Кіраўнік СЗАТ «Сэрвалюкс» Яўген Баскін, затрыманы КДБ 15 сакавіка, сёньня пераведзены пад хатні арышт. Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік прэс-службы Камітэту дзяржбясьпекі Беларусі Дзьмітры Пабяржын.
Паводле яго, такое рашэньне было прынята «ў сувязі з наноў адкрытымі акалічнасьцямі».
Партал TUT.BY, са спасылкай на ўласныя крыніцы, піша, што Баскін кампэнсаваў суму шкоды, якая яму інкрымінавалася, — 370 млрд беларускіх рублёў.
Агулам па справе акцыянэрнага таварыства «Сэрвалюкс» разам з Баскіным былі затрыманыя 15 чалавек. Лёс іншых затрыманых пакуль невядомы.
Разам з тым працягваюцца крымінальныя справы супраць канкурэнтаў Баскіна — «Біякаму» Андрэя Паўлоўскага і «Консула» Віктара Раўкова і братоў Гільманаў, а таксама супраць дырэктаркі Віцебскай бройлернай фабрыкі Ганны Шарэйкі.
Таксама нядаўна быў затрыманы, як паведамляюць СМІ, сябра Баскіна Юры Чыж. Баскін, у прыватнасьці, быў на вясельлі сына Чыжа.
Баскін значыўся пад нумарам 6 у топе беларускіх пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў за 2016 год «Ежедневника». Чыж жа ў тым топе займаў толькі 12 месца, хоць у 2013-м меў першае.
«Сэрвалюкс» Баскіна — гэта гандлёвыя маркі мяса птушкі «Пятруха», «Браты Грыль» і «Курасельскія», малочных прадуктаў «Кубышка» і сыроў Landers, лінейка кармоў «ЛактЭКА», сетка з 40 крамаў «Квартал смаку», фабрыка інкубацыйных яек і куранятаў, дзьве фабрыкі па вырошчваньні і перапрацоўцы мяса птушкі, два заводы камбікармоў, адзін мясакамбінат і адзін малаказавод. Кампанія трымае 30% рынку мяса птушкі ў Беларусі, яе бізнэс у апошнія гады рос.