Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што варта было б скараціць у бюджэце і што скароцяць на самой справе


Цыганкоў: У інтэрвію праграмы БТ «Галоўны эфір» міністар фінансаў Беларусі Ўладзімер Амарын распавёў, што памер магчымага скарачэньня бюджэту складзе каля 15 трыльёнаў рублёў. Гэта каля 7% усіх выдаткаў бюджэту. Такім чынам, афіцыйна пацьверджана тое, пра што раней казалася альбо ў кулюарах, альбо як пра імавернасьць. Цяпер гэта канкрэтныя дзеяньні — у чэрвені Мінфін унясе праект адпаведнага указу па ўдакладненьні паказьнікаў бюджэту. Але пакуль чыноўнікі ня кажуць, якія артыкулы будуць скарочаныя.

Беларусь можа ўпершыню у сваёй незалежнай гісторыі, дакладна ўпершыню за апошнія 20 гадоў, уступае ў рэчаіснасьць, калі ўжываецца забытае слова сэквэстар. У 90-я гады яно было папулярнае ў Расеі, калі скарачалі бюджэт. Гэта ўжо красамоўна характарызуе эканамічны стан Беларусі.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Незалежныя эканамісты, апазыцыйныя лідэры, палітолягі даўно гаварылі, што прыняты палатай прадстаўнікоў бюджэт зусім не адпавядае рэальнасьці. Не адпавядае ані кошт даляру, які быў закладзе ў бюджэт на ўзроўні 18600, ані выдаткі бюджэту, расьпісаныя з разьлікам таго, што Беларусь квітнее і мае вялікі рост. Цяпер улада ўсё гэта прызнала.

Прызнала, што бюджэт нерэалістычны, што ніякага росту ў гэтым годзе не будзе і не будзе нават сьціплага падзеньня. Валавы ўнутраны прадукт упаў у мінулым годзе на 4%, а ў першым квартале гэтага — на 3%. Выглядае, што падзеньне зафіксуецца і па выніках усяго 2016 году.
Амарын сказаў, што давялося скараціць датацыі мясцовым бюджэтам, каб яны таксама прынялі адэкватныя захады па скарачэньні і аптымізацыі сваіх выдаткаў. І што будзе ісьці размова пра скарачэньне некаторых выдаткаў, але не ўдакладніў, якіх. Але мы дакладна ведаем, што дзяржава дакладна не будзе скарачаць, нават ва ўмовах крызісу.
Гэта, перш за ўсё, выдаткі на сілавыя структуры, фінансаваньне якіх расьце кожны год. Кожны год адсотак на сілавыя структуры павялічваецца, а на такія рэчы, як сацыяльныя выдаткі ці ахова здароўя, альбо не павялічваецца альбо нават скарачаецца. Хаця Лукашэнка некалькі разоў за апошнія гады казаў, што ў нас траціцца на ахову здароўя больш, чым у Эўропе. Гэта суцэльная хлусьня — 4-5% ( нават рэдка калі 5% ) бюджэту выдаткоўваецца на ахову здароўя. У той час, як у Эўропе сярэдні паказьнік каля 7%, а ў многіх краінах 10-12%. Дакладна ня будуць скарочаныя ані адміністрацыя, ані ахова прэзыдэнта, ані КДБ, ані МУС — тыя выдаткі, якія зьяўляюцца «сьвятарнай каровай» пры любым эканамічным крызісе.

Уладзімер Глод
Уладзімер Глод

Глод: Я найперш хачу засяродзіць вашу ўвагу, калегі, на тым, што згодна з заканадаўствам прэзыдэнт Беларусі мае права карэктаваць бюджэт. І гэта адбываецца штогод. Чаму? А таму што кожны год бюджэт зьмяняецца ў бок падвышэньня. Гэта адбываецца за кошт інфляцыі. Бюджэт вярстаюць у беларускіх рублях. А пасьля пачынаецца інфляцыйны працэс. І калі на пачатку году, напрыклад, даляр, умоўна кажучы, каштуе 15 тысяч беларускіх рублёў, то бліжэй да канца таго ж году ён каштуе ўжо 20 тысячаў. Зразумела, што і прыбыткі бюджэту аўтаматычна павялічваюцца. І тады Лукашэнка разьмяркоўваў гэтыя дадатковыя рублі.

