Жыхарка вёскі Гошчава, што ў Івацэвіцкім раёне на Берасьцейшчыне, ініцыюе перавядзеньне мясцовай школы зь беларускай на расейскую мову навучаньня. Юлія Папко, маці двух дзяцей, перакананая, што родная мова не патрэбная дзецям, бо ў будучыні будзе ствараць для іх толькі перашкоды.
Ініцыятыву падтрымалі большасьць бацькоў
Юлія — выпускніца факультэту беларускай філялёгіі ды літаратуры, а таксама журналістыкі Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка. Настаўніца беларускай мовы паводле адукацыі імкнецца ўжо з наступнага навучальнага году ўвесьці расейскую мову ў гошчаўскай школе. Свае дзеяньні жыхарка вёскі, якая сама ў свой час навучалася ў мясцовай навучальнай установе па-беларуску, абгрунтоўвае тым, што дакладныя навукі павінны быць менавіта па-расейску. Маўляў, дзецям насамрэч вельмі складана вучыцца па-беларуску:
«Я зусім ня супраць беларускай мовы, наадварот, толькі за. Але вось у верасьні маё дзіця ідзе ў першую клясу ў школу. Але ўжо ў падрыхтоўчай групе дзеці сутыкнуліся з сур’ёзнай перашкодай: яны не разумеюць, пра што ім кажуць настаўнікі. Справа ў тым, што ў сям’і, паміж сабою дзеці не размаўляюць па-беларуску і ня чуюць мовы. Я б не ўздымала гэтую праблему, калі б пасьля школы навучальныя ўстановы былі на роднай мове. Але гэтага нідзе проста няма. Нават калі дзеці ідуць навучацца ў наш мясцовы ліцэй у Івацэвічах, то і там няма навучаньня па-беларуску, дзецям не даюць такой магчымасьці, нават падручнікаў няма. Таму пасьля вясковай школы, якая заўсёды была беларускай, дзеці глядзяць на расейскамоўныя навучальныя дапаможнікі па матэматыцы, фізыцы як на замежныя. І ў гэты ж час гарадзкія дзеці пасьпяхова рашаюць задачы, вясковыя ж дзеці спачатку перакладаюць, а толькі пасьля гэтага пачынаюць займацца рашэньнем».
Клопат пра дзяцей ці барацьба са сваімі комплексамі?
Юлія спасылаецца на свой асабісты досьвед і кажа, што некалі сама сутыкнулася са шматлікімі перашкодамі. Нягледзячы на тое, што жанчына навучалася ва ўнівэрсытэце на факультэце беларускай мовы і літаратуры, на роднай мове выкладалася толькі некалькі прадметаў:
«Нашыя дзеці і так пакрыўджаныя, бо ня бачаць таго ж, што бачаць гарадзкія дзеці. А моўны бар’ер — гэта істотная і вялізная праблема. Дзеці ня могуць знайсьці сяброў. Іх часта называюць калгасьнікамі і гэтак далей. Што да мовы — то я лічу беларускую мову вельмі прыгожай і мілагучнай, я вельмі яе люблю. Але, на жаль, вымушаная дзеля сваіх дзяцей пайсьці насуперак сваім меркаваньням».
Таму, лічыць Юлія, перавядзеньне мясцовай школы на расейскамоўнае навучаньне палегчыць жыцьцё яе дзяцей. Гэтую ініцыятыву падтрымалі і шматлікія іншыя бацькі школьнікаў, якія навучаюцца ў Гошчаве:
«Мы ўжо сабралі подпісы сарака васьмі бацькоў. А гэта бацькі 65 вучняў школы, у якой цяпер навучаецца каля 80 дзяцей. Пры гэтым я яшчэ не патрапіла да ўсіх, бо некаторыя былі на працы. А таксама не наведвала тых, у каго дзеці навучаюцца ў выпускных клясах. Прычым большасьць бацькоў падтрымалі маю прапанову, пагаджаюцца са мною. Мая ініцыятыва ў тым, каб можа нават не раптоўна ўвесьці расейскую мову, але паступова. Напрыклад, зь першай клясы. Бо я разумею, што ў аддзеле адукацыі можа і ня будзе адразу ж падручнікаў для школы па-расейску».
Вёска болей не аплот беларушчыны
Пазалетась у Івацэвіцкім раёне вясковая школа ў Стайках таксама стала расейскамоўнай. Настаўнікі гошчаўскай школы кажуць, што на такі крок там пайшлі ў сувязі з пагрозай перавядзеньня сярэдняй школы ў базавую, бо было вельмі мала вучняў. Такое рашэньне аддзел адукацыі прымае, калі ў школе меней за 100 навучэнцаў. Ініцыятыву перавесьці навучаньне ў вясковай школе на расейскую падтрымалі як бацькі, гэтак і настаўнікі. У Гошчаве ж сытуацыя іншая. Дырэктар школы Аляксей Халадовіч прыняў ініцыятараў прапановы. Але сустрэча мела характар прыватнай гутаркі, паколькі подпісы і ліст ад бацькоў ён не зарэгістраваў. Па-сутнасьці адбылася толькі прыватная гутарка на гэты конт. Хаця дырэктар прызнаецца, што яму блізкія погляды бацькоў:
«Шчыра скажу, што я ня супраць ініцыятывы. Людзі маюць права выказаць сваю думку, дыскутаваць. Іншая справа, наколькі ініцыятыва можа быць адпаведная заканадаўству. Гэта ня так усё проста, і я прасіў людзей не сьпяшацца».
Пры гэтым дырэктар адзначыў, што ўжо ў наступным годзе назьбіраецца ў школе каля 100 вучняў. Таму пытаньне гэтае пакуль не актуальнае для школы, бо пагрозы пераводу зь сярэдняй у базавую школу няма. У сваю чаргу Юлія Папко, якая жадае русыфікаваць школу, кажа: калі дырэктар не дапаможа ў рэалізацыі яе ініцыятывы, то яна зьвернецца адразу ж да кіраўніка раённага аддзелу адукацыі.
Супраць русыфікацыі школы
Апрача бацькоў школьнікаў і настаўнікаў і раённага аддзелу адукацыі, рашэньне аб перавядзеньні зь беларускай на расейскую мову навучаньня ў школе прымаецца яшчэ і са згоды грамадзкага меркаваньня вёскі. А тут якраз думкі істотна падзеленыя. Многія жыхары Гошчава, асабліва старэйшае пакаленьне, не разумеюць, якім жа чынам школа ў вёсцы можа быць расейскамоўнай, паколькі такога ніколі раней не было. У сваю чаргу маладзейшыя жыхары Гошчава наадварот, схільныя да русыфікацыі школы. Праўда, старэйшых жыхароў у паселішчы большасьць. Але ці пераважыць іх голас у абароне беларускай мовы?..