Амэрыканская фэдэральная пракуратура пачала расьсьледаванне па сьлядах паведамленьняў пра маштабнае ўжываньне допінгу расейскімі вядучымі спартсмэнамі і магчымую датычнасьць да іх прадстаўнікоў расейскіх уладаў, паведаміла ў аўторак увечары газэта «Нью-Ёрк Таймс» са спасылкай на неназваных афіцыйных асобаў, якія знаёмыя з дэталямі справы.
Расьсьледаваньне, паводле дадзеных газэты, вядзецца фэдэральнай пракуратурай усходняй акругі Нью-Ёрку. Яе цікавіць дзейнасьць расейскіх афіцыйных асобаў, трэнэраў, атлетаў, супрацоўнікаў антыдопінгавых службаў і ўсіх, хто мог атрымаць нейкую выгаду ў выніку незаконных дзеяньняў. У выніку расьсьледаваньня, як мяркуюць сьледчыя, могуць быць прад’яўленыя абвінавачваньні ў змове і махлярстве.
Згодна з амэрыканскім заканадаўствам, амэрыканскія суды валодаюць юрысдыкцыяй у справах, якія маюць нейкае дачыненьне да Злучаных Штатаў. У дадзеным выпадку, піша газэта, аб’ектам перасьледу могуць стаць тыя, хто спрыяў удзелу ў спаборніцтвах у ЗША спартсмэнаў, якія прымалі допінг, і тыя, хто мог выкарыстаць амэрыканскую фінансавую сыстэму для правядзеньня транзакцыяў, зьвязаных з допінгам. Расейскія атлеты ўдзельнічалі ў некалькіх спаборніцтвах на тэрыторыі ЗША, напрыклад, у Бостанскім маратоне і чэмпіянатах сьвету па бабслеі і скелетоне ў Лэйк-Плэсідзе.
Для вынясеньня абвінавачваньняў амэрыканскія сьледчыя перш за ўсё павінны даказаць, што патэнцыйныя злачынствы адносяцца да юрысдыкцыі амэрыканскіх судоў, што будзе няпроста, піша «Нью-Ёрк Таймс». Дамагчыся супрацоўніцтва з боку расейскіх праваахоўных органаў і выдачы абвінавачаных, хутчэй за ўсё, немагчыма.
Менавіта сьледчыя усходняй акругі Фэдэральнай пракуратуры Нью-Ёрку вялі расьсьледаваньне справы аб карупцыі ў ФІФА, у выніку якога абвінавачваньні былі прад’яўленыя 40 футбольным функцыянэрам і бізнэсмэнам, больш траціны якіх ужо прызналі сваю віну.