Сёлета ж сытуацыя прынцыпова іншая. Калі параўноўваць сёлетнія вынікі з тым жа пэрыядам мінулага году, то прыбыткі фармальна ўзрасьлі на 6,6 трыльёна рублёў. Аднак зь улікам росту спажывецкіх цэнаў у рэальным выражэньні прыбыткі бюджэту зьнізіліся.

Таму цяпер трэба скарачаць выдаткі. Прычым, у такім незвычайна вялікім маштабе. А гэта для таго ж Лукашэнкі вельмі нявыгадна. Бо ўся ягоная папулісцкая палітыка трымаецца на тым, што ён нібыта ўвесь час папраўляе чыноўнікаў, якія не дбаюць пра народ. Згадаем хоць бы апошні сюжэт з жыльлёва-камунальнымі паслугамі. А зараз, зразумела, кіраўніку дзяржавы ня хочацца, каб скарачэньні выдаткаў ішлі ад яго імя. Маўляў, я прыношу добрыя зьвесткі, а дрэнныя — няхай прыносіць іншы хтосьці.

А цяпер да таго, што трэба было б скарачаць. Я тут найперш адзначу, што Беларусь не адзіная ў сьвеце краіна, якой даводзіцца зьмяншаць прыбытковую частку бюджэту. Таму ёсьць пэўны міжнародны досьвед, міжнародныя стандарты, што звычайна робіцца пры такой сытуацыі. На першым месцы звычайна скарачэньне інвэстыцыяў. То бок выбіраецца, без чаго можна пражыць, і тыя грошы, якія плянавалі пусьціць, напрыклад, на пабудову вялікага стадыёна, пускаюць, як кажуць, пад нож. Вось на мадэрнізацыю дрэваапрацоўчых камбінатаў у Беларусі за апошнія гады кінулі велізарныя грошы.

А вось бягучыя выдаткі, напрыклад, заробкі бюджэтнікаў — настаўнікаў, лекараў, вайскоўцаў, міліцыянтаў і г. д. звычайна не скарачаюць. Як не скарачаюць, напрыклад, і грошы, якія закладзеныя ў бюджэце на набыцьцё лекаў. Але гэта міжнародныя стандарты. А, як казаў Аляксандар Лукашэнка, ён сваю краіну за цывілізаваным сьветам не павядзе. Таму, што будуць сэквэстраваць у беларускім бюджэце, сказаць сёньня дакладна немагчыма.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Скарачэньне бюджэту — гэта сапраўды справа непрыемная ва ўсіх краінах. Як тут ні дзялі, абавязкова хтосьці, і шмат людзей, будзе незадаволены.

Існуе шмат абмежаваньняў. На першы погляд, варта скараціць чыноўнікаў і сілавікоў. Але што тычыцца чынавенства, то яго можна скараціць у сувязі з адміністрацыйнай рэформай. Бо калі ў такой дзяржаве, як Беларусь, проста так скараціць чыноўнікаў — абваляцца цэлыя сэгмэнты кіраваньня. Што да сілавікоў, то беларускія ўлады глядзяць вакол, на Францыю, на Казахстан, і думаюць, што варта, каб людзі з дубінкамі заставаліся ў ранейшай колькасьці.

Ёсьць і лібэральны падыход — скарачаць субсыдыі прадпрыемствам. На гэтым увесь час настойвае Міжнародны валютны фонд, гэта крок насустрач яму — можа грошы дадуць? Але гэта такая мультыплікатыўная штука. Скарачаюцца субсыдыі, прадпрыемствам робіцца кепска, і адпаведна ад іх кепскага стану — рост беспрацоўя, нізкія заробкі, скарачэньне даходаў бюджэту.

Самыя небясьпечныя скарачэньні бюджэту — у сацыяльнай сфэры. Там сёе-тое сапраўды можна набраць, але гэта найбольш рызыкоўна. У свой час, калі ў Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчар упершыню ўвайшла ва ўрад, была міністрам адукацыі, яна скараціла выдачу бясплатнага малака ў школах. І быў гучны скандал, яна атрымала народную мянушку «Thatcher — Milk Snatcher» — малочная рабаўніца. І гэта ёй і потым вельмі адгукалася.

Таму «сацыялку» чапаць небясьпечна, асабліва ў цяперашняй беларускай сытуацыі, калі народ і без таго злы. Самай справядлівай мерай, магчыма, не самай эфэктыўнай эканамічна, было б, на мой погляд, скарачэньне ўсіх выдаткаў прапарцыйна, маўляў, мы апынуліся бяднейшымі, чым думалі, але пацярпелі ўсе ў роўнай ступені.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG