Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму фільм пра Магніцкага не паказалі ў Эўрапарлямэнце


Сяргей Магніцкі
Сяргей Магніцкі

Эўрапарлямэнт адмяніў сёньня ў апошні момант прэм’ерны паказ фільму-расьсьледаваньня «Закон Магніцкага. За кулісамі» расейскага рэжысёра Андрэя Някрасава.

Пратэст супраць паказу гэтага фільму выказалі маці і ўдава расейскага юрыста Магніцкага, які памёр у маскоўскім СІЗО ў лістападзе 2009 году.

У лісьце на адрас фракцыі «Зялёныя — Эўрапейскі свабодны альянс», якая арганізоўвала паказ, блізкія Магніцкага пішуць, што нядаўна яны паглядзелі фільм і ён зрабіў на іх гнятлівае ўражаньне. «Мы ўсе глыбока абураныя і адначасова адчуваем пачуцьцё гідлівасьці», — гаворыцца ў пасланьні. Родныя называюць фільм ілжывым і адзначаюць, што, як і іншыя падобныя фільмы ў Расеі, ён зьняты з мэтай ачарніць імя Сяргея Магніцкага і пастарацца апраўдаць тых, хто мае дачыненьне яго сьмерці.

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе праекту «Справядлівасьць для Сяргея Магніцкага», у фільме Андрэя Някрасава сьцьвярджаецца, што Магніцкага ў турме не зьбівалі, што ён ня сьведчыў супраць расейскіх чыноўнікаў і не расьсьледаваў крадзяжу імі бюджэтных сродкаў на суму ў 230 мільёнаў даляраў. Але як сьцьвярджаюць яго адвакаты, калегі і сям’я, юрыст апынуўся ў турме менавіта пасьля таго, як раскрыў схему крадзяжу.

Рэжысёр Андрэй Някрасаў лічыць, што паказ яго фільму сарваў Уільям Браўдэр, кіраўнік фонду Hermitage Capital Management, зь якім супрацоўнічаў Магніцкі. Някрасаў кажа, што Браўдэр пагразіў шматмільённым зыскам за фальсыфікацыю фактаў.

Камэнтуючы сытуацыю, Уільям Браўдэр заявіў у інтэрвію Радыё Свабода:

«Некалькі тыдняў таму яны выпусьцілі на экраны тэлебачаньня вар’яцкую гісторыю пра тое, што я — агент ЦРУ, які працуе на дэстабілізацыю Расеі, забойца. Цяпер яны знайшлі былога апазыцыйнага дакумэнталіста, які перакінуўся на бок рэжыму. І ён у фільме сьцьвярджае, што ўсё, што вядома Эўропе пра Магніцкага, — няпраўда. Што мы з Магніцкім злачынцы, а доблесныя расійскія праваахоўныя органы — ахвяры нашых дзеяньняў. Мне здаецца, гэта прыкмета іх слабасьці, іх адчаю. Мала хто верыць у гэтыя казкі тут. Але чым больш яны гэта робяць, тым больш мы разумеем, што патрапілі ў дзесятку».

Браўдэр быў адным зь ініцыятараў прыняцьця ў ЗША «закону Магніцкага». Самога Браўдэра завочна асудзілі ў Маскве на дзевяць гадоў калёніі па абвінавачваньні за нявыплату падаткаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG