«Гэтыя асобы КДБ вядомыя, у дачыненьні да іх праводзіцца праверка», — сказаў Радыё Свабода прэсавы сакратар КДБ Дзьмітры Пабяржын.
Паводле прэсавага сакратара, яны ўраджэнцы Беларусі.
Раней расейскія мэдыярэсурсы распаўсюдзілі інфармацыю, што да тэрактаў у Бэльгіі датычныя браты зь Беларусі Іван і Аляксей Д. а таксама «іхны суайчыньнік» Марат Ю.
Дзьмітры Пабяржын заявіў Радыё Свабода, што прэсавая служба не валодае інфармацыяй, ці знаходзяцца дадзеныя асобы на тэрыторыі Беларусі.
Раней паведамлялася, што расейскія спэцслужбы перадавалі ўладам Бэльгіі інфармацыю пра падрыхтоўку атакі трыма баевікамі ІДзІЛ, сярод якіх двое братоў зь Беларусі. Нібыта Іван і Аляксей Д. у суправаджэньні суайчыньніка Марата Ю. выехалі ў Бэльгію пры канцы лютага. Адзначаецца, што браты маглі раней далучыцца да атраду тэрарыстаў у Сырыі і, прайшоўшы баявую падрыхтоўку, вылецелі ў ЭЗ.
Выбухі ў аэрапорце і мэтро Брусэля здарыліся 22 сакавіка. Вядома, што ў аэрапорце загінулі 13, а ў мэтро 15 чалавек. Не выключаецца, што сярод іх і тэрарысты-сьмяротнікі. Параненых дзясяткі.