Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хмара


Сонца жарыла, як у апошні дзень. Стаяла такая задуха, што без вады было не абысьціся. Мы сабраліся й душэўнай кампаніяй паехалі на Цну. Я, Віця, Кася, Сева і Гена. Па шляху здарыўся піўбар «Фрэгат», пасьля зайшлі ў краму й павольна пасунуліся, шукаючы зручнага месца для прыпынку на беразе вадасховішча.

Халера, але нехта ж прыдумаў піць гарэлку ў сьпёку. Пілі й мы. Адзін, два, тры разы й накаціла шалёная эўфарыя. Так бывае. Як той казаў: папёрла.

Пёрла люта й неміласэрна. Калі шчыра – дурны стан. Разумееш, што варта было б тармазнуць, але не атрымліваецца, віхор ужо закруціў цябе.

– Ты цішэй у ваду скачы, – заўважаў Віця, самы асьцярожны сярод нас. Вада халодная, сэрца гарачае, можа здарыцца канфлікт тэмпэратур.

– Я канфліктаў не баюся, я вазьму і ўтаплюся, – па-дурному рагатаў я і зноў кідаўся ў ваду.

Сонца паднялося й паліла яшчэ больш злосна.

– Кася, паглядзі, ты плечы спаліла, – паказаў Гена на пачырванелую Касіну скуру. Далей высьветлілася, што няма чым намазаць спаленыя Касіны плечы, што Гена згубіў акуляры, Віця зьнік.

Калі акуляры знайшліся, а Віця прыйшоў зь лекамі ад апёкаў, пачалі будзіць заснулага Севу. Пабудзілі, і ўсё працягнулася наноў. Аж пакуль, раптам не заўважылі гэтую хмару. Адкуль яе прынесла, ніхто толкам ня мог растлумачыць. Хмара была вялізнай і чорнай, яна марудна й непазьбежна сунулася, як нам здавалася, да нас. Напаўзала, як жахлівы й злавесны монстар. Неадступна й бязьлітасна.

Мы стаялі й нейкі час зачаравана глядзелі на яе, настолькі вялікім і жахлівым быў яе магнэтызм. Яна ўсё прыбывала й прыбывала, рабілася чарнейшай, закрыўшы сабой і пякучае сонца, і ўжо палову неба.

Мне стала страшна, страшна па-сапраўднаму. Не як ад нейкай звыклай пабытовай сытуацыі, але страшна глыбока, калі страх замяшаны на невыноснай тузе, калі ты ведаеш, што ты драбінка і нічога зьмяніць ужо ня ў стане.

– Апакаліпсіс, – прашаптаў я, гледзячы, як клубяцца сотні чорных ценяў унутры хмары. Пэўна, нешта падобнае адчувалі й мае сябры.

– Усё, зьбіраем манаткі! – скамандавала Кася. Мы хуценька згарнуліся й пасунуліся да прыпынку. Хмель выветрываўся па меры набліжэньня хмары. Яна даганяла нас, даганяла бясшумна, як хіжы зьвер. Ніводнае маланкі, ніводнага грому, ніводнае кроплі. Але ад гэтага рабілася толькі больш жудасна.

Вакол подбегам снавалі людзі, раз-пораз азіраючыся на неба. Калі мы пачалі падымацца ўгару, на прыпынак да «Фрэгата», насыпала першых буйных кропляў. Перад самым носам сышоў цалкам набіты тралейбус, але нам пашчасьціла, бо да пляцоўкі заруліў выпадковы таксёр.

Кранулі зь месца й нейкі час ехалі моўчкі.

– Уцяклі, – падумалася мне. Я яшчэ раз азірнуўся на хмару. Зрабілася цемнавата, і таксёр уключыў фары. Усё ж трывога не адпускала, нейкая стрэмка сядзела ў галаве й не давала супакоіцца канчаткова. Але хмара паадстала і хмель пачаў вяртацца.

Віця, Кася й Гена выгружаліся ўжо з жартамі, быццам бы ўсё супакоілася, але па дарозе дадому на Бульвар ламанула такая залева, што таксі спынілася.

– Галоўнае пасьпець прамінуць Бангалор – самае нізкае месца. Там заўжды патоп, – заўважыў таксёр. Мы пасьпелі.

– Ты далей ці да мяне? – спытаў я ў Севы.

– Дамоў, – ледзь прамармытаў Сева, але, паглядзеўшы мутнымі вачыма на залеву й шэрасьць, што панавала вакол, перадумаў.

За вакном не сьціхаючы лупіў дождж, і трывога ўсярэдзіне зноў пачала падымацца пад горла. Я затэлефанаваў маці і спытаў, ці дома брат, што меў выправіцца ў кінатэатар «Масква». Брат быў дома. Неўзабаве залева скончылася й мяне адпусьціла канчаткова.

Сева хроп на кушэтцы. Я ўключыў расейскую «Свабоду», чакаючы «Экслібрыс» Пятра Вайля і, не дачакаўшы, таксама заснуў.

Было гадзіны тры ночы, калі змучаны смагай я прахапіўся й пайшоў па ваду. З радыё загучалі пазыўныя свабодаўскіх навінаў, а праз імгненьне, я так і застыг з кубкам у руцэ. Да сьвядомасьці даляталі асобныя словы, якія складаліся ў жахлівую навіну: Менск, мэтро «Няміга», канцэрт, залева, шматлікія ахвяры…

– Сева, чуеш?! На Нямізе людзі патанулі! – падышоўшы да кушэткі, трос я прыяцеля. Чамусьці адразу мне здалося, што менавіта патанулі.

Сева не прачынаўся. Я павярнуўся да начнога вакна і перад вачыма зноў паўстала тая хмара. Як яна паўзла над Цной, як мяняла свае формы й колеры, ад ліловага да чорнага, ад чорнага да ліловага…

– Колькасьць ахвяраў дасягнула 53, – чарговы раз ужо ранкам паведаміла «Свабода»…

– Ты чуў пра Нямігу? – спытаў у мяне Сева.

– З трох гадзінаў.

– Не па нас тая хмара йшла, – павольна прагаварыў ён праз паўзу, задуменна дапальваючы цыгарэту.

«На Нямізе галовы сьцелюць снапамі,

Харалужнымі малоцяць цапамі,

жыцьцё кладуць на таку зьлюцела,

веюць душу ад цела.

Нямігі крывавыя берагі…», – пра сябе згадаў я калісьці завучанае, ўголас дадаўшы:

– Мы на Цне апынуліся, але не на Нямізе…

Каля ўваходу ў станцыю мэтро «Няміга» стаяў міліцэйскі патруль. Людзі несьлі кветкі. Побач туліліся купкі моладзі, шмат у каго зь юнакоў цяклі сьлёзы. Нехта нешта распавядаў. Але найбольш мяне ўразілі далоні на столі пераходу, то бок сьляды ад іх. Я паспрабаваў уявіць тую жудасную карціну, калі гэтыя далоні спрабавалі ўхапіцца за столь, каб выжыць… І сам міжволі засланіў далонямі свае вочы.

Гэтыя «далоні на столі» я бачу кожнага разу, калі спускаюся ў мэтро «Няміга», яны нікуды ня зьніклі, няхай сьляды ад іх шматкроць зачысьцілі й зафарбавалі. І тады я згадваю тую страшную чорную хмару, якая зьявілася ніадкуль над Цною, але грымнула на Нямізе. Ніхто ня ведае, калі яна зьявіцца зноў і па каго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG