Даўно заўважыла: варта згадаць нейкі непрыемны выпадак з працоўных будняў, зьвязаны зь дзіцячымі паводзінамі, выказаць нейкую незадаволенасьць, як у цябе адразу кінуць каменем — ты кепскі пэдагог, бо не любіш дзяцей. І яшчэ параяць зьмяніць прафэсію, або ачысьціць аўру, якая ў цябе, натуральна, зацемненая.
Сапраўдныя прынцэсы, як нам вядома, не спраўляюць натуральных патрэбаў.
Сапраўдныя прынцэсы, як нам вядома, не спраўляюць натуральных патрэбаў. А сапраўдныя пэдагогі не крытыкуюць сваіх выхаванцаў і вучняў. Яны безумоўна любяць дзяцей і ва ўсіх іхніх праявах бачаць сама меней боскую пячатку. Нават калі гэтыя дзеці ператвараюцца ў сапраўдных д’яблаў. Але і тут адказнасьць цалкам на пэдагогу: маўляў, не навучыў і не зацікавіў.
Ці люблю я дзяцей? Я люблю назіраць за тым, як яны растуць і разьвіваюцца, люблю дзяліцца зь імі сваімі ведамі. Люблю адкрываць у іх новыя здольнасьці і таленты. Люблю, калі яны пасьля прагляду мультфільма «Чарадзейная флейта» трапляюць у опэрны тэатар і распавядаюць, як вучылі сваіх бацькоў, хто такая Каралева ночы. Люблю, калі яны з захапленьнем сьпяваюць новыя песьні па-беларуску, або навучаюцца адстукваць на барабане просты рытм. Калі ходзяць па садку, выгукваючы «We will we will rock you», пачутае дома. У гэтым шмат забаўнага і да сьлёз кранальнага.
Я люблю, калі пасеянае мной дае парасткі, а яшчэ болей — калі самі дзеці ўзбагачаюць мяне.
Аднойчы ў дзіцячы садок, дзе я працую, трапіў не зусім звычайны хлопец. Ён быў у нас часова, на летні пэрыяд, а ўвосень меўся ісьці ў школу. Хлопец спачатку быў непаслухмяным і нязручным, бо рабіў толькі тое, чаго хацеў, але ж пры гэтым выдатна спраўляўся з заданьнямі на творчасьць і імправізацыю. Не адразу ён адчуў мяжу: вось тут можна як хочаш, а тут — як трэба.
Шасьцігадовы хлопец няблага арыентаваўся ў пантэоне грэцкіх багоў і ведаў, якія подзьвігі зьдзейсьніў Геракл.
Зрэшты, праз пэўны час ён стаў мяне слухацца, а аднойчы мы разгаварыліся зь ім... пра антычную міталёгію. Шасьцігадовы хлопец няблага арыентаваўся ў пантэоне грэцкіх багоў і ведаў, якія подзьвігі зьдзейсьніў Геракл. Мне давялося напружыць памяць, каб падтрымаць размову, але гэта было выдатна. Ён гадзіны паўтары хадзіў за мной па пятах і выпытваў пра Афрадыту і Афіну, Зэўса і Пасэйдона, лернэйскую гідру і Аўгіевы стайні.
Я размаўляла з роўным, а ў патэнцыяле — лепшым, разумнейшым і адукаванейшым за мяне. Хацелася пашырыць яго веды, даць нешта яшчэ. На жаль, я не пасьпела паказаць яму дыснэеўскі мультфільм з сэрыі «Фантазія», дзе пад музыку Шостай сымфоніі Бэтховэна разыгрываюцца сцэны з жыцьця гары Алімп. Я толькі ў думках пазайздросьціла яго будучым настаўнікам і пажадала, каб яны не задушылі такую яркую індывідуальнасьць.
Ня кожнае дзіця здольнае ўзбагаціць свайго настаўніка ці хаця б узяць у яго веды ў гатовым выглядзе.
Ня кожнае дзіця здольнае ўзбагаціць свайго настаўніка ці хаця б узяць у яго веды ў гатовым выглядзе. Разьвіваць і вучыць можна толькі тых, хто да гэтага гатовы. Калі ж дзіця настроенае толькі на задавальненьне сваіх прыхамацяў, якія мяняюцца кожныя дзьве сэкунды, то ніводны пэдагог не навучыць яго любіць Моцарта і антычную міталёгію.
Рыхтуе да ўспрыманьня ведаў не садок і ня школа — рыхтуе сям’я. І добра, калі яна дапамагае, або, прынамсі, не замінае. Калі ж у машыне любімага таты гучыць толькі расейская папса, а любімая мама цэлымі днямі глядзіць сэрыялы, то якая там Шостая сымфонія Бэтховэна?..
Пэдагог любіць тых, хто хоча ўзяць яго веды і досьвед, а іначай ён не пэдагог, а клоўн-аніматар, пастух або наглядчык.
Дык ці люблю я дзяцей? Люблю, але ня ўсіх. Пэдагог любіць тых, хто хоча ўзяць яго веды і досьвед, а іначай ён не пэдагог, а клоўн-аніматар, пастух або наглядчык. Зрэшты, з дарослымі тое ж самае. Вось вы любіце п’янага, які абкладвае вас мацюкамі на вуліцы? Думаю, вы яго баіцеся і пастараецеся трымацца ад яго падалей, а калі ён створыць для вас небясьпеку, то выклічаце міліцыю.
Пад выглядам «любові да дзяцей» можна схаваць і няўменьне вучыць, і ўласныя псыхалягічныя праблемы, і банальнае выпрошваньне падзякаў ад бацькоў.
Насамрэч пад выглядам «любові да дзяцей» можна схаваць і няўменьне вучыць, і ўласныя псыхалягічныя праблемы, і банальнае выпрошваньне падзякаў ад бацькоў. Але мы, на жаль, так стаміліся жыць у атмасфэры прыгнёту і шчырай нянавісьці, што шукаем у пэдагогаў любові замест прафэсіяналізму. А яшчэ мы перакананыя, што настаўнік — гэта сама меней чарадзей, які зробіць з дзіцем цуд без падтрымкі бацькоў ці нават насуперак ім.
Адна мая калега сказала: «У мяне ў праграме не напісана пра любоў да вашых дзяцей». Можна спрачацца наконт яе прафэсіяналізму і ўменьня камунікаваць, але ж па сутнасьці яна мае рацыю. У праграме ў нас толькі пра разьвіваць, фармаваць і выхоўваць, а любоў — зьява суб’ектыўная.