Фігура «барда» часта абмежаваная мовай, бо тэкст у гэтым жанры звычайна мае прыярытэт над музыкай. Чэх Карэл Крыл тут не выключэньне, але ў гэтым выпадку моўны бар’ер — хай сабе і ня надта высокі — асабліва крыўдны. Песьні Крыла з часу «нармалізацыі» пасьля ўварваньня ў Чэхаславаччыну войскаў Варшаўскай дамовы нібы здалёк сьведчаць пра ненармальнасьці цяперашняга беларускага часу.
«Як званочкі на каровах гучаць старонкі памфлетаў. Можна дайсьці да канца, быць статкам Гамлетаў» — радкі зь песьні Rakovina (Рак) з аднайменнага другога альбому сьпевака. Вобраз хваробы Крыл скарыстаў як мэтафару таго, што адбывалася ў чэскім грамадзтве пад акупацыяй.
Гэты альбом у Чэхаславаччыну завозілі ўжо кантрабандай з-за мяжы, а сам сьпявак, якому пагражала турэмнае зьняволеньне, папрасіў палітычнага прытулку ў Заходняй Нямеччыне, куды паехаў выступаць на фэстывалі ў Вальдэку. У эміграцыі ён доўгі час працаваў у чэхаславацкай рэдакцыі Радыё Свабодная Эўропа.
Ужо першы альбом Крыла, Bratříčku, zavírej vrátka (Братка, зачыняй брамку) выйшаў пад акупацыяй і пазьней быў забаронены. Загалоўную песьню з альбому ён напісаў на наступны дзень пасьля савецкага ўварваньня ў Чэхаславаччыну.
Але хоць Крыл зрабіўся найбольш вядомы менавіта як аўтар «песень пратэсту», найлепшымі ў яго мне падаюцца лірычныя творы, такія як «Саламея» з дэбютнага альбому.
Увогуле, Крыл нярэдка выкарыстоўваў у сваіх песьнях рэлігійныя матывы — часам далікатна, а часам плякатна. Невядомы салдат у яго ўпэўнена кажа афіцыйным дэлегацыям на сваёй магіле: «Пляваў я на вашыя сьцягі! Я хацеў сьвятара!» А ў песьні «Дык вы ўжо тут» Крыл зьвяртаецца да савецкіх вайскоўцаў як да «братоў з Каінавай крывёю» і завяршае радкамі па-расейску: «Большое вам спасибо, братья-захватчики! Спасибо большое, никогда не забудем!»
Але і пасьля перамогі «аксамітнай рэвалюцыі» ў песьнях Крыла застаецца крытыка палітыкаў і палітыкі. Седзячы аднойчы ў праскім шынку, я выпадкова пачуў, як песьня Крыла па радыё выклікала размову пажылых наведнікаў:
— Памятаеш, як Карэл сюды хадзіў?
— Ага. Але зь ім цяжка было, надта ўжо датклівы быў дзядзька. Ён і на гэтай сваёй Свабоднай Эўропе шмат з кім перасварыўся.
— Ну так, тонкая скура была ў чалавека.
Карэл Крыл памёр ад сардэчнага прыступу ў 1994-м — сёлета 12 красавіка яму магло б споўніцца 72 гады.