Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 добрых спраў Вітаўта Мартыненкі


Вітаўт Мартыненка
Вітаўт Мартыненка

Памёр Вітаўт Мартыненка. Наведнікаў беларускіх канцэртаў больш ня будзе сустракаць гэты трохі дзіўны беларускі рокер, які ня граў музыку, але ведаў пра яе ўсё.

Свабода склала сьпіс самых значных дасягненьняў Вітаўта Мартыненкі, якія назаўсёды застануцца з намі.

1. «222 альбомы беларускага року і ня толькі...»

Зялёны том першага энцыкляпэдычнага даведніка беларускіх музычных альбомаў разам зь Вітаўтам Мартыненкам шмат гадоў сустракаў наведнікаў на менскіх канцэртах і іншых беларускіх імпрэзах. Стваралася гэтая энцыкляпэдыя беларускага року ў супрацы зь сябрам і калегам Вітаўта, таксама музычным журналістам-крытыкам Анатолем Мяльгуем.

Кніга выйшла ў 2006 годзе. Яе склалі публікацыі розных гадоў з айчыннай і замежнай пэрыёдыкі пра кожны з музычных альбомаў.

2. «Праз рок-прызму»

Гэта яшчэ адна супольная кніга Вітаўта Мартыненкі і Анатоля Мяльгуя. Выйшла ў ЗША ў 1989 годзе, а рэдагаваў яе былы дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Ян Запруднік.

Зьявіўшыся яшчэ ў СССР, выданьне «Праз рок-прызму» было першай для Беларусі публікацыяй такога кшталту — зборнік артыкулаў і інтэрвію, падабраных адмыслова для маладых беларускіх мэляманаў. Аўтары падкрэсьлівалі супрацьстаяньне афіцыйнай ідэалёгіі і рок-музыкі.

Анатоль Мяльгуй і Вітаўт Мартыненка з кнігай «222 альбомы беларускага року і ня толькі...» ў Горадні, 2009
Анатоль Мяльгуй і Вітаўт Мартыненка з кнігай «222 альбомы беларускага року і ня толькі...» ў Горадні, 2009

3. «Rock on-line»

Гэта ўжо сольнае выданьне Вітаўта Мартыненкі, якое пабачыла сьвет у 2010 годзе.

Кніга базуецца на дакумэнтальных матэрыялах, але фактычна атрымалася ў жанры музычна-публіцыстычнага дэтэктыву, зь якога чытач даведваецца, хто забівае беларускую музыку. «Rock on-line» выйшаў невялікім накладам 500 асобнікаў і распаўсюджваўся ў прыватных крамах і на рок-канцэртах.

4. Першы ў Беларусі рок-клюб

У 1985 годзе Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй заснавалі Менскі рок-клюб «Няміга», у які ўвайшлі восем гуртоў уключна з «Мрояй».

Асноўнай дзейнасьцю рок-клюбу была арганізацыя фэстываляў. Яны праходзілі двойчы на год — у дзень народзінаў Рычы Блэкмара і ў дзень народзінаў Джымі Гэндрыкса. Клюб праіснаваў да 2003 году.

5. Перакладаў прозу, пісаў вершы

Вершы Вітаўта Мартыненкі друкаваліся ў беларускіх і замежных часопісах, перакладаліся на польскую і ўкраінскую мовы, выдаваліся ў кніжных зборніках і на кампакт-дысках папулярных рок-гуртоў.

У 2002 годзе Вітаўт выдаў у сваёй рэдакцыі з прадмовай і камэнтарамі беларускі пераклад раману Генрыка Сянкевіча «Quo Vadis».

* * *

У сваім апошнім інтэрвію на Радыё Свабода Вітаўт Мартыненка зрабіў невясёлы прагноз наконт зьяўленьня новага лідэра ў музычнай сфэры Беларусі:

«Па ўсім сьвеце ідзе тэндэнцыя поўнай адсутнасьці лідэраў. У кожнага свой лідэр. Няма такога, як некалі ад піянэра да пэнсіянэра ўсе ведалі гурт Metallica, адны любілі, іншыя ненавідзелі. Беларуская тэндэнцыя такая самая. Праблема накладаў ёсьць: на Захадзе ўжо нявыгадна рабіць прафэсійныя выданьні дыскаў. Альбомы вымерлі! Не як жанр, бо адна-дзьве песьні на год, пра якія казаў Вольскі, — гэта адсутнасьць на рынку, камусьці абавязкова захочацца ўзяць дыск. А гэтая тэндэнцыя захаваецца, пакуль не адновіцца шоў-бізнэс, які ўсіх карміў: выдаўцоў, прадаўцоў, музыкаў, журналістаў.

Ёсьць бясплатная музыка, ды яе ніхто ня хоча слухаць. Усеагульная даступнасьць робіць непатрэбнай культуру, гэта звалка дасягненьняў.

Ёсьць бясплатная музыка, ды яе ніхто ня хоча слухаць. Усеагульная даступнасьць робіць непатрэбнай культуру, гэта звалка дасягненьняў. У сьвеце нават перасталі прадукаваць Hi-Fi-апаратуру для праслухоўваньня. Слухаць музыку праз тэлефон? Гэта пародыя! Як харчавацца на звалцы замест рэстарану. Чаму б заводу „Гарызонт“ не купіць ліцэнзію, не вырабляць Hi-Fi-апаратуру і рэклямаваць: „Найлепшы гук мінулага стагодзьдзя“? Ды мэляманаў ужо няма. „— Што слухаеш? — Ну, я ня ведаю, Джымі Гэндрыкса паслухаў. — А які альбом? — Ды які альбом? 345-я песьня спадабалася, 289-я — не“. Ці стаяў прадаваў сваю кнігу, побач дзяўчынка балёнікі прадавала. Пытаю, што слухае: „Ну, я ня ведаю, уключаю „Русское радио“, што перадаюць, тое і слухаю“. Гэта стандарт! Ня трэба слухаць і разумець, слухаць і тупець атрымалася.

Лідэраў пакуль ня будзе. У кагосьці Akute, у кагосьці :B:N:, але такіх, як „Мроя“, ня будзе. На платах ужо ня будуць пісаць „N.R.M.“, а „Мроя“ пісалі. Як казаў паэт Міхась Скобла: беларуская культура ў стадыі балотнага агню, яна назапашвае патэнцыял, ды яе няма, ціхае балота».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG