Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец заклікаў да масавай кампаніі салідарнасьці са стваральнікам сайта 1863x.com Эдуардам Пальчысам, больш вядомым пад псэўданімам Джон Сільвэр.
«Думаю, тут сытуацыя такая ж, як са справай рэжысэра Сянцова альбо Надзеі Саўчанкі. Грамадзяніна Беларусі ўзялі фактычна ў закладнікі расейскія спэцслужбы. Чалавека, які мае выразную патрыятычную пазыцыю, завабілі ў пастку і цяпер трымаюць у турме ў Расеі. Беларуская грамадзкасьць павінна выявіць хвалю салідарнасьці, якая б кожную дэталь гэтай справы высьвечвала і надавала ёй розгалас. Толькі ў адкрытасьці наша сіла. Мы ня можам дзейнічаць ні зброяй, ні кулюарнымі перамовамі — мы можам дзейнічаць толькі адкрытасьцю. Патрэбна паручальніцтва вядомых асобаў за гэтага хлопца. Патрэбны зварот у замежныя прадстаўніцтвы і амбасады, патрэбны кансультацыі юрыстаў практычна па кожным кроку, прычым ня проста адваката, а цэлай каманды юрыстаў, бо справа вельмі сур’ёзная. Відавочна, што расейцы проста так гэтага хлопца не аддадуць нават у беларускую турму», — мяркуе палітык.
Крымінальныя справы, заведзеныя супраць Джона Сільвэра ў Беларусі, Севярынец таксама лічыць палітычна матываванымі.
Безумоўна, гэтыя справы палітычна матываваныя. Гэтыя абвінавачаньні маюць тую ж самую вагу, як і крымінальныя справы супраць Саўчанкі ці Сянцова.
«Безумоўна, гэтыя справы палітычна матываваныя. Гэтыя абвінавачаньні маюць тую ж самую вагу, як і крымінальныя справы супраць Саўчанкі ці Сянцова. І тут гаворка ідзе пра рэакцыю беларускага грамадзтва. Калі пачаць высьвятляць, ці ён недзе неакуратна напісаў тое ці іншае слова, ці ён нешта дапусьціў — маўляў, няхай разьбіраюцца спэцыялісты, то хлопца проста там згнояць. Я лічу, што трэба рабіць масавую кампанію салідарнасьці і выводзіць гэтую справу на ўзровень знакавай. Нельга, каб беларусаў выкрадалі і судзілі пасьля ў Расеі», — падкрэсьлівае сустаршыня БХД.
Севярынец зьбіраецца правесьці 20 красавіка а 12 гадзіне ў Менску круглы стол, прысьвечаны справе Эдуарда Пальчыса.
Сёньня расейскі прапагандысцкі рэсурс «Спутник и погром» паведаміў, што Джон Сільвэр быў затрыманы 23 студзеня ў Бранскай вобласьці пры перасячэньні расейска-ўкраінскай мяжы і што яго сапраўднае імя — Эдуард Аляксандравіч Пальчыс.
Паводле інфармацыі «Спутника и погрома», Джона Сільвэра могуць судзіць у Расеі — паводле 282 артыкула Крымінальнага кодэксу РФ. Падстава для крымінальнага перасьледу Пальчыса ў РФ — дзьве ягоныя публікацыі: «Крэмль павінен быць разбураны» і «Як забіць „русский мир“» (абедзьве ўжо выдаленыя з сайта).
У Беларусі супраць Джона Сільвэра таксама распачатыя крымінальныя справы: паводле артыкула 130 ч. 1 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці) і артыкула 343 ч.2 (распаўсюджваньне парнаграфіі).