Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выратуе асабістае куратарства чыноўнікаў найбуйнейшыя беларускія інвэстпраекты?


55 найбуйнейшых інвэстыцыйных праектаў у Беларусі разьмеркавалі паміж адказнымі чыноўнікамі. Саўмін учора прыняў адпаведную пастанову.

Гэтае пытаньне сёньня на Свабодзе абмяркоўваюць тры аналітыкі: Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч, Ігар Карней.

Глод: У сьпісе куратараў — прэм’ер-міністар, ягоныя намесьнікі, міністры, старшыні дзяржкамітэтаў і канцэрнаў, старшыні ўсіх абласных выканкамаў і менскага гарвыканкаму.

У прыватнасьці, Андрэй Кабякоў будзе курыраваць праект зборкі легкавых аўтамабіляў беларуска-кітайскай вытворчасьці «БелДжы». Першы намесьнік прэм’ер-міністра Васіль Мацюшэўскі ўзяў пад асабісты кантроль рэканструкцыю вытворчасьці пад выпуск фармацэўтычнай прадукцыі ў гарадзкім пасёлку Сьмілавічы Чэрвеньскага раёну. Намесьнік старшыні ўраду Ўладзімер Сямашка — куратар будоўлі атамнай электрастанцыі...

Бальшыня праектаў, якія трапілі ў сьпіс 55, патрабуюць прыцягненьня прамых замежных інвэстыцыяў. І гэта ўсім зразумела. Пабудаваць сучаснае прадпрыемства складана, нават калі ў вас горы грошай. А тым больш — калі грошай няма. А што грошай нестае, мы чуем ад тых самых куратараў. Нядаўна, напрыклад, міністар фінансаў Уладзімер Амарын заявіў: трэба рабіць сэквэстар бюджэту.

Прызначэньне куратараў — гэта яскравы сыгнал, што пабудова прыярытэтных аб’ектаў пад пагрозай. І гэта палохае. Палохае таму, што нават калі прыярытэтныя, іміджаўтваральныя аб’екты мы ня можам своечасова пабудаваць альбо рэканструяваць, то што ж тады ў нас дзеецца на іншых кірунках, не настолькі прыярытэтных?

Спадзяюцца, відаць, на тое, што замежныя інвэстары, даведаўшыся пра прызначэньне самога прэм’ера і ягоных намесьнікаў у якасьці куратараў новабудоўляў, адразу пагодзяцца пераводзіць у Беларусь свае кроўныя.

Прызначэньне куратараў — гэта яскравы сыгнал, што пабудова прыярытэтных аб’ектаў пад пагрозай.

Ідэя наконт пэрсанальнай адказнасьці вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў за той ці іншы гаспадарчы аб’ект для Беларусі ня новая. Памятаю, напрыклад, як Аляксандар Лукашэнка загадаў у 2012 годзе стварыць да канца году адзін малочнатаварны комплекс у кожнай гаспадарцы краіны. Асабістая адказнасьць за гэты праект ускладалася на чальцоў ураду, памочнікаў прэзыдэнта па абласьцях, старшынь і іх намесьнікаў па сельскай гаспадарцы ў аблвыканкамах. Задача была не абы-якая — зрабіць малочна-мясную прадукцыю больш якаснай і таннай, каб «пасьпяхова канкураваць на зьнешніх рынках з пастаўшчыкамі з Эўропы і Новай Зэляндыі». Тады, зьвяртаючыся да віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага, які і сёньня займае гэтую пасаду, Лукашэнка папярэджваў пра асабістую адказнасьць:

«Па палях будуць хадзіць губэрнатары, за мэтодыку адказваюць міністры, а вы павінны заняцца кантролем гэтых працэсаў».

Задача, якая тады ставілася, так і не была выкананая. А ці змогуць, калегі, 55 найбуйнейшых куратараў давесьці да ладу свае 55 інвэстпраектаў?

Карбалевіч: Кур’ёзнасьць сытуацыі ў тым, што міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў будзе курыраваць узьвядзеньне гандлёва-забаўляльнага комплексу, а кіраўнік МЗС Уладзімір Макей стаў адказным за будаўніцтва сонечнай электрастанцыі ў Чэрыкаўскім раёне. Можна ўзгадаць, што Нацыянальны банк валодаў сельскагаспадарчым прадпрыемствам у Александрыі — на радзіме Лукашэнкі. Гэта беларуская мадэль ва ўсім сваім першародным выглядзе.

Рашэньне замацаваць міністраў за інвэстпраектамі сьведчыць пра тое, што ніякімі рэформамі ў краіне і ня пахне.

Тут цікава вось што. Апошнім часам высокія афіцыйныя асобы актыўна разважаюць пра перамены ў эканамічнай палітыцы. Як казаў памочнік прэзыдэнта Кірыл Руды, мы цяпер ладзім рэформы, толькі іх так не называем. Адным з кірункаў пераменаў сам Лукашэнка, выступаючы з пасланьнем у Нацыянальным сходзе, назваў такі: трэба аддзяліць функцыю дзяржавы як уласьніка ад функцыі апэратыўнага кіраваньня прадпрыемствамі. На практыцы гэта азначае, што дзяржаўныя органы ў форме міністэрстваў не павінны ўмешвацца па дробязях у справы прадпрыемстваў, а — як гэта адбываецца ў заходніх краінах, дзе існуе дзяржаўны сэктар, — ацэньваць працу дырэктара па эканамічных выніках. То бок, калі прыбытак расьце, то добра, а калі не — мяняецца дырэктар.

І вось гэтае рашэньне замацаваць міністраў за інвэстпраектамі сьведчыць пра тое, што ніякімі рэформамі ў краіне і ня пахне. У рамках існай сыстэмы ўлада ў прынцыпе ня здольная адмовіцца ад ручнога кіраваньня эканомікай. Таму ўсе размовы пра аддзяленьне функцыі дзяржавы як уласьніка ад функцыі апэратыўнага кіраваньня прадпрыемствамі так і застануцца размовамі. Зразумела, ніякага асаблівага выніку гэта ня дасьць. Бо заганная сама сыстэма.

Вось мяне, напрыклад, уразіла апошняя інфармацыя: у першым квартале 2016 году доля стратных рэзыдэнтаў свабодных эканамічных зон склала 45,6% ад агульнай іх колькасьці. А гэтыя ж рэзыдэнты маюць немалыя падатковыя льготы. Калі ўжо гаспадарчыя суб’екты з ільготамі ня могуць быць прыбытковымі, дык пра што гаварыць?

Карней: Сытуацыя нагадвае тую, што мы маем у спорце. Дзесьці зь сярэдзіны 90-х гадоў пачалі прызначаць чыноўнікаў на спартовыя фэдэрацыі — спадзеючыся, што яны прыцягнуць грошы ў вялікі спорт. Вось прайшло два дзясяткі гадоў — грошай не зьявілася: спорт, як правіла, не паказвае высокіх вынікаў. Аналягічная сытуацыя цяпер выпрабоўваецца на ўзроўні прадпрыемстваў, прычым прадпрыемствы гэтыя — стратэгічныя, якія павінны прыносіць прыбытак у дзяржаўны бюджэт.

Але тут якая галоўная мэта? Прыцягнуць грошы пад пасады, асобы. Грошы перадусім замежных інвэстараў. Але, зноў жа, за апошнія гады прайшоў цэлы шэраг вялікіх інвэстыцыйных форумаў беларускіх: у Нямеччыне, у Вялікай Брытаніі, у ЗША. Туды вывозіліся цэлыя дэлегацыі беларускіх чыноўнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў. Але на выхадзе аказалася, што выдаткі на пералёты аказаліся большыя, чым было прыцягнута інвэстыцыяў. Таму тое, што куратарамі гэтых 55 прадпрыемстваў будуць службовыя асобы, наўрад ці што зьменіць.

Наўрад ці што можа атрымацца, калі лібэральныя пераўтварэньні — проста шыльда.

Так, ёсьць рэфарматары ва ўрадзе, у адміністрацыі прэзыдэнта: Кірыл Руды, Васіль Мацюшэўскі. Але іх занадта мала, і яны вымушаныя супрацьстаяць дзяржаўнай сыстэме плянавай эканомікі, якая захавалася ад Савецкага Саюзу ды проста перашкаджае і палёту думкі, і прыцягненьню інвэстыцыяў. Вось прыклад стратэгічнага акцыянэра фабрык «Спартак» і «Камунарка» Марата Новікава. Пасадзілі алігархаў Чыжа і Баскіна. Дый айцішнікі ўжо пабывалі многія за кратамі. То бок атмасфэра вакол беларускага бізнэсу, прадпрыемстваў (а трэба згадаць, што вельмі шмат якія кіраўнікі вялікіх заводаў таксама адседзелі свае тэрміны) найменш спрыяе таму, каб замежнікі — на той падставе, што ў Беларусі куратарамі прамысловага сэктару сталі дзяржаўныя чыноўнікі, а значыць, зьявілася нейкая гарантыя капіталаўкладаньняў, — сюды павалілі натоўпамі.

Таму гэта чарговая спроба ратацыі, каб прыцягнуць капіталы. І яна, хутчэй за ўсё, ад пачатку асуджаная на правал. Наўрад ці што можа атрымацца, калі лібэральныя пераўтварэньні — проста шыльда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG