Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія нацысты з «E.N.O.T. Corp» унесьлі ў свой расстрэльны сьпіс беларуса


У «расстрэльны сьпіс» расейскай ваенізаванай нацыяналістычнай групоўкі «E.N.O.T. Corp» быў унесены 30-гадовы мянчук Зьміцер — за тое, што быццам бы «супрацьдзейнічае расейскамоўным».

Сам «расстрэльны сьпіс» можна знайсьці ў суполцы «E.N.O.T. Corp» «Укантакце»: для гэтага створана спэцыяльная тэма, якая так і называецца — «расстрэльныя сьпісы». Туды «яноты» заклікаюць уносіць зьвесткі пра «ворагаў народу» (гэта дакладная цытата з адміністратараў суполкі).

Фармальна адміністрацыя суполкі не абмяркоўвае ў гэтай тэме, як і калі забіваць «ворагаў народу» — першапачаткова «E.N.O.T. Corp» заклікае разьмяшчаць дадзеныя «ворагаў народу» і падаваць сьпіс «заслуг», «каб калектыў мог больш пісьменна фармуляваць скаргу адміністрацыі «Ўкантакце». Але самі падпісчыкі выкладваюць у суполцы дадзеныя далёка не інтэрнэт-троляў, абвінавачваньні пры гэтым могуць быць самыя розныя. Некаторыя «яноты» наўпрост заклікаюць адлоўліваць гэтых «ворагаў народу» «ў цёмным пад’езьдзе і прабіваць галовы».

Невядома, ці пацярпеў сапраўды хоць хто-небудзь з тых, каго занесьлі ў «расстрэльны сьпіс». Тым ня менш, зыходзячы зь меркаваньняў бясьпекі, Свабода не называе прозьвішча беларуса, які трапіў у расстрэльны сьпіс групоўкі, і не разьмяшчае ягонага фота.

Карэспандэнт Свабоды сустрэўся са Зьмітром у Менску. Паводле Зьмітра, пасьля таго, як стала вядома, што расейскія нэанацысты праводзілі ваенныя зборы з удзелам беларускіх школьнікаў, ён напісаў у інтэрнэце ліст камандзіру «Русіча» Аляксею Мільчакову.

Аляксей Мільчакоў
Аляксей Мільчакоў

«Я напісаў Мільчакову ліст і выклікаў яго на сустрэчу. Як ён мне сказаў, у яго вялікія сувязі тут — быццам тут усе за Расею, быццам падтрымка Расеі тут большая, чым на Данбасе. Ён таксама казаў, што мяне застрэліць», — кажа ён.

Акрамя таго, Зьміцер пачаў распаўсюджваць у інтэрнэце адкрыты зварот да адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі з просьбай прыняць меры па спыненьні дзейнасьці асоб і арганізацыяў, «датычных да ўдзелу беларускіх падлеткаў у антыбеларускім нэанацысцкім мерапрыемстве». Зьміцер заклікае ўсіх неабыякавых накіроўваць адпаведны зварот у прэзыдэнцкую адміністрацыю.

Пасьля гэтых захадаў на Зьмітра зьвярнулі ўвагу «яноты».

«Я бачыў, хто ўнёс мяне ў „расстрэльны сьпіс“, — гэта чалавек зь Беларусі. Ён проста ўнёс запіс туды. Я насамрэч ня думаю, што я такая вялікая птушка, што на мяне будзе паляваньне. Але трэба ўсьвядоміць простую рэч. Яны, гэтыя нацысцкія арганізацыі, узялі нас усіх на прыцэл. Ніякіх Мільчаковых тут быць не павінна, а ён жа кажа, што часам прыяжджае ў Беларусь. Сам я не баюся. Я на сваёй зямлі, і нават калі мне сапраўды можа нешта пагражаць, то баяцца ня трэба. Трэба прымаць бой», — лічыць ён.

Зьміцер сьцьвярджае, што, паводле ягонай інфармацыі, Мільчакоў у хуткім часе зьбіраецца прыехаць у Беларусь разам са сваімі паплечнікамі. На думку менчука, беларускае грамадзтва павінна адрэагаваць на гэта і даць адпор расейскім нэанацыстам.

«Паводле інсайдэрскай інфармацыі, тут праз два тыдні будзе праходзіць зьезд расейскіх сэпаратыстаў-баевікоў, і ўтым ліку сюды прыедзе Мільчакоў. Гэта будзе адбывацца ў Менску, яны будуць даваць інтэрвію. Але гэта стане вядома ў апошні момант — за дзень ці, можа, за палову дня. Таму трэба рыхтавацца і быць гатовымі. Я лічу, што грамадзтва павінна выйсьці і даць адпор. Калі яны ўбачаць, што адпору няма — то ўсё, мы прайгралі. Далей ужо будзе няма чаго рабіць. Я лічу, што мы павінны даць адпор зараз. Баяцца людзі ці не баяцца — гэта ўсё роўна трэба рабіць», — кажа ён.

Зьміцер падкрэсьлівае, што ён ніколі не ўваходзіў у якія-небудзь палітычныя ці грамадзкія арганізацыі, а проста мае актыўную грамадзянскую пазыцыю і хвалюецца за будучыню Беларусі. Працуе Зьміцер, паводле ягоных слоў, у дзяржаўнай арганізацыі.

Гісторыя пра тое, як беларускіх дзяцей зь Віцебску, Друцку і Талачына сёлета вазілі ў Расею на ваенныя зборы, дзе інструктарамі працавалі баевікі дывэрсійна-штурмавой выведнай брыгады «Русіч» і асабіста яе камандзір Аляксей Мільчакоў, займела вялікі розгалас у беларускім грамадзтве. Як даведалася Свабода, непасрэдны арганізатар гэтых трэніровачных лягераў — так званая «карпарацыя E.N.O.T.», якая мае рэпутацыю ўльтрарадыкальнай паўфашысцкай структуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG