Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ты мне радзі, а я перазваню», або навошта беларускам аборты


Магчымасьць зрабіць аборт застаецца, як ні дзіўна, адной з грамадзянскіх свабодаў для беларусак.

Мы працавалі разам з Таней у кол-цэнтры адной сталічнай фірмы. Мне на той момант было 30 гадоў, і я ўжо не лічыла, што маю права асуджаць кожнага чалавека, чые ўчынкі не вылучаюцца маральнай чысьцінёй. Тані было 23. Яна была замужам і мела двухгадовага сына, рыхтавалася да дзяржэкзамэнаў ва ўнівэрсытэце і параўнальна нядаўна выйшла на працу з дэкрэту. То бок, ледзь-ледзь стала на ногі, як кажуць.

Аднойчы яна прыйшла ў офіс нейкай змарнелай і апатычнай, мала зь кім размаўляла, хоць звычайна была вельмі жвавай. Да таго ж яна зрабіла нейкую памылку ў працы і я, старэйшая на зьмене, на яе насварылася. Яна сьціснулася, як сьлімак без панцыру, якому няма куды схавацца, і прамаўчала.

— Не чапай ты яе, яна на вакуўм схадзіла і ня ўсё гладка прайшло, — сказалі дзяўчаты.

Пазьней Таня акрыяла і мы зь ёй разгаварыліся. Гісторыя была банальная: яны з мужам абодва зь вёсак, здымаюць у Менску кватэру. Маці і сьвякруха далёка, у вёсках працы няма, тут бы адно дзіця падняць.

— Ну скажы, ну куды мне другога? — спыталася Таня.

— Ды няма куды... — адказала я.

З таго моманту я перастала верыць, што аборты — гэта зло злоснае, а жанчыны, якія іх робяць — пачвары.

Гэтую гісторыю я прыгадала, калі натрапіла на абмеркаваньне ў Фэйсбуку навіны пра круглы стол «Разам для абароны жыцьця», які днямі прайшоў у Менску. Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі з уласьцівым яму патасам пісаў: «Дзясяткі тысяч дзяцей забіваюцца ва ўлоньні маці... ці мае шанец на годнае жыцьцё нацыя і грамадзтва, каторае гэта зьдзяйсьняе? Калі не лічыць кароткі пэрыяд крывавай францускай рэвалюцыі, першымі забіваць дзяцей ва ўлоньні дазволілі камуністы у СССР, за імі — нацысты...»

Палітык налічыў у Беларусі 40 тысяч ненароджаных дзяцей штогод, але ж ні сам Рымашэўскі, ні яго аднадумцы не адказалі на пытаньне, як навучыць бацькоў прыняць і палюбіць гэтых дзяцей, каб яны ўсё ж нарадзіліся, і хто будзе гадаваць народжаных, але не прынятых бацькамі немаўлят. Філязофія змагароў за зачатае жыцьцё, якая раскрывалася ў камэнтарах, была простай, як савецкі кіпяцільнік: аборт — забойства, людзі павінны несьці адказнасьць за свае ўчынкі.

То бок, нараджаць нежаданых дзяцей. Мужчыны-пралайфэры пры гэтым білі сябе кулаком у грудзі, што гатовыя гадаваць будучае дзіця, а фэміністак назвалі фашысткамі, бо тыя выкідваюць у вядро зачатыя жыцьці. Большасьць адэптаў зажыцьцёвай ідэалёгіі — людзі маладзетныя і бязьдзетныя, дарэчы, але яны ўсімі канцавінамі за тое, каб чарговая Таня не ішла на вакуўм і нараджала дзіця. Каб губляла працу, абмяжоўвала выдаткі на сябе і сына, каб увогуле зьехала зь Менску. Хоць у якія Карэлічы.

Дарэчы, пра Карэлічы. З падачы праваслаўнай царквы там зладзілі сапраўдны месячнік высокай духоўнасьці: увесь красавік у мясцовай раённай лякарні ня робяць абортаў. Такую ініцыятыву прапанавала праваслаўная царква, і мэдыкі яе падтрымалі. Гэтую добрую вестку пралайфэры панесьлі па многіх СМІ.

Натуральна, што гэта перамога. Карэлічы — гэта вам ня Менск зь яго разьвітым рынкам мэдпаслугаў. Там усе дарогі вядуць у раённую лякарню. Таму жанчына, якая на пачатак красавіка мела 8 тыдняў цяжарнасьці, цяпер ужо вымушаная будзе нарадзіць, асабліва калі яна ня можа зьехаць у іншы горад і вырашыць там сваю праблему. Хоць некалькі пазаплянавых дзяцей усё ж зьявіцца.

Тэма выявілася гарачай і балючай: ужо некалькі дзён запар узгараньні стыхійна пераскокваюць з блогу ў блог. Мужчыны-пралайфэры паўтараюць, як мантру, што зачатае жыцьцё трэба абараніць, а таксама чытаюць жанчынам лекцыі пра жаночую фізіялёгію.

Мужчыны-пралайфэры паўтараюць, як мантру, што зачатае жыцьцё трэба абараніць, а таксама чытаюць жанчынам лекцыі пра жаночую фізіялёгію

Калі іх паслухаць, дык можна ўявіць, што роды — гэта як на сілавую трэніроўку схадзіць, таму жанчынам ня варта выдурняцца. Сто гадоў таму нараджалі, і вы народзіце. Любіце ногі рассоўваць, любіце і дзяцей нараджаць. Пралайфэры ўпарта маўчаць пра кантрацэпцыю і не прапаноўваюць стэрылізаваць шматдзетных мужчын. Асабліва радыкальныя выступаюць за асуджэньне дашлюбнага сэксу. Але што рабіць, каб абортаў было меней, а жаданых цяжарнасьцяў болей, ня кажа ніхто.

Я зараз ня буду пісаць пра праблему зьневажальнага стаўленьня да жанчыны і ня стану вылучаць мясцовыя адценьні мізагініі. Сьпяшаюся толькі нагадаць, што ў Беларусі пакуль яшчэ можна зрабіць аборт па жаданьні, але данасіць дзіця і адмовіцца ад яго так проста ўжо нельга. На жанчыну адразу павесяць фінансавую адказнасьць за сваё біялягічнае дзіця. То бок, яна не заб’е зачатае жыцьцё, патраціць на яго выношваньне і роды немалыя рэсурсы здароўя, а потым яшчэ будзе плаціць, абы толькі мараль радыкальных пралайфэраў адчувала сябе добра.

Нават калі мужчына, а не жанчына будзе вінаватым у цяжарнасьці і захоча выхоўваць будучае дзіця (настаяў на неабароненым сэксе), то плаціць усё адно давядзецца ёй — бо мужчыну эмбрыёна не перасадзіш. Але пралайфэры могуць ганарыцца сабой. А калі жанчына вынасіць дзіця і праз два месяцы скіне яго з 9-га паверху... Пашкадуюць бацьку, у якога аднялі дзіця. Маці пасадзяць у турму, калі яна сама ня скокне ўсьлед за дзіцем.

Тут пралайфэры проста не зрэагуюць, бо сапраўдныя забойствы — ня іх тэмы. Яны спэцыялісты па «зачатым жыцьці», лёс народжаных людзей іх не цікавіць. «Ты мне радзі, а я перазваню».

Магчымасьць зрабіць аборт застаецца, як ні дзіўна, адной з грамадзянскіх свабодаў для беларусак

Пралайф — увогуле раскручаны рух, і ён ужо закрануў Беларусь. Я з жахам думаю, што ўзровень цемрашальства ў нашай краіне можа дасягнуць, напрыклад, польскага. З праектамі закону аб татальнай забароне абортаў, нават паводле мэдычных паказьнікаў. Зь ціскам на жанчын даношваць нежыцьцяздольны плод і пагражаць разводам «вышкрабанай». З маральным згвалтаваньнем дзяўчат, якім у лякарні прапануюць аддаць іх выкідак, каб яны маглі яго пахаваць.

Цяперашнія ініцыятывы пралайфэраў у Беларусі не замінаюць уладам, у якіх цяпер адзін клопат — адкуль узяць новых падаткаплатнікаў. Уладам таксама ня трэба абортаў, а кантрацэпцыя дык увогуле іх вораг. Таму хрысьціянскія дзеячы і палітыкі могуць падзарабіць сабе сацыяльнага капіталу на растоптваньні жыцьцяў шматлікіх Таняў.

Магчымасьць зрабіць аборт застаецца, як ні дзіўна, адной з грамадзянскіх свабодаў для беларусак. Жанчына пакуль яшчэ можа сказаць «не» тым, хто навязвае ёй мацярынства. І вельмі важна пакінуць ёй гэтае права, нават калі ў выніку яно апынецца экзыстэнцыйнай памылкай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG