Суд Атлянты (штат Джорджыя) вынес прысуд двум хакерам, якія стварылі траян SpyEye, з дапамогай якога ўдалося нанесьці шкоду банкам на суму каля мільярда даляраў.
Расеец Аляксандр Панін атрымаў 9,5 гадоў пазбаўленьня волі, альжырац Хамза Бэндэладжы — 15 гадоў турмы, паведамляецца на сайце Міністэрства юстыцыі ЗША.
«Пакуль вірус ня быў нэўтралізаваны ФБР, SpyEye быў цудоўным шкоданосным банкаўскім траянам, які выкарыстоўваўся міжнародным сындыкатам кіберзлачынцаў з 2010 па 2012 год. Зь яго дапамогай удалося заразіць больш за 50 млн кампутараў, у выніку чаго прыватным асобам і фінансавым установам па ўсім сьвеце быў нанесены ўрон на суму каля 1 млрд даляраў», — гаворыцца ў заяве Мінюсту ЗША.
Паводле вэрсіі абвінавачваньня, асноўным распрацоўшчыкам SpyEye быў Аляксандр Панін. Яго арыштавалі ў 2013 годзе ў аэрапорце Атлянты. У 2014 годзе расеец прызнаў сябе вінаватым па 23 пунктах, у тым ліку ў махлярстве.
Яго змоўшчыка Бэндэладжы арыштавалі ў 2013 годзе ў Тайляндзе і выдалі ў ЗША. У чэрвені 2015 году ён таксама прызнаў віну па 23 пунктах. Паводле сьледзтва, асноўная роля альжырца была ў расьсыланьні мільёнаў спам-паведамленьняў, з дапамогай якіх і заражаліся кампутары.