Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 маляўнічых беларускіх азёр для летняга адпачынку


Тут і далей — фота Сяргея Плыткевіча, www.planetabelarus.by
Тут і далей — фота Сяргея Плыткевіча, www.planetabelarus.by

Шматлюдны курорт ці таямнічае лясное возера? Пясчаны пляж ці стромкі бераг? Гучны фэстываль альбо ціхая рыбалка? Дзесяць маляўнічых азёр і азёрных груп, у падарожжа да якіх запрашае наша аўтарка Яна Шыдлоўская.

1. Дрывяты

Калісьці возера Дрывяты падступала да самай Браслаўскай гары, дзе стаяў драўляны замак. Згодна легендзе, зь яго сьцен у возера кінулася ганарлівая і наравістая прыгажуня Дрыва — дачка старога князя. Адрынутую жаніхом князёўну не ўратавалі, аднак яе імя ўшанавалі ў назьве возера. Цяпер яно зьмялела, адсунулася ад замчышча на некалькі вуліц, але, тым ня менш, засталося адным з найбуйнейшых у краіне.

Адкрытае ўсім вятрам возера зрэдчас застаецца спакойным. Затое за кошт перамяшэньня вады яно хутка праграваецца, і летам гарадзкі пясчаны пляж на Дрывятах становіцца самым папулярным месцам Браслава. Час ад часу на возеры можна ўбачыць белыя ветразі. У 1930-я на беразе Дрывятаў зьбіраліся гледачы Браслаўскай рэгаты, што мела статус міжнароднай. У апошнія гады прыхільнікі ветразевага спорту робяць намаганьні адрадзіць спаборніцтвы на Браслаўскім возеры. Зь берагоў Дрывятаў пачынаюцца шматлікія турысцкія маршруты.

2. Сьвіцязь

Каб патрапіць на сьвіцязянскі бераг, трэба прайсьці празь цяністую нават у наймацнейшую сьпёку паласу лесу з дубоў, ялінаў, грабаў, хвояў, ясеню і клёнаў. Лес настолькі блізка падступае да Сьвіцязі, што зрабіў тутэйшы пляж адным з самых вузкіх у краіне. Абмытыя хвалямі карані магутных соснаў навісаюць над празрыстай вадой. Плыткая прыбярэжная частка возера высланая шэрым пяском, зь якім асабліва падабаецца гуляцца дзеткам.

Ля берагоў вада Сьвіцязі хутка праграваецца, і па танізуючы эфэкт трэба плыць на глыбіню, дзе, згодна легендзе, ляжыць старажытны горад князя Турана. Выпраўляючыся на Сьвіцязь, варта пакласьці ў пляжную торбу томік Адама Міцкевіча, многія вершы якога зьвязаныя з гэтым краем, а таксама кошык для чарніц, брусьніц і суніц, якімі багаты навакольны лес.

3. Лосьвіда

Вялікае возера Лосьвіда ў навакольлі Віцебска атачае духмяны і водарны хваёвы бор. Падыходы да вады часткова ўпарадкаваныя пад пляжы з жоўтым пяском і галькай. Пясчанае дно доўжыцца аж да глыбіні шасьці мэтраў, што робіць уваход у ваду даволі прыемным. У сьпякотнае надвор’е на беразе Лосьвіда адпачывае шмат турыстаў.

Вядомае возера і сярод рыбакоў — летам асабліва добра заглынаюць жыўца лешч і шчупак. Дарэчы, кажуць, што менавіта рыбакі далі назву Лосьвідзе, дзе ў даўнія часы гадаваўся ласось. Згодна зь іншай вэрсіяй, на берагах возера надта часта бачылі ласёў. Працягласьць берагавой лініі Лосьвіда амаль 25 кілямэтраў. Па ўсім пэрымэтры возера і ў рознай ступені аддаленасьці ад вады пабудаваныя базы і дамы адпачынку, санаторыі і кемпінгі.

4. Снуды і Струста

Сярод Браслаўскай групы азёр турысты асабліва вылучаюць азёры Снуды і Струста, аддзеленыя адно ад аднаго працяглай паўвыспай, на якой дазволены стаянкі. Вялікае возера Струста з астравамі і паўвыспамі, затокамі, мысамі і пакручастымі берагамі мае вельмі маляўнічы выгляд.

З тамтэйшых астравоў варта наведаць Чайчын — другі па велічыні ў Беларусі. Уздоўж вострава ўтварыліся глыбокія затокі з чыстымі і пясчанымі пляжамі.

Самы высокі пагорак на беразе Струста завецца гарой Маяк.

Возера Снуды калісьці лічылася самым рыбным на Браслаўшчыне, і яшчэ да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя тут лавілі вялікую колькасьць ракаў, што везьлі на Захад — аж да Нямеччыны.

На возеры 11 астравоў. На адным зь іх знаходзіцца геалягічны помнік — Чырванагорскі камень вагой каля 30 тонаў з групай валуноў. На астравах створаны арніталягічны заказьнік — аматары птушак змогуць налічыць тут больш 50 іх відаў. У навакольных турыстычных комплексах можна скарыстацца пракатам лодак і байдарак і зьдзейсьніць воднае падарожжа. На беразе Снудаў працуе кавярня «Правінцыя», дзе падаюць эўрапейскую і беларускую кухні, а шэф-кухар прапануе стравы зь дзічыны.

5. Нарач

У пераліку немагчыма абмінуць Нарач — найвялікшае возера краіны. Яго плошча складае 80 квадратных кілямэтраў, а ўздоўж 41 кілямэтру берагавой лініі ўпарадкавана больш за дзесяць адкрытых для наведваньня пляжаў.

Берагі возера пакатыя і нізкія, пакрытыя пяском і галькай. Летам вада ў Нарачы праграваецца хутка і да 19 градусаў, а купальны сэзон можа доўжыцца амаль сто дзён. Курортную зону складаюць санаторыі, дамы адпачынку і агратурыстычныя комплексы.

6. Белае возера

Сярод вялікай колькасьці азёр з назвай Белае турысты аддаюць перавагу таму, што знаходзіцца ў дваццаці кілямэтрах ад Гародні. Яно ўваходзіць у зону адпачынку «Азёры», большасьць тэрыторыі якой пакрытая хваёвым і мяшаным лесам. На беразе возера стаіць вёска Азёры, якое ўпершыню ўзгадваецца напрыканцы XIV стагодзьдзя як уладаньні князя Вітаўта. Пазьней возера і навакольле арандавалі Радзівілы. Цяпер каля возера пабудаваныя санаторыі і базы адпачынку. Блізкасьць да старажытнай Гародні дае магчымасьць зрабіць адпачынак на Белым возеры гістарычна насычаным.

7. Блакітныя азёры

Група з трынаццаці адносна невялікіх, але даволі глыбокіх азёраў на тэрыторыі Менскай і Віцебскай вобласьці атрымала назву Блакітных з-за возера Глубля. Сярод азёр групы яно займае другое месца па велічыні, аднак не саступае нікому ў прыгажосьці. Вада Глублі мае выразны і насычаны сіне-зялёны колер — яго забясьпечваюць сьветлыя карбанатныя пароды, што высьцілаюць дно возера. На Глублі ўпарадкаваны пляж з альтанкай на вадзе і аглядальнай пляцоўкай.

Статус найбольш таямнічага з групы Блакітных азёр носіць возера Мёртвае, маючы пад сабою напоўненую серавадародам 300-мэтровую поласьць.

Найбуйнейшае з Блакітных азёраў завецца Балдук. Яго ваколіцы ўключаны ў запаведную зону, знаходжаньне ў якой магчыма на адмысловых стаянках. У турыстычных мэтах выкарыстоўваецца паўночная частка возера. У навакольлі Блакітных азёр дзейнічаюць аграсядзібы і турыстычныя базы. Распрацаваныя экалягічныя сьцежкі, пракладзены маршруты для раварыстаў і пешых турыстаў.

8. Несьпіш, Недрава і Поцех

Злучаныя паміж сабою Несьпіш, Недрава і Поцех утвараюць усходнюю групу Браслаўскіх азёр. Існуе меркаваньне, што калісьці Несьпіш было лясным возерам. Аднак цяпер над яго берагамі ўзвышаюцца часткова парослыя ядлоўцам пагоркі, якім мясцовыя жыхары далі назву Русьцягоўскіх гор. На возеры налічваецца 14 астравоў, куды можна даплыць лодкаю. Сярод іх найбольш вядомы — востраў Кляштар, дзе ва ўніяцкай царкве захоўвалася цудадзейны абраз Маці Божай Браслаўскай, пакланіцца якому прыходзіла шмат паломнікаў. Цяпер абраз захоўваецца ў Браслаўскім касьцёле.

Шырокая пратока злучае Несьпіш і Недрава. Возера вельмі маляўнічае, уздоўж яго паўночнага берага амаль на тры кілямэтры ляжыць вузкая і доўгая озавая града. Зь яе вышыні адкрываюцца цудоўныя панарамы на азёрнае навакольле.

Яшчэ адна пратока вядзе ў выцягнутае возера Поцех, на беразе якога стаіць вёска Слабодка са стромкім белым касьцёлам. Гэтыя мясьціны штогод прывабліваюць турыстаў. У ваколіцах возера Несьпіш ёсьць турыстычная база, працуюць аграсядзібы і дамы адпачынку.

9. Сіньша

Назву гэтага возера носіць рэспубліканскі заказьнік на Расоншчыне, жыхары расьліннага і жывёльнага сьвету якога трапілі ў Чырвоную кнігу Беларусі. На тэрыторыі заказьніка 24 возеры, і Сіньша — адно з самых вялікіх.

Сіньша злучаецца зь некаторымі іншымі азёрамі заказьніка ракой Дрысай, утвараючы даволі працяглы водны маршрут. Дарэчы, возера патрапіла ў пералік самых празрыстых азёр Беларусі.

Ваколіцы Сіньшы вабяць аматараў актыўнага адпачынку — тут распрацаваны водныя, пешыя і роварныя маршруты. Тутэйшыя мясьціны спрыяюць назіраньню за дзікай прыродай, фота- і проста паляваньню, рыбалцы. Разьмясьціцца на адпачынак тут можна на турыстычных стаянках альбо ў пакоях агратурыстычных сядзібаў.

10. Нешчарда

Ні прысутнасьць таямнічага цмока, ні прыглушаны гул званоў затанулай царквы не ўтрымліваюць турыстаў ад паездак на возера Нешчарда. На яго не забудаваныя грунтоўнай інфраструктурай берагі едуць перадусім аматары актыўнага адпачынку і прыхільнікі рыбалкі. Кажуць, што як пойдзеш сюды на рыбу, без улову ня вернесься. Яго могуць скласьці шчупак, лешч, судак, гусьцяра, плотка, сазан, карась, нават вугор і шмат іншай смачнай рыбы. Яшчэ кажуць, што тутэйшая юшка з дымком асабліва смачная пад фантастычныя апавяданьні шляхціча Завальні, чый легендарны фальварак месьціўся ля Нешчарды.

Яна Шыдлоўская для Радыё Свабода

Фота Сяргея Плыткевіча, www.planetabelarus.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG