Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам расхацелася ў Расею


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Мой сябра адвеку прагнуў, каб яму не прыходзілася выбіраць. Баяўся ён не самога працэсу выбару, але наступстваў, іншымі словамі, адказнасьці за свой выбар, перакладаючы гэтую адказнасьць на каго заўгодна. На жонку, на дзяцей, на тэлевізар.

Ён як агню баяўся і баіцца ўсякіх праблемных дэманстрацый, мітынгаў і г.д. Аднойчы, у 2010-м, паверыўшы ў нейкую адлігу, ён прагаласаваў за няўладнага кандыдата і калаціўся пасьля паўгода, баючыся, што пра гэта дазнаюцца й наробяць яму шкоды.

У нашых размовах пра палітыку ён быў відавочным скептыкам. Пра Эўропу выказваўся з сарказмам і сьцёбам, паўтараючы штампы БТ. Ягоным акопам, дзе ён хаваўся ад усіх праблем, была дача. Калі мы ў лазьні краналі нейкія тэмы па-за межамі нашага краю, то зазвычай ён згадваў Расею, бо там засталіся такія-сякія сваякі, да якіх ён час ад часу наяжджаў у «сталіцу нашай родзіны Маскву».

Усё гэта так ці іначай праходзіла перад вачыма дзяцей. Але час ішоў і падкраўся крызіс. Перад меркаваным ваяжом да сваякоў забунтавала жонка. Прамовіўшы: гары яно гарам, – сабрала грошы, што адкладалі на нейкі чарговы халадзільнік-тэлевізар і рванула ў Парыж. Пасьля іх дачку-выпускніцу я аднойчы са зьдзіўленьнем пабачыў на мітынгу на Дзень Волі. Перакінуліся некалькімі словамі, я спытаў пра ўражаньні:

– Сумнавата, дзьвіжухі мала, – прамовіла чалец школьнай арганізацыі БРСМ.

Сын, як і мае быць, даў нырца ў кампутарную галіну і інтэрнэт. Таксама чалец школьнай арганізацыі БРСМ, днём схадзіў, загнаны школьным ідэолягам, на сустрэчу нейкага высокага госьця Саюзнай дзяржавы на Пляц Перамогі з ганаровай вартай БРСМ, а вечарам папаўся там жа мянтам, бо, кульнуўшы «сухарыка», смажыў сасіскі на вечным агні.

Час ішоў. Жонка, выбіраючы, куды ехаць на адпачынак, зараз ня хоча чуць ні пра якіх расейскіх сваякоў.

– Ясна, зьезьдзіўшы ў Парыж, – крыўдуе сябра.

Дачка, выкарыстаўшы льготы чальца інстытуцкай арганізацыі БРСМ, завяла сваю невялікую справу і пабралася з надзейным і грашовым зубапратэзным парабкам. Пачынаючы ад несаўковага, вельмі густоўна аформленага вясельля да сёньня аб'езьдзіла палову Эўропы. Сын знайшоў паненку з Ін'яза, якая навучае яго ня толькі замежным мовам, але й складае падарожжы, таксама, вядома, не да расейскіх сваякоў. Усё гэта адбывалася цягам дзесяці-пятнаццаці апошніх гадоў. Ні да якіх «Маладых Фронтоў» ці «Маладых грамад» яны й блізка не падыходзілі. Зараз ім паміж дваццацьцю й трыццацьцю.

Звычайная сям'я сьлесара завода «Гарызонт».

Іншая гісторыя. Мая сваячка, дырэктарка кніжнае крамы, за трыццаць гадоў. Слухае расейскую папсу і глядзіць іхныя сэрыялы. Гадоў дзесяць езьдзіла на адпачынак у Крым. Процьма тамтэйшых знаёмых, наладжаны маршрут, танны й душэўны адпачынак. У размовах за сталом бараніла крымчакоў ад украінскай улады. Цяпер Крым пад акупацыяй, ехаць адпачываць наладжаным маршрутам нельга. Пракляўшы (увага!) не ўкраінцаў, але маскалёў, праклала сабе маршрут у Румынію-Баўгарыю-Турцыю.

Пры ўсім тым яе выхоўвала маці – без гістэрыкі, але жалезная пабытовая прыхільніца беларускае сацыяльнае мадэлі. Эўропы – ня трэба, галасаваць – за Луку, Дзень гораду – канцэрт, Новы Год – Савецкае шампанскае і аліўе.

І такіх гісторый процьма.

Да чаго я гэта пішу? Мяне зусім не зьдзіўляюць вынікі апытаньня НІСЭПІ, дзе раптам аказалася, што беларусам у Расею ня хочацца. Пры ўсёй прапагандзе й сыстэмных дзеяньнях, накіраваных на адрыў ад цывілізаванага сьвету, пакаленьне, на якое была накіраваная ўся гэтая махіна, па сутнасьці спакойна сабе, па драбінцы, крок за крокам выбірае цывілізацыю. Па-беларуску так, ціхай сапай, але кіруе на Захад. Як той казаў, арэлі гайдануліся ў наш бок. Папулярнасьць розных курсаў мовы, вышымайкі, беларусізацыя рэклямнага рынку і беларускага спорту. Нарэшце вяртаюцца студэнты-«каліноўцы» і робяць важкія заявы, што іх пакаленьне «скончыць ганаровую справу – будаўніцтва незалежнай краіны».

Днямі на адной з сустрэч у Вільні абмяркоўвалі гэтую тэму з Алегам Трусавым. Ягоная думка такая: трэба яшчэ гадоў дзесяць-пятнаццаць, каб аформілася й падышло наступнае пакаленьне, якое канчаткова вырашыць пытаньне на нашую карысьць. Трэба захаваць статус-кво. Любым коштам, не скаціцца да ўкраінскага сцэнара, бо да вайны на фізычнае вынішчэньне мы не падрыхтаваныя ні маральнай, ні тэхнічна. Бадай, можна зь ім пагадзіцца.

Нядаўна, мой сябра асьцярожна пацікавіўся ў мяне наконт атрыманьня шэнгенскай візы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG