па выніках сустрэчы кіраўнікоў МЗС шасьці краін-заснавальніц ЭЗ у Бэрліне заявіў, што яны хочуць, каб Вялікабрытанія пачала пакідаць саюз «як мага хутчэй».

Франк-Вальтэр Штайнмаер пасьля перамоваў зь міністрамі замежных спраў Францыі, Італіі, Бэльгіі, Нідэрляндаў і Люксэмбургу заявіў пра агульную пазыцыю, што працэс выхаду Вялікабрытаніі павінен пачацца як мага хутчэй, каб іншыя краіны маглі засяродзіцца на будучыні Эўропы.

Міністар замежных спраў Францыі Жан-Марк Эйро, у сваю чаргу, заклікаў брытанскага прэмʼер-міністра Дэйвіда Кэмэрана сысьці ў адстаўку ў бліжэйшыя дні, і пагадзіўся, што Вялікабрытанія не павінна цягнуць зь перамовамі аб сваім выхадзе з ЭЗ.

Міністар замежных спраў Нідэрляндаў Бэрт Кундэрс заявіў, што міністры ня хочуць «палітычнага вакуўму» пасьля галасаваньня Brexit. Міністар замежных спраў Люксэмбургу Жан Асэльборн дадаў, што Вялікабрытанія не павінна «гуляць у хованкі» з ЭЗ, затрымліваючы пачатак перамоваў выхаду з блёку.

У той жа час першы міністар Шатляндыі Нікола Стэрджэн 25 чэрвеня заявіла, што Шатляндыя пачне непасрэдныя перамовы з ЭЗ аб жаданьні заставацца ў блёку, нават калі астатняя частка Вялікабрытаніі выйдзе. Напярэдадні Стэрджэн ня выключыла верагоднасьці з боку Шатляндыі правесьці ўласны рэфэрэндум аб незалежнасьці ад Злучанага Каралеўства, калі Вялікабрытанія пачне працэс выхаду з ЭЗ.

Шатляндцы на рэфэрэндуме 23 чэрвеня сказалі «не» выхаду Брытаніі з ЭЗ.

Для таго, каб пачаць працэс выхаду з садружнасьці, Вялікабрытанія павінна афіцыйна прымяніць артыкул 50 Лісабонскай дамовы. Згодна з заканадаўствам Вялікабрытаніі, гэты крок запатрабуе прыняцьця парлямэнтам адпаведнага закону, які павінен яшчэ прайсьці праз абедзьве палаты заканадаўчых органаў. У цэлым працэс выхаду Вялікабрытаніі з ЭЭЗ зойме мінімум 2 гады.

За выхад з ЭЗ прагаласавалі 52% выбаршчыкаў на рэфэрэндуме ў Вялікабрытаніі 23 чэрвеня, 48% выказаліся супраць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG