Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы візыт Лукашэнкі ў Эўропу: ўсе дарогі вядуць у Рым


Красавік 2009 году. Лукашэнкі на аўдыенцыі ў Папы Рымскага Бэнэдыкта. Архіўнае фота.
Красавік 2009 году. Лукашэнкі на аўдыенцыі ў Папы Рымскага Бэнэдыкта. Архіўнае фота.

Чаму першай паездкай Лукашэнкі на Захад пасьля зьняцьця санкцыяў стане візыт у Італію?

Цыганкоў: У пятніцу Аляксандар Лукашэнка зробіць першы візыт у Эўразьвяз пасьля зьняцьця санкцыяў. Кіраўнік Беларусі накіруецца ў Італію, дзе ў яго заплянаваныя сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Сэрджа Матарэлам і папам рымскім Францішкам.

Прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант паведаміла карэспандэнту Свабоды з гэтай нагоды:
«Гэтае пытаньне прапрацоўвалася даўно. На гэты момант я магу сказаць, што такая паездка ў плянах ёсьць. Але пра канкрэтныя тэрміны і праграму візыту пакуль гаварыць не магу. Пра гэта будзе абвешчана пазьней».

Лукашэнка ўжо наведваў Італію і Ватыкан у 2009 годзе падчас мінулага пацяпленьня беларуска-эўрапейскіх адносінаў. Тады ён сустрэўся з тагачасным прэм’ер-міністрам ураду Італіі Сільвіё Бэрлюсконі, а таксама Папам Рымскім Бэнэдыктам.

Ці выхавала Лукашэнку тая паездка ў Рым і Ватыкан, ці дапамагла яму сустрэча з Папам стаць больш міласэрдным і гуманным?

У 2009 годзе быў візыт у Ватыкан, менавіта да Папы Рымскага. Пытаньне вакол зьняцьця санкцыяў часта круціцца вакол таго, што паездкі за мяжу будуць адукоўваць, выхоўваць беларускіх чыноўнікаў, што гэта ёсьць нейкіх стымулам для іх. Я вельмі скептычна да гэтага аргумэнту стаўлюся. Ці выхавала Лукашэнку тая паездка ў Рым і Ватыкан, ці дапамагла яму сустрэча з Папам стаць больш міласэрдным і гуманным? Варта ўзгадаць, што пасьля 2009 году было 19 сьнежня 2010 году, калі за адну ноч каля 700 чалавек трапілі за краты, у тым ліку 6 кандыдатаў у прэзыдэнты.

Ці вось зьезьдзіла ў Эўропу нарэшце Лідзія Ярмошына. Ці азначае гэта, што цяпер на наступных выбарах будзе справядлівы падлік галасоў? Вядома, не.

Кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын увогуле вучыўся ў Швэйцарыі. Ці шмат гэта дапамагло яго эўрапеізаваць? Так што яшчэ раз — я скептычна стаўлюся да таго, што паездкі ў Эўропу нейкім чынам мяняюць беларускіх кіраўнікоў і чыноўнікаў. Іншая справа, зьняцьце санкцыяў ёсьць знак таго, што цяпер да іх ставяцца больш сур’ёзна, што Эўропа прызнала іх правату, гатова гаварыць зь імі на роўных.

Нельга сказаць, што пабываўшы ў Італіі, Лукашэнка будзе праводзіць у Беларусі больш гуманную палітыку, але першая паездка пасьля зьняцьця санкцый у эўрапейскую краіну павінна стаць наступным крокам ў працэсе нармалізацыі адносінаў афіцыйнага Менску з Брусэлем.

Карбалевіч: Першага візыту Лукашэнкі ў Эўропу пасьля скасаваньня санкцый чакалі. Варта нагадаць, што і мінулым разам адразу пасьля замарожваньня візавых абмежаваньняў ЭЗ у 2009 годзе першая паездка беларускага кіраўніка адбылася менавіта ў Рым. Тады Лукашэнка сустракаўся з Папам Рымскім Бэнэдыктам XVI і прэм’ер-міністрам Італіі Сільвія Бэрлюсконі. І Лукашэнкі сын Коля нават апробаваў у апостальскім палацы Ватыкану футбольны мяч, падораны яму Папам. То бок, ужо зьявілася традыцыя — прарыў у Эўропу Лукашэнкі адбываецца праз Рым.

Італьянскія палітыкі адзначаліся заўсёды большай ляяльнасьцю да афіцыйнага Менску ў параўнаньні зь іншымі краінамі ЭЗ

Думаю, ёсьць праблемы з афіцыйным запрашэньнем Лукашэнкі ў краіны ЭЗ. Ніхто не запрашае. Таму выкарыстоўваецца візыт у Ватыкан, каб патрапіць у Рым. У 2009 годзе Лукашэнка паехаў ў Літву, скарыстаўшы як нагоду удзел у эканамічным форуме.

Італьянскія палітыкі адзначаліся заўсёды большай ляяльнасьцю да афіцыйнага Менску ў параўнаньні зь іншымі краінамі ЭЗ. Зьвяртае на сябе ўвагу, што пакуль ў Лукашэнкі заплянаваныя сустрэчы толькі з прэзыдэнтам Італіі Сэрджа Матарэлай. Але прэзыдэнт у Італіі выконвае больш сымбалічныя функцыі. Першая асоба — гэта прэм’ер-міністар Матэа Рэнцы. Пакуль сустрэчы зь ім у плянах няма.

Падчас сустрэчу ўжо з новым Папам Рымскім Францішкам, думаю, будзе абмяркоўвацца магчымы візыт пантыфіка ў Беларусь. Гэтая пытаньне даўно стаіць на парадку дня. Магчыма, пасьля мінулагодняга сустрэчы Папы з патрыярхам РПЦ Кірылам гэта стана магчымым.

Дракахруст: Тое, што ў Рыме знаходзіцца Ватыкан і што гэты візыт сумяшчаецца з візытам у Італію, я мяркую, было адным з ключавых момантаў, чаму была выбраная Італія. Папа Рымскі гэта больш, чым кіраўнік Ватыкану. Пры ўсёй умоўнасьці, гэта духоўны лідэр заходняга, каталіцкага сьвету, і камунікацыя зь ім можа даць рэчы больш значныя, чым камунікацыя са сьвецкімі эўрапейскімі палітыкамі.

Мы бачылі, як Лукашэнка на гэтым і ў мінулым гуляў, і зараз гуляе — і са станам касьцёлу ў Беларусі, і з праектам сустрэчы Папы і патрыярха. Так што Лукашэнка сабраўся паехаць туды, дзе ёсьць Папа.

Сучасная Італія — хіба не самая прарасейская ці адна з самых прарасейскіх краінаў ЭЗ

Другі момант — не зусім згодны, што, атрымалася па Высоцкаму «и я лечу туда, где принимают». У цяперашняй сытуацыі маглі прыняць і ў Парыжы, і ў Бэрліне, і ў Любляне, напрыклад, бо са Славеніяй адносіны вельмі шчыльныя, у тым ліку і бізнэсовыя. Але краіна, куды сабраўся Лукашэнка, выбіралася яшчэ з улікам таго, як на гэта паглядзіць Масква. Сучасная Італія — хіба не самая прарасейская ці адна з самых прарасейскіх краінаў ЭЗ. Калі б Лукашэнка паехаў, напрыклад, у Бэрлін, гэта больш ўстрывожыла б Маскву, чым візыт у Рым. Праўда, Лаўроў падчас візыту ў Менск заявіў, што Расея абсалютна ня супраць таго, што Беларусь паляпшае адносіны з Эўропай. Але мяркую, што да паездкі беларускага саюзьніка, скажам, у Бэрлін у Маскве паставіліся б больш насьцярожана, чым да візыту ў Рым.

Зразумела, Лукашэнка паехаўшы на Захад, ня стане больш лібэральным. Але камунікацыя, і на вышэйшым, і на больш нізкім узроўні, разбурае фобіі, забабоны і неадэкватныя ўяўленьні пра партнэра. Калі ты з партнэрам не камунікуеш, то ты можаш уяўляць яго кім заўгодна. А калі ты неяк зь ім размаўляеш, то ўжо іншае ўяўленьне. Калі браць вялікія пэрыяды, то ў часы сталінскага СССР камунікацыі з Захадам увогуле не было і была адна якасьць палітычнай эліты, а ў брэжнеўскія часы гэтая камунікацыя была значна больш шырокай, і адпаведна ў цэлым эліта стала крыху іншай.

Цыганкоў: Мне здаецца, што мы жывем у новай рэальнасьці, калі прадстаўнікі розных іншых цывілізацыяў, недэмакратычных краінаў, абсалютна спакойна і часам дастаткова дружалюбна кантактуюць з Захадам і пры гэтым імкнуцца нічога не мяняць у сваіх краінах. Што тычыцца Лукашэнкі, то ён больш актыўна камунікаваў з заходнімі лідэрамі, і езьдзіў у ЗША, у Францыю напачатку прэзыдэнцтва ў 1994-1995 гадах, што не перашкодзіла яму ў 1996 годзе ўчыніць пераварот і паставіць Беларусь на недэмакратычныя антызаходнія рэйкі.

Дракахруст: Пагадзіцеся, у тыя гады, калі ён езьдзіў, парадкі ў Беларусі былі крыху іншыя, чым зараз.

Цыганкоў: Гэта да яго парадкі ўсталяваліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG