Беларуская арт-студыя PRAS на замову Праграмы разьвіцьця ААН выдала для Android і iOS відэагульню «Зялёная эканоміка». Дакладней, набор гульняў — клясычных аркадаў 1990-х гадоў, стылізаваных пад «зялёную» тэматыку.
Як зазначыў Свабодзе выканаўчы дырэктар арт-студыі PRAS Мікалай Тамашэвіч, праект можна разглядаць і як камэрцыйны, бо рабіўся ён на замову, і як «іміджавы» для студыі (бо тая намагаецца зрабіць кожны праект такім).
Але відавочна, што галоўнае ў гульні — агітацыя, прапаганда «зялёнай» эканомікі і альтэрнатыўнай энэргетыкі. Ды ці эфэктыўная прапаганда ў такой гульнявой форме?
«Такія рэчы варта разглядаць толькі як адзін з элемэнтаў цэлага комплексу мерапрыемстваў, бо акрамя гульні гэта і мультымэдыйны ролік для мэтро і тэлевізіі, калі казаць пра наш бок, гэта і візуальная агітацыя празь білборды, гэта і правядзеньне розных адукацыйных мерапрыемстваў і гэтак далей», — тлумачыць Тамашэвіч.
Гулец мусіць зарабляць у «Зялёнай эканоміцы» талеры — так у 1990-х прапаноўвалі назваць беларускія грошы, і такія манэты мелі нашыя продкі ў XVI-XVII стагодзьдзі. Талеры ў гульні — таксама своеасаблівая агітацыя, толькі ўжо не за экалёгію?
«Безумоўна, — кажа Тамашэвіч. — Гэта нашая такая фішачка. Калі мы пачыналі рабіць гульню, якраз хадзілі думкі пра новую валюту, і якраз дзесьці тады абвясьцілі дэнамінацыю. На маю ўласную думку, трэба пачынаць ад назвы — тым больш, калі мы маем гістарычнае права на гэта».