Кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах ня выключыў магчымасьці адхіленьня зборнай Расеі ад Алімпіяды ў Рыё-дэ-Жанэйра — усё будзе залежаць ад вынікаў расьсьледаваньня допінгавай справы расейскіх спартсмэнаў.
Пра гэта паведамляе eurosport.ru.
«Удзел расейскіх спартсмэнаў на Алімпійскіх гульнях у Рыё-дэ-Жанэйра вельмі залежыць ад вынікаў расьсьледаваньня WADA. Калі будуць доказы арганізаванай і ўсёабдымнай допінг-сыстэмы, якая закранае вялікую частку спорту, міжнародныя фэдэрацыі і МАК павінны будуць прыняць цяжкае рашэньне аб калектыўнай або індывідуальнай адказнасьці», — піша Бах у артыкуле, апублікаваным у Frankfurter Allgemeine Zeitung.
Раней амэрыканскае выданьне The New York Times апублікавала матэрыял з выказваньнямі экс-кіраўніка маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі Рыгора Родчанкава, які сьцьвярджае, што ня менш як 15 атлетаў з Расеі, якія выйгралі мэдалі на зімовай Алімпіядзе ў Сочы, удзельнічалі ў допінгавай праграме ўраду Расеі.