Дзясяткі машын зьяжджаюцца штодня ў вёску Дварэц, каб скупляць у мясцовых жыхароў трускалкі. Гэта важная крыніца даходу на Лунінеччыне.
Летась лунінецкія ўлады адчынілі адмысловую пляцоўку для скупшчыкаў трускалак. Цяпер сюды зьяжджаюцца ня толькі беларускія, але і расейскія «бусікі».
Дзейнічае гэты кірмаш паводле прынцыпаў біржы — калі прапанова вялікая, а скупшчыкаў мала, то кошт на трускалкі падае, а калі наадварот — то расьце. У час, калі мы былі ў Дварцы, цана на ягады вагалася ў межах 18-25 тысяч рублёў за кіляграм. Але мясцовыя жыхары казалі, што некалькі дзён таму кошт падаў аж да 6 тысяч.
На «трускалкавай біржы» разгаворваемся з гаспадарамі мікрааўтобусу з расейскімі нумарамі. Спадары з Бранску кажуць, што прыяжджаюць сюды кожны год:
«Выдатна, усё выдатна, мы задаволеныя, Рэспублікай Беларусь мы заўсёды задаволеныя. Толькі крышку не задаволеныя дарогай ад Калінкавіч да Жыткавіч», — жартуюць расейцы.
Спадары называюцца прадпрымальнікамі і кажуць, што павязуць трускалкі на перапродаж у Расею.
Мужчына зь вёскі Дварэц прывёз на ровары некалькі вёдраў ягад. Кажа, што мясцовым людзям нашмат выгадней прадаваць ягады перакупшчыкам, чым дзяржаве:
«Зь дзяцінства, колькі жывем, вырошчваем трускалкі. Яшчэ пры Саюзе сюды прыяжджалі дзяржаўныя машыны скупляць ягады, прыватнікаў тады не было. Летась дзяржава прапаноўвала па 2 тысячы за кіляграм скупаць. Ну гэта ж не цана... Трускалкі, бывае, зь вясны даводзіцца па тры разы прапалоць. Таму добра, што хоць камэрсанты падтрымліваюць нас. Той, у каго вялікае поле ды свая тэхніка, той зарабляе. А так, як вёдрамі возім, то які даход? Дадатак да заробку».
Ідучы па вёсцы Дварэц, у многіх гародах можна назіраць, як людзі ўвіхаюцца на надзелах з трускалкамі. Падыходзім да адной спадарыні — пэнсіянэрка Любоў вырошчвае каля 8 сотак трускалак. Кажа, ураджай цяпер ня вельмі добры з-за сухога надвор’я ў Дварцы.
«Летась мо якіх 10 мільёнаў зарабіла. Не такія мо і грошы, але ж для вёскі — грошы. У нас няма такой хаты, каб не было трускалак. Таму што той, у каго няма трускалак — гэта гультай. У нас усе, як вясна пачынаецца, літарай „зю“ стаяць,» — сьмяецца пэнсіянэрка.
Спадарыня распавяла, што за часамі СССР многія жыхары Лунінеччыны вазілі трускалкі ў балтыйскія краіны — у Рыгу, Даўгаўпілс, Каўнас. Прадаўшы ягады, палешукі вярталіся дадому ўжо з «дэфіцытнымі» таварамі.
Цяпер жыхары Лунінецкага раёну за мяжу свае трускалкі ня возяць, замежнікі прыяжджаюць па ягады самі. Некаторыя палешукі, якія жадаюць зарабіць болей, вязуць дызэль-цягніком кашалі трускалак на рынак у Баранавічы. Большасьць жа так не рызыкуе, і нясе чырвоныя ягады перакупшчыкам, кажучы, што «трускалка да заўтра ляжаць і чакаць продажу ня будзе».