Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы заўзеюць за расейцаў?


Аляксандар Лукашэнка ў часе Ўсебеларускага народнага сходу заявіў, што беларусы ў адсутнасьць на топ-спаборніцтвах нацыянальнай каманды заўзеюць за Расею. Ці мае права кіраўнік краіны гаварыць ад імя ўсяго народу?

Карней: Адышоўшы ад сцэнарнага выступу на Ўсебеларускім народным сходзе, Лукашэнка паскардзіўся, што пасьля няўдалага выступу зборнай Расеі на футбольным чэмпіянаце Эўропы няма за каго заўзець.


У якасьці прыкладу ён прывёў «невялікую Харватыю», якая разьбіла чэмпіёнаў сьвету і Эўропы (гішпанцаў), і гэта была радасьць для ўсёй краіны. «Нам, як і нашым братам расейцам, радавацца няма чаму, — пасумаваў Лукашэнка і патлумачыў, чаму ў сваёй прамове згадаў расейцаў. — Таму што калі няма нашых, мы ж заўзеем за расейцаў! А так узьнікла сытуацыя, што заўзець няма за каго», — зрабіў выснову Лукашэнка.

Рэвэрансы ў бок усходніх суседзяў публічна рабіліся і іншымі высокапастаўленымі ўрадоўцамі, што так ці інакш уплывае на грамадзкую думку. Так, у нядаўняй праграме «Клюб рэдактараў» на БТ старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька нават не чырванеў, называючы гульцоў зборнай Расеі «нашымі» і жадаючы ўсялякіх посьпехаў выхаванцам трэнэра Леаніда Слуцкага.

Амаль няма чыноўнікаў ці спартоўцаў, якія б для друку сказалі, што будуць заўзець за суседзяў-палякаў ці ўкраінцаў

Кіраўнік Банку разьвіцьця Рэспублікі Беларусь і адначасна старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Румас, адкрываючы ў сталічным парку Перамогі фан-зону «Аліварыя», прызнаўся, што будзе падтрымліваць расейскую зборную і «ад усёй душы жадае братам-расейцам перамогі». Гэтаксама было некалькі камэнтароў футбалістаў клюбаў і нацыянальнай зборнай, якія ў адзін голас аддавалі сымпатыі расейцам.

Амаль няма чыноўнікаў ці спартоўцаў, якія б для друку сказалі, што будуць заўзець за суседзяў-палякаў ці ўкраінцаў. Ці трэба зьдзіўляцца, што ва ўмовах гэткага ідэалягічнага «крышаваньня» адбываецца імклівая экспансія ідэй «рускага сьвету» ва ўсіх яго праявах.

Напярэдадні я рыхтаваў матэрыял для Свабоды пра аналягічны прыклад «саюзнай мешаніны» у галовах. Сетка піцэрый «Папа Джонс» перад Эўра-2016 запусьціла «кулінарны таталізатар». Стаўкі можна было рабіць у трох «намінацыях»: «Адгадай пераможцу і выйграй бясплатную піцу», «Адгадай лік і атрымай бясплатную піцу», «Заўзей за нашых! 20-працэнтная зьніжка на замову, калі гуляе Расея!».

Два першыя пункты звычайныя для бальшыні рэклямных акцый, але апошні біў напавал — каб не засумнявацца адносна геаграфічнага паходжаньня «нашых», у буклеце і на сайце была графічная выява «матрошкі».

калі здарыцца рэвізія ідэнтычнасьці ў галовах «вялікіх» і «малых» беларусаў?

Калі я зьвярнуўся па камэнтар у менскі офіс кампаніі, там патлумачылі, што беларускі «Папа Джонс» мае партнэрскія адносіны з Расеяй і ад пачатку гэта іх рэклямная акцыя. Проста было вырашана працягнуць яе і на тэрыторыі Беларусі. А паколькі Беларусь не бярэ ўдзелу ў чэмпіянаце Эўропы, заклікалі, каб беларускія наведнікі заўзелі за Расею.

Праўда, журналісцкая цікавасьць усё ж мела плён і літаральна празь некалькі гадзінаў пасьля тэлефанаваньня карцінка на сайце крыху відазьмянілася: «нашых» канкрэтызавалі Расеяй, зьменшыўшы з улікам яе правальнага выступу зьніжку з 20% да 10%. Хоць заднім чыслом, але рэвізія «сваіх» і «чужых» усё ж была праведзеная.

Але калі здарыцца рэвізія ідэнтычнасьці ў галовах «вялікіх» і «малых» беларусаў?

Дракахруст: Я б не зусім пагадзіўся, калі вы кажаце, што гэта ідзе выключна зьверху, а сам народ думае інакш. Тут пэўнае ўзаемадзеяньне — так, улада гэта рэтрансьлюе, але магчыма ўлада рэтрансьлюе гэта таму, што ў гэтым пытаньні яна адлюстроўвае ўстаноўкі насельніцтва.

НІСЭПД напачатку 2014 году, падчас Алімпіяды ў Сочы, задавала пытаньне «За каманды якіх краінаў Вы заўзееце?». Агульнае, без пазначэньня віду спорту. І вось вынік: 47% — за каманду Беларусі, 20% — за каманду Расеі. Усе астатнія разам значна менш. І гэта не дапаўняльныя лічбы, сярод тых, хто сказаў, што заўзее за каманду Беларусі, траціна адказала, што і за каманду Расеі яны заўзеюць таксама. Калі Беларусь не гуляе з Расеяй, то яны заўзеюць за Расею.

англічане хутчэй за ўсё будуць заўзець за амэрыканцаў, аўстрыйцы за нямецкую каманду

Гэтыя паказьнікі сьведчаць пра тое, што такія ўстаноўкі сапраўды ёсьць, і яны пацьвярджаюцца іншымі назіраньнямі і дадзенымі апытаньняў. Ну вось напрыклад людзям задавалі прамое пытаньне: культурна да каго вы бліжэй, да эўрапейцаў ці да рускіх? 25% — да эўрапейцаў, каля 70% — да рускіх.

Гэтая блізкасьць ёсьць, гэта рэальнасьць. Яе можна эксплюатаваць, што ўлада і робіць, ёй можна абурацца — але гэта факт. Цяжка сказаць, калі гэтая сытуацыя зьменіцца. У мяне да вас пытаньне: вось у сьвеце хто заўзее за якую не сваю каманду? Мая гіпотэза, што англічане хутчэй за ўсё будуць заўзець за амэрыканцаў, аўстрыйцы за нямецкую каманду.

Глод: Часта можна пачуць: Беларусь — эўрапейская краіна. Аднак футбольны чэмпіянат Эўропы, які праходзіць у Францыі, пераконвае: гэта — не так. Як заўзеюць у Эўропе?

Калі на вялікай футбольнай імпрэзе адсутнічае нацыянальная каманда нейкай эўрапейскай краіны, то заўзятары з той краіны звычайна заўзеюць за прыгожы футбол. І для іх няважна, чыя каманда яго дэманструе.

тры дзесяткі гадоў беларусам убіваюць у галаву, што Расея — краіна роднасная і амаль свая

Ёсьць у эўрапейцаў у такой сытуацыі і яшчэ адзін падыход — заўзятар выбірае для сябе футбольную зорку і перажывае за яго і ягоную каманду. Таму, напрыклад, у Баўгарыі камусьці падабаецца Ранальду і ягоныя сымпатыі адпаведна на баку і гэтага гульца, і каманды Партугаліі. У Даніі, напрыклад, ёсьць заўзятары, якія лічаць футбольнай зоркай Руні. Зразумела, што яны прыхільнікі нацыянальнай каманды Англіі. Вось чаму ў Эўропе сытуацыя такая стракатая.

У Беларусі ж падтрымліваюць расейскую зборную. Чаму? А таму што тры дзесяткі гадоў беларусам убіваюць у галаву, што Расея — краіна роднасная і амаль свая. Лукашэнка неаднойчы казаў: мая Расея. І да гэтага трэба дадаць пра што казаў Юры — гістарычная залежнасьць ад Расеі.

Але, мне падаецца, францускі чэмпіянат падштурхне да таго, каб сытуацыя пакрыху зьменіцца. Скажыце, ці могуць спадабацца звычайнаму беларускаму заўзятару ўчынкі расейскіх фанатаў і іх грамадзкае ўспрыманьне ў Расеі?

Спорту ў Расеі фактычна надалі дзяржаўны статус працягу палітыкі

Расейцы, якія лічаць, што іх усе крыўдзяць, сталі звышагрэсіўнымі, зьняважлівымі. Згадайце іх учынкі ў Францыі, адкуль іх з ганьбай вытурылі, а некаторых нават пасадзілі ў турму. А ці могуць спрыяць павазе да расейцаў словы расейскага капітана Рамана Шырокава, які назваў славакаў «калгаснай камандай»? Расея з ганьбай выляцела з чэмпіянату, а Славаччына прайшла ў наступны тур.

Спорту ў Расеі фактычна надалі дзяржаўны статус працягу палітыкі. Футбаліст Тарасаў з маскоўскага «Лякаматыву», дарэчы, кандыдат у нацыянальную каманду, бравіруе ў майцы з выявай Пуціна. Пасьля гульні з турэцкім клюбам ён на вачах усяго стадыёна зьняў клюбную майку, пад якой была іншая — з выявай прэзыдэнта Расеі.

Любая спартовая перамога стала ўспрымацца расейскімі ўра-патрыётамі, чыё меркаваньне ў Расеі сёньня дамінуе, як доказ велічы іх краіны і народу. Але бясслаўны выступ на Эўра-2016 расейскіх футбалістаў, думаю, паўплывае і на настроі беларускіх заўзятараў. Не зьдзіўлюся, што ўра-патрыятычныя ў адносінах да Расіі іх настроі перарастуць ў відавочна іранічныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG