Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску малююць Малевіча. Быкава — не дазволілі.


Партрэт Малевіча, яшчэ ня скончаны
Партрэт Малевіча, яшчэ ня скончаны

Дуэт віцебскіх мастакоў StreetSkills малюе партрэт заснавальніка супрэматызму, аўтара знакамітага «Чорнага квадрата» на пабудовах гаражнага комплексу за будучым Музэем віцебскай мастацкай вучэльні.

Менавіта ў бок будучага музэя — а ў гэтым будынку якраз і знаходзілася мастацкая вучэльня — паказвае галоўны пэрсанаж малюнка, мастак Казімір Малевіч. Частку вуліцы імя газэты «Праўда» сёлета перайменавалі ў гонар кіраўніка мастацкай вучэльні Марка Шагала.

Будынак будучага музэя пакуль рамантуецца
Будынак будучага музэя пакуль рамантуецца

Аднак з гэтай вуліцы калегу сусьветна вядомага мастака не ўбачыш: графіці відаць хіба толькі з вуліцы Калініна, і тое — калі добра ведаць, што яно там ёсьць...

Малевіч і ягонае «гаражнае» суседзтва
Малевіч і ягонае «гаражнае» суседзтва

Творчая група StreetSkills нядаўна абвясьціла, што зьбіраецца ўвасобіць праект «Ведай нашых», каб пакінуць мастацкія ўвасабленьні вядомых асобаў у розных беларускіх, а таксама расейскіх гарадах. Прыкладам, у Санкт-Пецярбургу мастакі Глеб Каштанаў і Ян Кузьмін нядаўна намалявалі партрэт актора Міхаіла Баярскага. А ў Віцебску хлопцы хацелі намаляваць партрэт Васіля Быкава, аднак не атрымалі на гэта дазволу.

Аўтограф
Аўтограф

Для многіх гараджанаў зьяўляецца спрэчным пытаньне, наколькі этычна ўвасабляць вобраз славутага беларускага пісьменьніка на сьценцы гаража або трансфарматарнай будкі, як гэта робяць мастакі-графітысты. Ёсьць тыя, хто катэгарычна супраць, але таксама шмат і тых, хто лічыць, што памяць пра Васіля Быкава каштоўная сама па сабе, а таму мае права на існаваньне ў любой мастацкай форме.

Пакуль усё выглядае ня дужа па-мастацку
Пакуль усё выглядае ня дужа па-мастацку

Прыкладам, многія гараджане і госьці абласнога цэнтру ў захапленьні ад партрэту Марка Шагала, які зьявіўся ў Віцебску летась, і аўтарамі якога таксама зьяўляюцца хлопцы з StreetSkills.

Выява Казіміра Малевіча каля праезду Шагала (архіўнае фота)
Выява Казіміра Малевіча каля праезду Шагала (архіўнае фота)

Што да выяваў Казіміра Малевіча, то гэта ўжо другі малюнак, зроблены ў ягоны гонар. І знаходзіцца ён таксама ў «знакавым» месцы — непадалёк ад праезду імя Марка Шагала ў мікрараёне «Білева», у частцы катэджавай забудовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG